«Не вінаватая». У Менску прайшла акцыя ў падтрымку жанчын, якія перажылі хатні гвалт


8 сакавіка, Дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за роўныя правы, паступова страчвае свой сэнс, ператварыўшыся ў самы прыбытковы дзень для продажу кветак. Актывісты ў больш чым дзесяці гарадах Расеі і Беларусі вырашылі нагадаць пра сэнс гэтага свята і арганізавалі фестываль «Не вінаватая» з мэтай прыцягнуць увагу да праблемы хатняга гвалту. У Менску фестываль праходзіў у прасторы Lo-Fi customs, на якім збіралі грошы для падтрымкі прытулку для жанчын «Радзіслава».

Як пазбегнуць канфлікту, нанесці траўму агрэсару і пры гэтым не пацярпець ад недасканаласці беларускага заканадаўства

У межах менскай акцыі прайшлі адукацыйныя імпрэзы, лекцыі, канцэрты, а таксама майстар-клас па самаабароне для жанчын KravMaga. Мэтай трэнінгу было змадэляваць псіхалагічны стан у сітуацыі нападу або спробы нападу і выпрацаваць стрэсаўстойлівасць.

Ёсць стэрэатып: самаабарона – гэта для мужчын, то бок для тых, хто знаходзіцца ў больш агрэсіўным асяроддзі. Аднак у сучасным свеце стаць ахвярай гвалту з боку іншага чалавека больш рызыкуюць менавіта жанчыны. Інструктар Ілля Мурашка распавёў пра спосабы пазбегнуць канфлікту, як нанесці траўму агрэсару і пры гэтым не пацярпець ад недасканаласці беларускага заканадаўства.

Інструктар Ілля Мурашка

– KravMaga – гэта спалучэнне наступальнага і абарончага руху. Асноўная мэта – нейтралізаваць пагрозу і як мага хутчэй выйсці з небяспечнай сітуацыі. Існуе распаўсюджаная памылка лічыць, што ў выпадку гвалту ахвяра не павінна супраціўляцца, каб захаваць жыццё. На самай справе вы павінны супраціўляцца, бо гэта можа выратаваць вам жыццё. Вядомая гісторыя пра Бостанскага Душыцеля, які згвалціў больш за трыста жанчын. Але не ўсе яго напады былі ўдалымі. Даказана, што нават пры малых спробах супраціву Бостанскі Душыцель сыходзіў. Гэта трэба ведаць і памятаць. Гвалт – гэта не толькі фізічная, але і цяжкая псіхалагічная траўма, – кажа Ілля Мурашка.

Шанцы нарвацца на маньяка-забойцу значна ніжэй, чым на п’янага знаёмага на сустрэчы выпускнікоў. Часцей за ўсё гвалтаўнік і ахвяра – знаёмыя. А самае папулярнае месца згвалтавання – кватэра ахвяры. У выпадку гвалту ў сямʼі, ахвяры часцей за ўсё не прызнаюцца і не атрымліваюць падтрымку праваахоўных органаў. Калі і існуе пакаранне, то гэта штраф, які кладзецца на сямейны бюджэт.

Выбудаваць межы, навучыцца крычаць, казаць выразна і гучна – усё гэта апынулася адным з самых складаных прыёмаў для ўдзельніц майстар-класу

Падчас майстар-класу паказалі спосабы процідзеяння нападу: тэхнікі ўдару, вызваленне ад захопаў, выкарыстанне падручных сродкаў. Але першым урокам стала мадэляванне сітуацыі і спосабы пазбягання канфлікту: падняць рукі перад сабой, адыйсці назад, даць зразумець, што вы не жадаеце працягваць размову з агрэсарам. Выбудаваць межы, навучыцца крычаць, казаць выразна і гучна – усё гэта апынулася адным з самых складаных прыёмаў для ўдзельніц майстар-класу.

Уменне пазбегнуць большасці канфліктаў – гэта ў значнай ступені псіхалагічная падрыхтоўка і моцныя нервы. У выпадку ўзнікнення сітуацыі, якая пагражае жыццю і здароўю, дзейнічаць трэба ў адпаведнасці з узроўнем небяспекі. Сілавыя метады варта ўжываць толькі тады, калі ўсе астатнія сродкі ўжытыя. А калі сітуацыя непазбежная, то амаль усе прадметы, якія будуць пад рукой, можна выкарыстоўваць для абароны.

Уменне пазбегнуць большасці канфліктаў – гэта ў значнай ступені псіхалагічная падрыхтоўка і моцныя нервы

Па апошнім сацыялагічным даследаванні па распаўсюджанасці гвалту ў адносінах да жанчын, які правёў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі ў 2018 годзе, кожная другая беларуска хоць бы аднойчы падвяргалася таму ці іншаму віду гвалту. Па даследаваннях 2014 года, кожная трэцяя беларуска была ў сітуацыі хатняга гвалту. Па сучасным заканадаўстве, агрэсар можа быць пакараны, калі трагедыя ўжо адбылася.

ЛП, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў