Нацбанк выявіў парушэнні ў крэдытных дамовах банкаў


Нацбанк адправіў на адрас банкаў ліст у сувязі з выяўленымі падчас праверак парушэннямі заканадаўства адносна крэдытных дамоваў, паведамляе БелТА.

Паводле Банкаўскага кодэксу, крэдытадаўца не мае права ў аднабаковым парадку павялічыць памер працэнтаў за карыстанне крэдытам. Але ў некаторых крэдытных дамовах замацаванае права банку павялічыць памер працэнтнай стаўкі. Наяўнасць такіх умоваў не адпавядае заканадаўству, заявілі ў Нацбанку.

Асобныя банкі не выконваюць рэкамендацыі аб зніжэнні павышанага памеру працэнтаў за крэдыт для тых, хто не вярнуў крэдыт у тэрмін, а таксама рэкамендацыі аб суразмернасці штрафаў. Гэтак, некаторыя банкі за нясвоечасовы зварот павялічваюць працэнтную стаўку ў 2-3 разы.

Рэгулятар расцэньвае такія павышаныя адсоткі як дадатковыя штрафныя санкцыі за парушэнне ўмоваў крэдытнай дамовы. Акрамя гэтага крэдытаатрымальнікі абавязаныя выплаціць пені ў памеры ад 0,01 % да 3 % за кожны дзень пратэрміноўкі або штраф. Гэта не адпавядае рэкамендацыям Нацбанку аб неўжыванні двух і больш відаў штрафных санкцыяў за адно парушэнне.

З улікам гэтага банкам даручана да 1 жніўня прыняць меры да няўхільнага выканання патрабаванняў заканадаўства пры заключэнні і выкананні крэдытнай дамовы, забяспечыць суразмернасць штрафных санкцыяў з панесенымі банкам выдаткамі, а таксама зніжэнне падвышаных адсоткаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў