Новыя прыгажуні ў атачэнні Лукашэнкі: хто яны?


Belsat.eu прыгледзеўся да жанчын Аляксандра Лукашэнкі, з якімі кіраўнік краіны з’яўляўся на публіцы ў апошнія два гады: збіраў разам з імі ўраджай, браў удзел у суботніках, наведваў спартовыя спаборніцтва, конкурсы і святы, танчыў на бале.

23 верасня прэс-служба кіраўніка дзяржавы апублікавала чарговае відэа, як Лукашэнка разам з жанчынамі збірае ўраджай.

На 41-ай секундзе відэа можна заўважыць дзвюх дзяўчат, якія збіраюць бульбу. Брунетка – гэта Дар’я Краўчук.

Дар’е Краўчук 21 год. Яна нарадзілася ў Нясвіжы, скончыла факультэт журналістыкі БДУ. У 2017 годзе стала віцэ-міс конкурсу прыгажосці «Міс Вясна», удзельніца якога пасля нярэдка суправаджаюць Лукашэнку на афіцыйных мерапрыемствах.

Невядома, ці працуе Дар’я ў службе пратакола Лукашэнкі. Але маршруты дзяўчыны сталі супадаць з маршрутамі кіраўніка дзяржавы мінімум з лета 2018 года. Летась у ліпені Дар’я выклала фота ў Instagram са стадыёну «Лужнікі» у Маскве падчас фіналу чэмпіянату свету па футболе. Той матч Аляксандр Лукашэнка разам з сынам Мікалаем наведаў па запрашэнні Пуціна.

Цікава, што аналагічнае фота тады зрабіла і Марыя Васілевіч, якая мае амбіцыі стаць дэпутаткаю Палаты прадстаўнікоў новага склікання.

В снежні 2018 года Дар’я ўдзельнічае ў навагоднім балу моладзі ў Палацы Незалежнасці, калі Лукашэнка тады танчыў з Васілевіч. А на дабрачыннай акцыі «Нашыя дзеці» наагул сядзела побач з кіраўніком дзяржавы.

Навагодні бал: у цэнтры Лукашэнка і Марыя Васілевіч, Дар’я Краўчук крайняя злева
Лукашэнка і Дар’я Краўчук, дабрачыннае свята «Нашыя дзеці». Фота – president.gov.by

Летам 2019 года яна выкладае фота з закрыцця Еўрапейскіх гульняў у Менску, дзе таксама прысутнічаў Лукашэнка.

У канцы жніўня дзяўчына ўдзельнічала ў зборы кавуноў, што адбыўся пасля сустрэчы Лукашэнкі з Джонам Болтанам.

Дар’я Краўчук падчас збору кавуноў. Фота – president.gov.by

А ў верасні Дар’я побач з Лукашэнкам на трыбуне падчас матчу КХЛ.

Злева ад Лукашэнкі – Марыя Васілевіч. Ніжэй Васілевіч – Дар’я Краўчук. Фота – president.gov.by

На хакею злева ад Лукашэнкі сядзела Марыя Васілевіч. Злева ад Васілевіч – яшчэ адна дзяўчына. Гэтую бландзінку можна пабачыць і відэа збору бульбы побач з Дар’ей Краўчук.

Скрыншот з відэа прэс-службы Лукашэнкі

Раней у СМІ яна не фігуравала. Імаверна, гэта 23-гадовая Марыя Муха – сяброўка Дар’і Краўчук.

Марыя ўраджэнка Менску, скончыла БНТУ, у 2017 годзе прымала ўдзел ва ўніверсітэцкім конкурсе прыгажосці. Яна таксама прысутнічала на закрыцці Еўрапейскіх гульняў і на навагоднім балу.

Марыя Муха на навагоднім балу. Фота – VK

А вясной 2018 года Марыя Муха сядзела ззаду ад Лукашэнкі на фінале конкурсу «Міс Беларусь», дзе як раз і перамагла Васілевіч.

Марыя Муха – у блакітнай сукенцы ззаду ад Лукашэнкі. Справа ал Лукашэнкі – Аліна Роскач. Фота – president.gov.by

На відэа збору бульбы з палёў Лукашэнкі можна таксама пабачыць Марыю Багамолаву – першую настаўніцу Мікалая Лукашэнкі, якая раней працавала ў школе ў Астрашыцкім Гарадку.

Лукашэнка на школьнай лінейцы малодшага сына. Справа ад кіраўніка дзяжравы – настаўніца Марыя Багамолава. Фота – president.gov.by

Яна таксама ўдзельнічала разам з Лукашэнкам у зборы кавуноў. Чаму настаўніца збірае ўраджай на прэзідэнцкіх палях, прэс-служба кіраўніка дзяржавы тлумачыць адмовіліся.

Справа – Марыя Багамолава. Фота – БелТА

Як раней заўважылі СМІ, у «кавуновы батальён» трапілі як працаўніцы службы пратаколу прэзідэнта, так і «запрошаныя зоркі» – гімнастка Ксенія Санковіч і акторка Купалаўскага тэатру Марта Голубева. Таксама збіралі кавуны прэс-сакратарка Наталля Эйсмант і Дар’я Шманай – працаўніца службы пратаколу, якая знаходзіцца атачэнні Лукашэнкі мінімум з 2014 года.

Дар’я Шманай і Наталля Эйсмант. Фота – VK Дар’і Шманай

Сярод новых асобаў на зборы кавуноў журналісты заўважылі ўраджэнку Салігорску, студэнтку факультэту міжнародных адносінаў БДУ Ганну Іванову.

Ганна Іванова. Фота – nn.by

А вось «Міс Беларусь – 2018» Марыя Васілевіч ураджай з прэзідэнцкіх палёў не збірае – яна з лета 2018 года суправаджае Лукашэнка выключна на свецкіх мерапрыемствах. Васілевіч і Лукашэнкі сядзелі побач на святкаванні Купалля ў Александрыі, на «Славянскім базары» у Віцебску, на хакейным матчы «Дынама», на шэрагу спаборніцтваў падчас Еўрапейскіх гульняў ды інш.

Марыя Васілевіч і Лукашэнка на Славянскім базары. Фота – president.gov.by
Марыя Васілевіч і Лукашэнка на Еўрапейскіх гульнях. Фота – president.gov.by

У студзені 2019 года Лукашэнка асабіста ўзнагародзіў Марыю спецыяльнай прэміяй прэзідэнта, а ў верасні стала вядома, што дзяўчына будзе балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

На святкаванні Купалля Васілевіч сядзела злева ад кіраўніка дзяржавы. Справа ад Мікалая Лукашэнкі 22-гадовая Аліна Роскач, ураджэнка Светлагорску, удзельніца конкурсу «Міс Беларусь-2016».

Скрыншот БТ

Студэнтка БНТУ Аліна Роскач ўдзельнічала ў гонцы з Лукашэнкам падчас турніру па біятлоне «Снегавы снайпер» у Раўбічах у сакавіку 2018-га, разам з кіраўніком дзяржавы наведала фінал конкурсу «Міс Беларусь-2018», а ўлетку таго ж года сядзела на свяце Купалля ў Александрыі паміж Лукашэнкам і алігархам Міхаілам Гуцэрыевым.

Мікалай і Аляксандр Лукашэнкі, Аліна Роскач, Міхаіл Гуцэрыеў. Фота – president.gov.by

Сёлета побач з Лукашэнкам дзяўчына была заўважаная на рэспубліканскім суботніку на «Лініі Сталіна».

Аліна Роскач, Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі. Фота – president.gov.by

Доступ да старонак у сацсетках Аліны Роскач, як і Ганны Івановай, абмежаваны. Ці маюць яны дачыненне да службы пратаколу кіраўніка дзяржавы – невядома.

Hавiны
Ад лекаркі – да міс Беларусь: жанчыны вакол Лукашэнкі за ўсе 25 гадоў
2019.07.15 07:00

Галіне Лукашэнцы, жонцы кіраўніка краіны, 64 гады. З Аляксандрам Лукашэнкам яна ўзяла шлюб у 1975 годзе. Апошнія 20 гадоў, паводле афіцыйных звестак, Галіна Лукашэнка жыве ў Шклоўскім раёне на Магілёўшчыне.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў