«Не сёння, дык заўтра могілкі пойдуць пад бульдозер». Дзе беларусам хаваць хатнюю жывёлу?


Могілкі для хатніх гадаванцаў у Беларусі дагэтуль па-за законам. Тым не менш, яны ўзнікаюць – стыхійна, у абыход забароны. Belsat.eu сабраў гісторыі такіх пахаванняў.

«Заварочваюць у анучку і вывозяць у бліжэйшы лес»

Першыя могілкі хатніх любімцаў у лесе, на ўскрайку маладога мікрараёну Заходні у Бабруйску з’явіліся каля дзесяці гадоў таму. За гэты час месца пахаванняў сур’ёзна разраслося. Тут можна пабачыць як маленькія шыльдачкі з мянушкай хатняга гадаванца на магільных узгорках, так і вялікія, амаль як для чалавека, помнікі з граніту.

Стыхійныя могілкі для жывёлы ў Бабруйску

Тут пахаваныя два сабачкі старшыні Бабруйскага таварыства абароны жывёлы «Дабрадзейнасць» і дырэктара аднайменнага прытулку для жывёлы Ірыны Кавалеравай. Ірына і ейная арганізацыя даўно спрабуюць звярнуць увагу на праблему могілак на гарадскім узроўні. Некалькі гадоў таму былі перамовы з уладамі, здавалася, вось-вось – і лёд кранецца, тагачасны старшыня гарвыканкаму абяцаў у хуткім часе стварыць першыя ў Беларусі легальныя могілкі для хатняй жывёлы. Але час прайшоў, старшыня трапіў за краты за хабар, на ягонае месца прыйшоў іншы чалавек. Цяпер, як сцвярджае спадарыня Кавалерава, у выканкаме пытанне могілак увогуле не падымаецца.

На праблему могілак для хатніх гадаванцаў даўно спрабуюць звярнуць увагу на рэспубліканскім узроўні

«Сёння гэта адзінае месца ў горадзе, куды чалавек можа прыйсці наведаць свайго любімца, пакласці тую самую костачку, узгадаць, паразмаўляць, – кажа Ірына пра стыхійныя бабруйскія могілкі. – Ні на гарадскім, ні на рэспубліканскім узроўнях усё, што датычыць жывёлы, у нас не хочуць змяняць».

Ірына Кавалерава апасаецца, што калі горад захоча далей разбудоўваць мікрараён, то на могілкі глядзець ніхто не стане, і «не сёння, дык заўтра яны пойдуць пад бульдозер».

За незаконнае пахаванне жывёлы прадугледжаны вялікі штраф

Паводле гарадскога генплана на бліжэйшыя гады, тэрыторыя мікрараёну сапраўды будзе пашырацца. У непасрэднай блізкасці да цяперашніх могілак паўстануць таўнгаўсы. А там, дзе сёння бабруйчане хаваюць хатніх гадаванцаў, запланаваная зялёная зона. Таму зразумела, што як толькі працы пачнуцца, могілкі апынуцца пад пагрозай.

Ірына Кавалерава нярэдка сутыкаецца са смерцю жывёлы ў сваім прытулку.

«Бывае, да нас паступаюць шчанюкі з энтэрытам. Тады ідзе ланцуговая рэакцыя. Амаль усе шчанюкі, якія былі ў кантакце з хворым, загінуць, – распавядае дырэктарка «Дабрадзейнасці». – Таксама сабакі паміраюць па ўзросце. І куды іх тады? Калі мы станем іх хаваць на гэтых стыхійных могілках, яны як чалавечыя пачнуць расці, з гэткай жа хуткасцю. Таму здаём у «Спецаўтапрадпрыемства» ў лядоўню. Далей яны ўтылізуюць. Але хатнюю жывёлу туды ніхто не павязе. У выніку людзі закопваюць сваіх хатніх гадаванцаў пад балконам, нехта заварочвае ў анучку і вывозіць у бліжэйшы лес. Але ж гэта не выйсце з сітуацыі».

Хутка ў непасрэднай блізкасці да цяперашніх могілак паўстануць таўнгаўсы

За незаконнае пахаванне жывёлы – штраф да 2550 рублёў

Нягледзячы на тое, што пахаванні жывёлы незаконныя, рытуальныя фірмы вырабляюць помнікі, памятныя шыльды – усё, што пажадае кліент.

«У нас даволі часта замаўляюць помнікі для жывёлы, – распавядае супрацоўніца адной з бабруйскіх фірмаў рытуальных паслуг. – Кошты розныя, у залежнасці ад таго, чаго хоча замоўца. Шыльдачка будзе каштаваць каля 50 рублёў. Помнікі пачынаюцца ад 230 рублёў. Можна фотаздымак жывёлы зрабіць, напісаць мянушку, яшчэ нешта».

На Бабруйскім дзяржаўным прадпрыемстве рытуальнага абслугоўвання адразу кажуць, што пахаванні жывёлы ў нас – незаконныя. Каб легальна паставіць помнік, добраўпарадкаваць магілу, патрэбны дазвол ад «Дзяржрытуала». Але на жывёлу такі дакумент не даецца. Таму і ўсталяванне помнікаў – незаконнае.

Нягледзячы на тое, што пахаванні жывёлы незаконныя, рытуальныя фірмы вырабляюць помнікі, памятныя шыльды – усё, што пажадае кліент

«Могілкі каля мікрараёну Заходні – стыхійныя. Санстанцыя не дае дазволу на іх афіцыйны статус», – тлумачаць на прадпрыемстве рытуальных паслуг.

У Бабруйскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі спасылаюцца на выканкам – маўляў, рашэнне прымаецца там, а санстанцыя толькі за тое, каб нарэшце цывілізавана вырашыць праблему.

«Выканкам мусіць выдзеліць зямлю пад пахаванні, забяспечыць дзейнасць арганізацыі, якая будзе абслугоўваць могілкі, – тлумачыць супрацоўніца аддзелу камунальнай гігіены. – Дагэтуль пытанне з могілкамі для жывёлы адкрытае. Не распрацаваныя нейкія нарматыўныя дакументы па размяшчэнні ў горадзе такога абʼекта».

Паводле беларускага заканадаўства, удакладняе адмыслоўца, а менавіта – ветэрынарна-санітарных правілаў «Пра дадатковыя меры па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюду афрыканскай чумы свінняў і іншых небяспечных захворванняў жывёлы», трупы жывёлінаў мусяць быць утылізаваныя на палігонах цвёрдых бытавых адкідаў, дзе ёсць адмысловыя біятэрмічныя ямы для абеззаражваня. Згодна з гэтым дакументам, нельга выкідваць памерлую жывёлу ў вадаёмы, балоты, лясныя масівы, кантэйнеры для збору бытавога смецця. За парушэнне патрабаванняў прадугледжаныя штрафы: да 50 базавых для фізічнай асобы (1275 рублёў), да 100 базавых – для ІП (2550 рублёў).

Могілак для жывёлы ў Беларусі няма. Але дзе ж тады хаваць хатніх гадаванцаў?

У Менску адзіная арганізацыя, якая мае права хаваць жывёлу (у санітарных ямах) – «Фаўна гораду». Паслуга гэтая платная: за прыняцце трупа – 6,02 руб., за пахаванне – 4,5 руб. за кілаграм, за крэмацыю – 3,24 руб. за кілаграм. На Бабруйскім Спецаўтапрадпрыемстве кошт за ўтылізацыю да 1 кг – 4,09 руб., за кожны наступны кілаграм – яшчэ па 5 капеек.

Экапахаванне: дрэва ў памяць пра хатняга гадаванца

Галоўны лекар ветэрынарнай клінікі «Энімалз» у Бабруйску Кацярына Качанава згодна, што праблему з могілкамі трэба тэрмінова вырашаць.

«Там хаваюць жывёлу ў розным стане, у тым ліку – з інфекцыйнымі захворваннямі. А гэта, лічы, праз дарогу ад новага мікрараёну, у гэты лес людзі ходзяць адпачываць. Гэта небяспечна», – зазначае ветэрынар.

Шыльдачка каштуе каля 50 рублёў, кошт помнікаў пачынаюцца ад 230 рублёў

На думку спадарыні Качанавай, найлепшым выйсцем магла б быць крэмацыя. Пакуль што такая магчымасць ёсць толькі ў Менску. Прапаноўваюць крэмацыю некалькі фірмаў. Прах можна забраць з сабой у адмысловай шклокерамічнай вазе. Інакш яго проста развейваюць. Кошт крэмацыі залежыць ад вагі жывёлы і дадатковых паслуг. Гэтак, крэмацыя жывёлы да 15 кг будзе каштаваць 60-70 рублёў, калі прах не вяртаецца, ці 120-140 рублёў, калі прах вяртаюць у пластыкавым кантэйнеры. Ёсць у фірмаў і цікавыя экалагічныя прапановы. Напрыклад, пасадзіць дрэва ў памяць пра любімца. Для гэтага трэба набыць адмысловы набор з насеннем пэўнага дрэва, а падчас пасадкі разам з насеннем пакласці ў зямлю прах. Дадатковая паслуга каштуе яшчэ 20 рублёў – такі ж кошт і за рытуальную вазу.

Кацярына Міхальчык, фота аўтара/Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары