Ад лекаркі – да міс Беларусь: жанчыны вакол Лукашэнкі за ўсе 25 гадоў


У кіраўніка беларускай дзяржавы, у адрозненне ад іншых сусветных лідараў, няма першай лэдзі. Дакладней, жонка ў яго ёсць, але на публіцы побач з Лукашэнкам яна ніколі не з’яўляецца. Ён атачае сябе прыгожымі маладымі дзеўчынамі. Хто яны, былыя і актуальныя фаварыткі Лукашэнкі, – чытайце ў адмысловым праекце «Белсату».

Законная жонка, якая не стала першай лэдзі

Галіна Лукашэнка

Сёння Галіне Радзівонаўне Лукашэнка (да шлюбу Жаўняровіч) 64 гады. Яна жыве ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёну – у прыватным доме за высокім плотам. У сеціве захавалася толькі адно інтэрвʼю, якое яна давала ў 2005 годзе выданню «Камсамольская праўда ў Беларусі». На той момант жонка Лукашэнкі працавала галоўным спецыялістам па аздараўленні і санаторна-курортным лекаванні пры Шклоўскім райвыканкаме. Яшчэ раней, у 1998-м, паведамлялася, што яна ўзначальвала аддзел аховы здароўя ў адміністрацыі Магілёўскай вобласці. На пытанне, чаму жыве асобна ад мужа, казала: «Я сама абрала такое жыццё».

Вяселле Лукашэнкі і Галіны Жаўняровіч. Фота: «Камсамольская праўда» у Беларусі»

Сям’я Галіны пераехала з Вілейскага раёну ў Шклоўскі, калі яна навучалася ў школе. Тут, у старэйшых класах, Галіна і пазнаёмілася з будучым кіраўніком дзяржавы.

«Саша быў такі прыгожы, часта вёў школьныя вечарыны, столькі дзяўчат у яго былі закаханыя», – прызнавалася яна журналістам.

Паводле словаў жонкі Лукашэнкі, той хадзіў да яе на спатканні за 4 кіламетры, яны разам чыталі шмат кніжак (грошай на гэта не шкадавалі), «шпацыравалі ў асноўным вакол дому». Рамантычныя стасункі цягнуліся некалькі гадоў, а па сканчэнні магілёўскага гістфаку Лукашэнка пабраўся з Галінай шлюбам. У пары нарадзіўся старэйшы сын Віктар.

«У нашую маладосць жыць да шлюбу [разам. – Belsat.eu], ды яшчэ і адкрыта – пра гэта і памысліць нельга было!», – распавядала Галіна пра свае цнатлівыя прынцыпы.

Але карʼера ейнага мужа імкліва развівалася – у 1994 годзе ён абіраецца на пасаду прэзідэнта, пераязджае ў Менск і абірае абсалютна іншы стыль паводзінаў. У апошні раз пару бачылі ў тым жа 94-м, падчас візіту ў Ізраіль.

Драма Ірыны Абельскай

Ірына Абельская

Неўзабаве пасля першых выбараў Лукашэнка запатрабаваў, каб яму знайшлі асабістага лекара. Тагачасная міністр аховы здароўя Інэса Драбышэўская падабрала кандыдатуру – эндакрынолага з 9-й рэспубліканскай клінічнай больніцы, 29-гадовую нарадзінку Берасця Ірыну Абельскую. Маладая і прыгожая Абельская пачала суправаджаць першую асобу паўсюдна – на працоўных сустрэчах, у дзелавых паездках, у адпачынку. Падчас адзінага візіту Лукашэнкі ў Францыю, кажуць, той выселіў з суседняга пакою міністра замежных спраў, каб размясціць побач з сабою Абельскую.

У 2001 годзе фаварытка займае пасаду галоўнага лекара ў шпіталі Упраўлення справамі прэзідэнта, а ейную маці, Людмілу Пастаялку, прызначаюць міністрам аховы здароўя. Наяўнасць прыватных стасункаў з Ірынай Лукашэнка не афішаваў, пакуль у 2004 годзе жанчына не нарадзіла сына Мікалая. Спачатку Колю трымалі ў таямніцы, але потым кіраўнік дзяржавы пачаў пастаянна зʼяўляцца з ім на публіцы. Ледзь не кожны раз, калі ён трапляе ў абʼектыў камер, ужо шмат гадоў побач стаіць менавіта малодшы, пазашлюбны сын. Афіцыйна Лукашэнка ніколі не казаў, хто маці Колі, але гэта сакрэт Палішынелю: сёння 14-гадовы падлетак як дзве кроплі вады падобны да Абельскай. Аднак знайсці фота Мікалая з маці ў інтэрнэце немагчыма.

Фота: Reuters

Пасля нараджэння сына Абельская з невядомай прычыны трапіла ў няміласць: у 2007-м, праз 36 дзён пасля смерці Людмілы Пастаялкі, Ірыну звальняюць з пасады галоўнага лекара лечкамісіі і некалькі гадоў яна працуе спецыялістам звычайнага кабінету УЗД. Хадзілі чуткі, што ёй не дазвалялі бачыць сына.

Але ў верасні 2009-га Ірына Абельская зноў узначальвае Рэспубліканскі шпіталь Упраўлення справамі прэзідэнта, а пасля выбараў у 2015-м наведвае інаўгурацыю на запрашэнне Лукашэнкі. Летась ён узнагародзіў яе Ордэнам Пашаны. Падаецца, асабістая лекарка і маці Колі канчаткова выйшла з апалы, але адносіны з Лукашэнкам, хутчэй за ўсё, цяпер носяць куды больш фармальны характар.

Ірына Абельская. Фота: «Медычны веснік»

Старэйшы сын Ірыны ад першага шлюбу, Дзмітрый, як і маці, абраў прафесію медыка. Дарэчы, нядаўна Дзмітрыя сфатаграфавалі побач з Мікалаем на футбольным матчы. На пытанне «якой Ірына бачыць будучыню малодшага сына?», у інтэрв’ю TUT.by у 2016 годзе яна казала:

«Я б проста хацела, каб ён атрымаў добрую адукацыю, любіў сваю працу, атрымліваў ад яе задавальненне і прыносіў карысць і радасць іншым».

Імя сына Абельская не назвала.

«Ангел мой нерэальны»

Ірына Дарафеева

Калі пра «маму Колі» можна з вялікай доляй упэўненасці казаць, што іх з Лукашэнкам звязвалі рамантычныя стасункі, то пра ўсіх наступных жанчын у ягоным атачэнні можна толькі выказваць здагадкі. Збольшага, усё, што пра іх вядома – гэта ўласна зʼяўленні на публіцы побач з кіраўніком дзяржавы.

Гісторыя з Абельскай зайшла ў тупік, і прыкладна ў 2007 годзе ўвага Лукашэнкі пераходзіць да 30-гадовай эстраднай спявачкі Ірыны Дарафеевай. Газета «Маскоўскі камсамолец» пісала:

«У 2007 годзе, наведаўшы яе тэатр песні, Лукашэнка асабіста зацвердзіў дзяржпраграму «Ірына Дарафеева – твар Беларусі».

Выявы спявачкі зʼявіліся на вуліцах Менску, на пакетах, на бейсболках. Яна суправаджае прэзідэнта ў адпачынках у Сочы, жыве ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі падчас «Славянскага базару» ў Віцебску. На дзень нараджэння Дарафеева падарыла Лукашэнку песню: «Анёл мой непараўнальны, незямны і нерэальны».

Сама Дарафеева такія чуткі не пацвярджала, але і не абвяргала. Калі журналісты запытвалі яе наконт сувязі з Лукашэнкам, яна ўхілялася ад адказу.

«Мабыць, на гэтай пазітыўнай ноце трэба заканчваць інтэрвʼю. Пад вялікім знакам пытання. А калі сурʼёзна, то я прызвычаілася да розных здагадак і плётак. Разумеючы, што людзі гатовыя падхапіць любую навіну з майго жыцця, стаўлюся да гэтага спакойна», – сцвярджала спявачка ў інтэрвʼю «КП» у 2016-м.

Лукашэнка і Дарафеева. Фота: president.gov.by

Дарафеева ўжо не «твар Беларусі», але па-ранейшаму выступае амаль на кожным дзяржаўным мерапрыемстве. Акрамя таго, у 2016 годзе яна стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VI склікання. Таксама Дарафеева з 2013 году ўваходзіць у грамадскую раду МУС.

Яна ніколі не была замужам і толькі сёлета прызналася журналістам, што сустрэла свае «першае сапраўднае каханне».

Каралевы прыгажосці: пачатак

Святлана Крук

Аляксандр Лукашэнка заўжды праяўляў цікаўнасць да конкурсаў прыгажосці. І да некаторых іх пераможцаў.

Яшчэ ў 1998-м (тады адбыўся першы конкурс «Міс Беларусь»), ён пазіраваў на фота са Святланай Крук, прыабняўшы дзяўчыну за талію. Тады яна навучалася на выкладчыка матэматыкі ў Гарадзенскім педагагічным універсітэце.

Лукашэнка і Святлана Крук. Фота: Facebook Святланы Кузняцовай

За перамогу на «Міс Беларусь-1998» прыгажуня атрымала 300 долараў прэміі і электрычны імбрык. Цяпер Святлана Кузняцова ўзяла прозвішча мужа, жыве ў Маскве, выхоўвае траіх дзетак і нядаўна стала «Місіс Зямны шар». Пра сустрэчу з Лукашэнкам яна ніколі не распавядала прэсе.

Святлана Каралёва

У 2002 годзе Лукашэнку зацікавіла «Міс Расея» Святлана Каралёва. Эфектная бландынка з Петразаводску здабыла яшчэ і тытул «Міс Еўропа». У 2003-м «Беларуская дзелавая газета» паведамляла, што Лукашэнка асабіста запрасіў яе ў Менск, цэлы дзень яна правяла ў рэзідэнцыі, а калі сабралася ехаць на вечаровым цягніку дадому – Лукашэнка запрапанаваў паляцець зранку на ягоным самалёце. Маці Святланы пазней распавядала: Лукашэнка прапаноўваў дзяўчыне застацца ў Беларусі і ўзначаліць адно з мясцовых камунальных прадпрыемстваў. Але Каралёва не пагадзілася. Неўзабаве яна пабралася шлюбам з топ-менеджарам расейскага «Лукойлу» і прысвяціла жыццё мадэльнаму бізнесу.

За публікацыю аповеду Каралёвай улады спынілі выхад «БДГ» на 3 месяцы – нібыта публікацыя «зняславіла годнасць Аляксандра Лукашэнкі».

Марта, Паліна і «дзяўчаты са службы пратаколу»

Марта Голубева

На святочным канцэрце з нагоды Дня незалежнасці ў 2008 годзе Лукашэнка танчыў разам з юнай шатэнкай. Ёй аказалася 18-гадовая Марта Голубева, салістка ансамбля «Верасы».

Марта Голубева (справа). Фота: прэс-служба прэзідэнта

На наступны год яна суправаджала Лукашэнку на адкрыцці абноўленага Вялікага тэатру оперы і балету. Адначасова з вакальнай карʼерай Марта пачала здымацца ў фільмах і тэлесерыялах, у асноўным – расейскіх. Сёння яе фільмаграфія налічвае больш за 20 меладрам і рамантычных камедыяў. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы працягваў выходзіць з ёй у свет. Гэтак, на адкрыцці Купалаўскага тэатру ў 2013-м Голубева сядзела на канапе па левую руку ад Лукашэнкі. Марта адмаўлялася казаць журналістам, як патрапіла ў віп-спадарожніцы. На пытанне «Еўрарадыё», якім чынам яна рыхтуецца да сустрэчы з Лукашэнкам, Голубева казала:

«Абсалютна ніяк не рыхтуюся маральна. Я ўспрымаю гэта дастаткова спакойна. Ні ў паводзінах, ні ў тым, як трымаецца гэты чалавек, няма нічога таго, што выклікала б хваляванне».

Паліна Шуба

Апошнім разам на публіцы іх заўважылі на фінале конкурсу «Міс Беларусь-2016». На тым жа мерапрыемстве побач з Лукашэнкам сядзела яшчэ адна маладая брунетка, мадэль і тэлевядучая «Беларусь-1» Паліна Шуба. У інтэрвʼю Ксеніі Сабчак Лукашэнка сам прызнаваўся, што ведае Паліну з 12 гадоў. Яшчэ падлеткам яна ўручала яму кветкі на адкрыцці дому культуры ў Старых Дарогах.

Пазней, у 2008-м, Паліна стала фіналісткай нацыянальнага конкурсу прыгажосці – імаверна, тады яны і пазнаёміліся бліжэй. Вядома, што менавіта з яе ляпілі скульптуру Мельпены, якая ўпрыгожвае фасад Опернага тэатру.

Непрацяглы час Паліна працавала ў службе пратаколу кіраўніка дзяржавы, яны разам глядзелі хакей, наведвалі розныя мерапрыемствы.

«У нас у службе дзелавога пратаколу ёсць некалькі дзяўчат, яны вельмі прыгожыя. І калі я недзе там сяджу, кажуць: «Аляксандр Рыгоравіч, я з вамі сяду». Ды радзі бога, я гэтага не хаваю», – каментаваў Лукашэнка.

Але ж навошта адпачываць у вузкім сямейным коле з персаналам? На гэтым фотаздымку, які цешча Лукашэнкі Алена Жаўняровіч паказала TUT.BY, Шуба стаіць у абдымку з Лукашэнкам і алігархам Шакуціным.

Фота TUT.by
Аліна Роскач

У 2016 годзе, пасля ўдзелу ў «Міс Беларусь», у службу пратаколу прыходзіць яшчэ адна прыгажуня – Аліна Роскач са Светлагорску. 21-гадовая студэнтка БНТУ ўдзельнічае ў гонцы з Лукашэнкам падчас турніру па біятлоне «Снегавы снайпер» у Раўбічах у сакавіку 2018-га, улетку таго ж года сядзіць на свяце Купалля ў Александрыі паміж Лукашэнкам і алігархам Міхаілам Гуцэрыевым.

Фота president.gov.by

А сёлета дзяўчына, падобная да Роскач, у Александрыі сядзела ўжо непасрэдна побач з малодшым сынам Лукашэнкі Мікалаем. Праўда, гэтым разам фаварытка была фактычна без макіяжу.

Скрыншот БТ
Крысціна Нявера

Годам раней на тым жа Купаллі кіраўнік дзяржавы з’явіўся ў кампаніі выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту Крысціны Нявера. Актывістка БРСМ і танчыла, і спявала на сцэне, і ўдзельнічала ва ўсіх магчымых актыўнасцях, а ў 2016 годзе перамагла ў студэнцкім конкурсе «Каралева-Вясна» у Віцебску.

Фота: president.gov.by

Неабходнасць атачаць сябе юнымі прыгажунямі Лукашэнка тлумачыў у згаданым інтэрв’ю Сабчак наступным чынам:

«Я ніколі, ні на адным мерапрыемстве, не сяджу з намыленай мордай сярод чыноўнікаў. Ніколі, гэта мой прынцып. Заўжды дзяўчаты… З аднаго боку сын маленькі, з іншага – дзяўчо, яшчэ хтосьці…»

Вечная класіка

Дар’я Шманай

Як кажуць, нешта модна, нешта выйшла з моды, а нешта – вечнае. «Каралева-вясна-2013» Дар’я Шманай з 2014 году суправаджае першую асобу паўсюдна: заўзее на хакеі, слухае пасланне да народу ў Авальнай залі, прысутнічае на Усебеларускім сходзе і на інаўгурацыі сядзіць далёка не ў апошніх шэрагах. СМІ называлі яе «працаўніцай службы пратаколу» і «дзяржслужачай». Пра свае стасункі з Лукашэнкам незамужняя Шманай ніколі публічна не распавядала, але ключавую фразу для разумення сітуацыі сказаў ён сам.

Шманай на конкурсе «Каралева-Вясна-2013». Фота: TUT.by

У інтэрвʼю Сабчак у 2014 годзе, калі тая пачала распытваць пра асабістае жыццё, Лукашэнка заявіў: «Што датычыць Дашкі, пра якую гаворка ішла, дык я яе два гады ведаю. Вельмі прыстойная дзяўчына. Калі б у мяне была такая дзяўчына… Гэта вышэй даху!». А калі Сабчак запытала, ці не настойвала маці Колі на разводзе з жонкай Галінай, адказаў дзіўна: «Не. Ніколі. Ніхто ніколі. І Даша таксама, пра якую вы кажаце, не пачынала гэтай размовы».

Падчас нядаўняга візіту ў Казахстан Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту краіны Нурсултану Назарбаеву пацалаваць Шманай. «Пацалуй! Ну чаго ты?!», – сказаў ён свайму калегу. Той, праўда, ад прапановы адмовіўся, падняў руку і два разы пракруціў пальцам у паветры, маўляў, «пасля». Але што – пасля? У грамадстве гэты неадназначны жэст выклікаў рэзананс, некаторыя палічылі, што Назарбаеў і Шманай ужо былі знаёмыя раней.

«Я тлумачу гэта як сімвалічную перадачу права ночы аднаго сюзерэна іншаму. Права ажыццяўляецца над прыгожай нявольніцай. Гэта падарунак. Неадушаўлёны, але прыгожы, новы падарунак, які ўмее гаварыць. Такія падарункі нармальныя і распаўсюджаныя пры ўсіх трансфармацыях патрыярхату. Калі цябе возяць усюды як прыгожую дэкарацыю і прапаноўваюць іншым «паханам» для пацалунку – гэта крайняя праява гэтага выродлівай і адсталай зʼявы», – каментавала журналістка, феміністка Святлана Курс на сайце Naviny.by

Новая фаварытка?

Марыя Васілевіч

Пакуль Дарʼю Шманай ніхто не збіраецца звальняць са службы пратаколу, усё часцей на публічныя падзеі Лукашэнка бярэ з сабой «Міс Беларусь – 2018» Марыю Васілевіч. Сёлета ў студзені ён узнагародзіў 21-гадовую Васілевіч спецыяльнай прэміяй прэзідэнта «за значны ўнёсак у развіццё міжнароднай культурнай супрацы і актыўную дабрачынную дзейнасць». Праўда, пра дабрачынныя праекты Васілевіч вядома мала – куды ахвотней яна здымаецца ў рэкламных. А зусім нядаўна яна ўладкавалася на «Беларусь-1», дзе вядзе ранішняе шоў.

Навагодні бал у палацы Незалежнасці. Фота: president.gov.by

Падчас візіту ў калгас «Радзіма» у Бялынічах у ліпені 2018 Лукашэнку суправаджала менавіта Марыя. Тады ён запрапанаваў прыгажуні працаваць у аграхолдынгу «Купалаўскі». Магчыма, такія прапановы – своеасаблівы камплімент ад Лукашэнкі жанчынам, што яму спадабаліся? У любым разе, тон ён абраў фрывольны:

«Машанька, хадзі сюды, дзетка. Сядай, паглядзім, як ты будзеш у «Купалаўскім» глядзецца», – кажа ён у рэпартажы АНТ. Марыя ўспрыняла гэтыя словы сурʼёзна і адразу ж заявіла пра гатоўнасць адправіцца ў гаспадарку.

На конкурсе «Міс свету» сёлета Марыя ўзяла тытул «Міс міра Еўропа». Прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант у эфіры «Беларусь-1» распавяла, што рыхтаваў Васілевіч да конкурсу асабіста Лукашэнка. Ён вучыў дзяўчыну калоць дровы, танчыў з ёй вальс на навагоднім балі для моладзі, разам яны наведвалі чэмпіянат свету па футболе ў Маскве.

Пры гэтым, наколькі вядома, Васілевіч ніколі не належала да службы дзелавога пратаколу.

КА, ВР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары