Навагодні вечар на «Белсаце». Гонім пацука – сустракаем 2021-ы


Беларусы годна вытрывалі год Пацука і прыйшоў час голасна крыкнуць яму «Сыходзь!». У апошні вечар 2020-га ўключайце «Белсат»: такога Новага года яшчэ не было!

Пачнём са святочнага выдання ток-шоу «Кожны з нас» а 21:25. Падводзім вынікі і вызначаемся з героямі года.

А 22:20 – адмысловае выданне сатырычнае праграмы «Вечаровы шпіль». Навіны, падобныя да жартаў, і жарты, падобныя да навінаў. У год, які цалкам падобны да нейкага жарту, «Вечаровы шпіль» – сама тое!

Калаж з кадраў фільма «ЧынЧыны ў краіне цудаў»

Але самы смак пачнецца а 22:55. Глядзіце навагодні музычны фільм «ЧынЧыны ў краіне цудаў». Разам з ЧынЧынамі (Зміцер Есяневіч і Міхаіл Зуй) вы зазірняце ў паралельныя рэчаіснасці, пабачыце кантраст паміж новай і старою Беларуссю. І мы нават ведаем, дзе вам больш спадабаецца.

Абрыд адзін і той жа вусаты чалавек па ўсіх каналах? Пасля фільму не пераключайцеся, вас чакае навагодні зварот Святланы Ціханоўскай.

Падарунак беларусам ад «Белсату» і Вольнага хору: першыя хвіліны новага года пачнём з нацыянальнага гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

З перахопленых размоваў Ніка і Майка стала вядома, што а 00:05 беларускія партызаны ладзяць музычнае шоу. Паслухаем важныя песні гэтага года і тыя, што пасля ўсіх падзеяў у Беларусі загучалі для нас па-іншаму. Пабачым беларусаў з розных куткоў свету, а таксама прымем зычэнні ад сяброў вольнае Беларусі – Барыса Грабеншчыкова, Арцемія Троіцкага, Андрэя Макарэвіча, Юрыя Шаўчука ды іншых.

Усё гэта вы можаце глядзець праз спадарожнік у эфіры, на YouTube-канале Белсат Life, а таксама ў прыкладанні Belsat Smart для мабільных тэлефонаў (iOS і Android) і смарт-тэлевізараў.

Сустракайце Новы год з «Белсатам»!

belsat.eu

Стужка навінаў