«Не стала першай лэдзі». Што вядома пра Дар’ю Шманай - шматгадовую памочніцу Лукашэнкі


Іх з Лукашэнкам бачылі разам на замежных перамовах, на ўрачыстасцях, на лыжні і нават за зборам картоплі. Афіцыйна яна працавала ў службе пратаколу, але ён сам намякаў на больш шчыльныя стасункі з гэтай дзяўчынай. На днях тэлеграм-канал «Папаратор» напісаў, што Дар’я Шманай пакідае былое месца працы і накіроўваецца ў Маскву. Belsat.eu сабраў усё, што вядома пра шматгадовую спадарожніцу Лукашэнкі.

«Вось яшчэ адна беларуская прыгажунька не здолела стаць першай лэдзі, хаця лічыла, кажуць, што мела на гэта вельмі неблагія шанцы», – піша «Папаратор». Паводле інфармацыі канала, Дар’я завяршае працу ў службе пратаколу і пакідае Менск, каб працаваць у Маскве «па лініі МЗС». Якую канкрэтна пасаду цяпер зойме Шманай – пакуль невядома.

Ад студэнцкага конкурсу – да запрашэння на інаўгурацыю

Упершыню яе імя згадвалася ў медыях у 2013 годзе, калі Шманай стала пераможцай конкурсу «Каралева Вясна». На гэтым конкурсе штогод абіраюць самую прыгожую студэнтку. Тады 20-гадовая Дар’я навучалася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Здабыўшы карону, яна казала, што будзе «насіць яе з годнасцю».

«Гэта прыгожа і цяжка адначасова, бо неабходна адпавядаць узнагародзе кожны дзень. Быць яркай, элегантнай, артыстычнай, грацыёзнай – агулам апраўдаць атрыманы тытул», – сцвярджала Шманай у інтэрв’ю БелаПАН.

Дар’я Шманай – пераможца конкурсу «Каралева Вясна-2013».
Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Магчыма, менавіта за гэтыя якасці яе тады і заўважыла служба пратаколу. Невядома, калі дакладна Шманай запрасілі на працу, але з вясны 2014 году яна пачынае рэгулярна з’яўляцца побач з Аляксандрам Лукашэнкам.

У красавіку 2014-га Шманай слухала пасланне Лукашэнкі да народу і парламенту ў Авальнай зале, седзячы па правую руку ад ягонай тагачаснай памочніцы Наталлі Пяткевіч, сярод высокапастаўленых чыноўнікаў. А праз месяц яны разам з Лукашэнкам глядзелі хакейны матч.

Лукашэнка і Шманай глядзяць хакей у 2014 годзе. Скрыншот «Беларусь-1»

У каментары «Еўрарадыё» Дар’я прызнавалася, што «працуе там», але не ўдакладніла дзе. Насамрэч, служба дзяржаўнага пратаколу, якая ў тым ліку мусіць забяспечваць пратакол кіраўніка краіны – гэта структура, падначаленая МЗС. У СМІ Дар’ю называлі «дзяржслужачай».

На апошняй інаўгурацыі Лукашэнкі ў лістападзе 2015-га Дар’я сядзела ў атачэнні сям’і першай асобы – унучкі Вікторыі і малодшага сына Мікалая. У красавіку 2016-га – зноў у Авальнай залі на традыцыйным пасланні.

Hавiны
Ад лекаркі – да міс Беларусь: жанчыны вакол Лукашэнкі за ўсе 25 гадоў
2019.07.15 07:00

«Вышэй за дах»

Побач з Лукашэнкам у розныя гады з’яўляліся розныя прыгажуні, але імя Дар’і ён сам згадаў у вельмі цікавым кантэксце. Падчас інтэрв’ю Ксеніі Сабчак для телеканалу «Дождж» у 2014 годзе ён казаў: «Што тычыцца Дашкі, пра якую вось гаворка ішла, так я яе ўжо 2 гады ведаю [атрымліваецца, пазнаёміліся, калі ёй было 18. – Belsat.eu]. Яна працуе, вельмі прыстойная дзяўчына! Калі б у мяне такая была дзяўчына, ну слухай, гэта… гэта вышэй за дах».

