Naviband: «Ісці да святла і ніколі не спыняцца»


Яны прыехалі на канцэрт салідарнасці «Сэрцам з Беларуссю» у Беластоку 2 кастрычніка – і з таго дня ўвесь час у дарозе. Ксюша і Арцём, лідары гурта Naviband, граюць канцэрты ў Польшчы, каб прыцягнуць увагу да падзеяў у Беларусі і падтрымаць грамадзянскую супольнасць за межамі краіны.

Зусім нядаўна я бачыла вас на Маршы кабет на Камароўцы ў Менску. Вы прыехалі ў Польшчу запланавана, ці гэта быў вымушаны і тэрміновы выезд?

– Мы прыехалі па запрашэнні. Пасля канцэрту ў Беластоку выступілі ў Варшаве на імправізаванай Плошчы перамен, а цяпер у нас яшчэ некалькі сольных канцэртаў – першы быў у Гданьску, потым – Вроцлаў, Кракаў і Варшава. Але выязджалі мы ў спешцы, гэта праўда. Мы не адчувалі сябе бяспечна апошнім часам, цяжка было працаваць, было проста страшна. Мы шукалі нейкай магчымасці ўздыхнуць, каб вярнулася натхненне.

Naviband прываблівае ўвагу да Беларусі ў замежжы. Фота з Інстаграм гурта

Якія ўражанні ад канцэрту ў Гданьску? Што змянілася ў параўнанні з мінулымі вашымі выступамі?

– Уражанні класныя. Квіткі былі прададзеныя за адну гадзіну, гэта прыемна здзівіла. Ясна, што ўсе ў залі былі ў масках і сядзелі асобна, але гэта не было перашкодай, людзі былі вельмі ўдзячныя, што ўвогуле нешта беларускае адбываецца. А арганізатары, калі зразумелі, што няшмат месцаў на канцэрце, то падключылі онлайн-трансляцыю, і канцэрт глядзелі таксама ў інтэрнэце.

Мы адчулі вялікую падтрымку і салідарнасць. Напрыклад, у Гданьску мы гасцілі ў Анджэя Стэльмашэўскага з фонду Ратуша Культура, фонд актыўна падключыўся і да арганізацыі нашага канцэрту, ды й агулам – людзі вельмі падтрымліваюць, ведаюць «Жыве Беларусь», пытаюцца, як там у нас.

І што вы адказваеце – як там у нас?

– Расказваць няма чаго, бо інфармацыю ўсе ведаюць, яе тут шмат. Але нам спачуваюць і падтрымліваюць, і многія кажуць, што гэта цудоўны час для Беларусі, бо нараджаецца нацыя, народ – і гэта павінна так адбывацца. А вось што адбываецца гэта коштам ахвяр – за гэта нам спачуваюць.

А што адчуваеце на сёння вы самі, як бачыце нашую сітуацыю звонку?

– Мы ганарымся. Мы бачым, што людзі не баяцца, і ніхто ўжо гэтага не заткне, як бы гэтага не стараліся зрабіць. Будуць маляваць, будуць вывешваць, будуць выходзіць, будуць казаць, спяваць, гэтага не спыніць.

Балюча, што мы не можам шмат зрабіць. У Менску мы зразумелі, што адзінае, што мы можам – гэта проста спяваць. Казаць праз сваю музыку, што мы побач, мы разам з людзьмі, і гэта галоўнае.

І тут мы адчуваем тое ж: тут, у Польшчы, мы падтрымліваем і эмоцыяй, і словамі і песнямі нашых цудоўных беларусаў, тых у Беларусі, і тых у Польшчы і далей па свеце. Беларуская супольнасць вельмі згуртавалася апошнім часам. Людзі тут даволі часта нам кажуць з болем, што хацелі б быць там цяпер, але па нейкіх прычынах не могуць. І мы адказваем, што гэта нічога, што галоўнае – што мы ўсе зараз адзіныя ў сваім жаданні, у сваёй мары.

А якая гэта мара?

– Жыць у вольнай краіне. У прыгожай, цудоўнай Беларусі, дзе людзі паважаюць адзін аднога, а ўлады шануюць людзей культуры і імкнуцца іх пачуць, дзе людзі маюць права выказвацца і маюць свой голас. Дзе мы можам сустракацца кожную нядзелю і святкаваць сваю перамогу. Дарэчы, як толькі мы прыехалі сюды, у нас з’явілася новая песня. Бо ўвесь боль і ўсе адчуванні неяк так скандэнсаваліся – і выліліся ў музыку, у песню. Зараз мы працуем над ёй на адлегласць з нашымі хлопцамі.

Пра што вашая новая песня?

– Напэўна, пра тое, што беларусы маюць сэрцы адкрытыя і вялікія. І мільёны гэтых адкрытых сэрцаў будуць ісці наперад, да святла, і ніколі ўжо не спыняцца.

Бліжэйшыя канцэрты гурта Naviband – Вроцлаў 20.10, Кракаў 21.10, Варшава 22.10. На канцэртах будзе адбывацца збор сродкаў у падтрымку беларускіх уцекачоў у Польшчы.

Вольга Гардзейчык Belsat.eu

Стужка навінаў