«Нават страшна падумаць, чым усё магло абярнуцца». Міліцыянты застралілі сабаку


Увечары 3 студзеня ў Баранавічах бяздомны сабака пачаў кідацца на гаспадара аднаго з прыватных двароў. Мужчына выклікаў міліцыю, піша nashkraj.by.

«Спачатку мы бачылі гэтага сабаку каля брамы нашых суседзяў. У іх усё зачыняецца на замок, двор абнесены вельмі высокім плотам, таму трапіць туды сабака не мог. Так і праляжаў некалькі дзён побач, – распавяла выданню «Наш край» Наталля, гаспадыня дому, побач з якім забілі сабаку. – 2 студзеня мы з мужам убачылі гэтага сабаку ў нашым двары».

Муж Наталлі некалькі разоў спрабаваў выгнаць жывёліну, але сабака не падпускаў да сябе ні на крок.

Наталля патэлефанавала на Спецаўтабазу ды папрасіла прыехаць і забраць сабаку, але ёй адказалі, што служба не працуе.

«Мне сказалі: калі раптам сабака пачне паводзіць сябе вельмі агрэсіўна і будзе кідацца на людзей, тэлефанаваць у міліцыю», – распавядае Наталля.

Увечары 3 студзеня гаспадары дому не змаглі ўвайсці ў двор, бо сабака падбягаў да брамы і пачынаў гучна брахаць і кідацца на людзей.

«Мужу нічога не заставалася, акрамя як патэлефанаваць у міліцыю. Калі б не рэальная небяспека, калі б мы не баяліся за сваё жыццё, то самі б пастараліся выправадзіць жывёлу з двара. Мы з мужам любім жывёл: у нас у жыве чатыры каты, дваіх з іх мы падабралі на вуліцы і пакінулі ў сябе. Я да гэтага часу не магу прыйсці ў сябе пасля таго, што здарылася. Бо магла адбыцца трагедыя. У той вечар да нас у госці збіралася дачка, а яна цяпер чакае дзіця. Нават страшна падумаць, чым усё магло абярнуцца».

ЮВ, belsat.eu, паводле nashkraj.by

Стужка навінаў