Калі журналістка пацікавілася, ці не плануе Лукашэнка разводзіцца са сваёй законнай жонкай Галінай, ён адказаў, што такой размовы ніхто ніколі не заводзіў, «у тым ліку Даша, пра якую вы кажаце, не заводзіла гэтай размовы».

Такім чынам выплыла на паверхню, што гэтая супрацоўніца службы пратаколу, відавочна, мае дачыненне да асабістага жыцця кіраўніка дзяржавы.

Словы Лукашэнкі пра дзяўчыну сталі віруснымі: у рэпартажы з перамоваў па «дарожных мапах» інтэграцыі ў снежні 2019-га выданне «Коммерсантъ» назвала яе «Даша Вышекрыши Шманай». Акрамя таго, журналісты не ўпускалі шанцу пакпіць з дрэс-коду і манераў прыгажуні. У тым жа матэрыяле Андрэй Калеснікаў звяртае ўвагу, што Дар’я «уварвалася ў перамоўны пакой у паліто і са старарэжымным дыпламатам у руках».

«Мабыць, Дар’я Шманай і насамрэч на даверы ў прэзідэнта Беларусі – раз яна не толькі не лічыць патрэбным здымаць паліто ў кампаніі вялікай колькасці мужчын у касцюмах і гальштуках, але і носіць дыпламат з футаралам беларускага прэзідэнта», – адзначае аўтар.

Дар’я Шманай і Наталля Эйсмант.
Фота: SPUTNIK

Бульба, лыжы, пацалункі

Да няшчасця спадарожніц Лукашэнкі, ім даводзіцца не толькі суправаджаць яго на афіцыйных мерапрыемствах і імпрэзах. У іхныя службовыя абавязкі ўваходзіць яшчэ і фізічная актыўнасць.

У сакавіку 2018-га Шманай брала ўдзел у біятлонным забегу «Снегавы снайпер», а амаль праз год – у эстафеце «Менская лыжня-2019». Натуральна, каманда Лукашэнкі «Алімпік» там перамагла. Дарэчы, у каманду ўваходзіць прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, а таксама набліжаныя бізнесоўцы, напрыклад, Павел Белы – уласнік групы кампаніяў «Тапас».

Акрамя традыцыйных відаў спорту, Лукашэнка ў апошнія гады ладзіць збор садавіны з прыгажунямі. Гэтак, Шманай сярод іншых у мінулым верасні збірала бульбу і кавуны на ягоным прысядзібным участку.

Hавiны
Новыя прыгажуні ў атачэнні Лукашэнкі: хто яны?
2019.09.24 17:11

Падчас замежных візітаў кіраўніка дзяржавы Шманай звычайна рыхтуе ягонае месца за сталом: раскладвае паперы і нават здувае пылінкі.

А перад паседжаннем Еўразійскага эканамічнага савету ў Казахстане ў траўні 2019-га Лукашэнка прапанаваў Нурсултану Назарбаеву пацалаваць Шманай. «Пацалуй! Ну чаго ты?!», – сказаў Лукашэнка свайму калегу. Той, праўда, ад прапановы адмовіўся, падняў руку і два разы пракруціў пальцам у паветры, маўляў, «пасля». Некаторыя каментатары палічылі, што Назарбаеў і Шманай былі знаёмыя раней.

***

У сацсетках Шманай інфармацыі пра яе асабістае жыццё фактычна няма. Вядома толькі, што яна не замужам. З нешматлікіх фота «Вконтакте» вынікае, што дзяўчына сябруе з прэс-сакратаркай Эйсмант, а ейны акаўнт у Instagram, дзе Шманай мае трохі больш за 550 падпісчыкаў, закрыты ад чужых вачэй.

КА belsat.eu

Стужка навінаў