Дзмітрый Гурневіч: Навошта апазіцыя дапамагае Ярмошынай?


Да 25 сакавiка лiдары апазіцыі мелi ўльтыматум ад заходніх партнёраў, каб абраць адзінага кандыдата. Але нават пагроза застацца без падтрымкi не дапамагла. Адзінага як не было, так і няма. Выглядае на тое, што ў гэтай выбарчай кампаніі больш зацікаўленыя замежныя партнёры і ўлада, але найменш – лідары беларускіх дэмакратаў. Узнікае справядлівае пытанне: дык навошта тады ў ёй удзельнічаць?

Адзіным пагадзіўся быць Лябедзька, але рэшта сказала: хто заўгодна, толькі не ён. Адзіным пагадзіўся быць Статкевіч, але рэшта падумала «не, што з ім рабіць, калі выйдзе на свабоду з турмы». На крайні выпадак знайшлі хоць некага, але і тут відавочны тупік – той не можа саступіць той, тая не можа задаволіць тых і г.д.

Свой удзел у выбарчых кампаніях апошніх 20 гадоў дэмакратычныя сілы апраўдвалі самымі рознымі адгаворкамі. Адныя змагаліся са страхам, другія намагаліся паціснуць рукі мільёну выбарцаў і данесці да іх сваю праграму, трэція жадалі раскруціць маладую і перспектыўную палітычную сілу. Былі і такія, хто наіўна верыў кулуарным абяцанням, што гэтым разам кагосьці ды прапусцяць. Але ніхто не верыў у тое, што выбары ў нас рэальна нешта змяняюць.

Напярэдадні кожных выбараў нам тлумачылі, што гэта ўсяго пачатак змагання за наступную кампанію. Але пасля наступных, апрача статыстык рэпрэсаваных, ніколі не было сур’ёзнага падсумавання: што здабыча, а што пройгрыш. Інакш быць і не магло, бо акрамя сотняў збітых, звольненых з працы і з навучальных устаноў, апляваных і абражаных, іншых вынікаў проста не было.

Але і тут было апраўданне. Галавой сцяны, маўляў, не праб’еш, але калі падвялі іншыя метады, то варта спрабаваць і гэты. І, магчыма, такая тактыка была дзесьці справядлівай. У рэшце рэшт для таго і існуюць палітычныя партыі і арганізацыі, каб пашыраць кола прыхільнікаў і выхоўваць наступнікаў. Але павінен прыйсці нарэшце той час, калі варта спыніцца і сказаць самому сабе з акрываўленай галавой: стоп.

І, здаецца, гэтае «стоп» сказалі самі апазіцыйныя лідары адсутнасцю рашэння пра хоць нейкі фармат удзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Імя адзінага кандыдата мы не ведаем не таму, што так шмат ахвотных у барацьбе за гэтае званне. Яго няма, бо ніхто не бачыць сэнсу ўдзельнічаць у такіх выбарах. Каб захаваць твар, спрабуюць вылучыць хоць некага. Гучаць абсалютна невядомыя імёны. Гэта разумныя, адважныя і сімпатычныя людзі. Але яны не вядомыя не толькі шараговым выбарцам, але і актывістам апазіцыі. Які сэнс у такім вылучэнні ва ўмовах абсалютнай інфармацыйнай блакады ўнутры краіны?

Раней яго можна было апраўдаць магчымасцю праводзіць кампанію за бюджэтныя сродкі. Гэтым разам, пасля зменаў у Выбарчы кодэкс, і гэтая магчымасць страчаная. Шмат што сведчыць аб тым, што чым бліжэй да выбараў, тым часцей улада будзе выкарыстоўваць сваё ноў-хаў: блакаванне сайтаў у інтэрнэце. А гэта значыць, што праводзіць кампанію апазіцыі стала яшчэ складаней.

Адзіныя, каму сёння патрэбныя гэтыя выбары і апазіцыйныя кандыдаты – гэта Цэнтарвыбаркам. Ярмошына і Лазавік льюць горкія слёзы, што падрыхтоўка да кампаніі змрочная і вельмі разлічваюць на ўдзел у ёй апазіцыі. Яны заахвочваюць апазіцыю стварыць драйв і адкрыта кажуць пра сваю мэту – «калі напал перадвыбарчай барацьбы будзе больш высокі, то можна будзе разлічваць і на больш актыўны ўдзел выбарцаў». Яны баяцца не ўдзелу дэмакратычных кандыдатаў у выбарах, а іх адсутнасці.

Дык калі ім гэтыя выбары трэба больш, чым тым, хто хоча пераменаў, то навошта даваць ім тое, чаго яны так моцна хочуць?

Дзмітрый Гурневіч, belsat.eu

Стужка навінаў