«Не важна, каго сёння абяруць. Перамены ўсё роўна непазбежныя». Як праходзіць галасаванне ў Магілёве


У асноўны дзень галасавання 9 жніўня ля выбарчых участкаў у Магілёве вялікі паток людзей. І так ад самага ранку, пацверджваюць назіральнікі. Апошнія стаяць амаль ля кожнага ўчастку па некалькі чалавек.

Магілёвец з белай стужкай на выбарчым участку ў Магілёве. Фот belsat.eu

Маскі на людзях можна заўважыць нашмат часцей, чым белыя стужкі на руках. Але гэта не паказчык – першая ж пара выбарнікаў, якую мы сустрэлі, прыйшла на ўчастак у сродках індывідуалтнай абароны і без белага бранзалету, але галасавала «супраць яго».

«Ну што, сфатаграфавала?» – Запытвае муж жонку пасля выхаду з участку. «Я таксама!» – кажа мужчына ў маске. – «Як думаеце, Лукашэнка ўжо павіншавалі з перамогай? І што ён будзе далей рабіць? Як нам жыць гэтыя 5 год? Ён жа ўсе законы пад сябе перапіша!» – мужчына вельмі ўзрушаны і таму выказваецца рытарычнымі пытаннямі.

Буфет на выбарчым ўчастку ў Магілёве. Фота belsat.eu

На першым участку №142, куды завітала карэспандэнтка belsat.eu кабінкі былі са шторкамі, але выбарнікам не дазвалялі ставіць сённяшнюю дату ў графе побач з подпісам. Назіральнікі кажуць, што гэта парушэнне і такім чынам могуць павялічыць яўку датэрміновага галасавання.

На суседнім участку №138 народу яшчэ болей. Перад нашымі вачыма рызыгрываецца проста неверагодная сцэна: міліцыянт у святочнай форме выносіць за тэрыторыю навучальнай установы стул і аддае яго назіральніку, які стаіць пад дрэвам.

«Я сам быў здзіўлены. Ужо трохі напружыўся, калі ўбачыў, што міліцыянт ідзе да мяне. Але ён прынёс мне стул са словамі, што мне ж тут цэлы дзень быць! Я здзіўлены, гэта цалкам адэкватны і прыемны міліцыянер, не такі, як тыя, хто сёння будзе хапаць людзей! – падзяліўся ўражаннямі назіральнік.

Выбарчы ўчастак у Магілёве, выбары, выбары 2020, урна, галасаванне

Ён прадставіўся Паўлам і сказаў, што афіцыйна зарэгістраваны назіральнікам на гэтым участку. Але так ні разу і не патрапіў на яго, і нават у дзень галасавання вымушаны стаяць паза тэрыторыяй.

«Камісія прыпісала яўку 43% на датэрміновым галасаванні. А сёння так актыўна ідуць людзі, што я хвалююся, каб у іх 110% ці яшчэ болей не атрымалася ў выніку», – сказаў Павел.

Спіс кандыдатаў у прэзідэнты. 9 жніўня. Фота belsat.eu

Выбарнікі, якія выходзілі з участку, акрыўна абмяркоўвалі хаду галасавання. Мужчына з маскай на руцэ, калі заўважыў нас, падняў руку ўгару і паказаў на пальцах знак перамогі. А вось сталая жанчына, якая ішла адна, зрабіла іншы выбар: «Я за стабільнасць. Вы мяне зразумелі! Няхай моладзь кажа, а я ўжо нічога не кажу».

На трэцім участку №132 паток выбарнікаў не зменшыўся. Малады мужчына, які ішоў у кампаніі жонкі і двух дзяцей, яшчэ не галасаваў, бо гэта не ягоны ўчастак. Але пацвердзіў свой намер абавязкова зʼездзіць і прагаласаваць.

«Настрой такі, што ад майго голасу нічога не зменіцца. Я думаю, што Лукашэнка намалююць 65%. Плюс бачу, што за яго яшчэ сапраўды галасуюць людзі. Я на днях быў у Александрыі: там ужо ўсе прагаласавалі даўно. Але ведаю шмат людзей, якія дакладна не за яго. Прычым яны настроеныя вельмі сурʼёзна, нават гатовыя зʼехаць з Беларусі, калі зноўку будзе Лукашэнка.

Вось мой аргумент супраць дзеючай улады: у мяне вада ў басейне месяц пастаяла і ўсё – трэба мяняць. Так і з уладай – трэба паток, трэба мяняць. І яшчэ: не важна, каго сёння абяруць, перамены ўсё роўна непазбежныя!» – сказаў малады мужчына.

Выбарчы ўчастак у Магілёве. Фота belsat.eu

Пакуль мы хадзілі паміж участкамі, да нас часта звярталіся людзі. Малады чалавек на вуліцы спытаў, ці ёсць у нас інтэрнэт, бо ў яго «ўжо знік». А бабуля на прыпынку распавяла сваю гісторыю.

«Мая сяброўка сёння чакала пляменнікаў з Менску. Яны не змаглі выехаць, іх проста не выпусцілі са сталіцы!» – сказала бабуля і нагадала, што хутка і інтэрнэт выключаць.

Выбарчы ўчастак у Магілёве, выбары, выбары 2020, урна, галасаванне

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў