Нацбанк Украіны адмовіў Беларусі ў набыцці ўкраінскага «Сбербанку»


Нацбанк Украіны адмовіў беларускаму дзяржаўнаму «Паритетбанку» у набыцці ўкраінскай дачкі расейскага Сбербанка, паведамляецца ў прэс-рэлізе НБУ. Заяўка адхіленая ў сувязі з неадпаведнасцю заяўніка патрабаванням заканадаўства Украіны.

Як паведамлялася раней, «Паритетбанк» заставаўся адзіным прэтэндэнтам на гэтую здзелку. Па дадзеных выдання «Коммерсант», іншы прэтэндэнт на куплю банку – украінскі бізнесовец Валерый Харашкоўскі – адмовіўся ад гэтай ідэі праз «санкцыйныя рызыкі».

Меркавалася, што, улічваючы наяўнасць у Сбербанка даччынай структуры ў Беларусі, БПС-Сбербанка, здзелка дазволіла б часткова вярнуць каля 1 млрд долараў міжбанкаўскіх крэдытаў галаўной структуры ўкраінскаму падраздзяленню. З улікам гэтага максімальная цана здзелкі складала 170 млн долараў.

Неабходны пакет дакументаў у Нацбанк Украіны «Паритетбанк» падаў яшчэ 21 снежня.

Віктар Шэйман, фота EFE

Адзінай праблемай у здзелцы, паводле дадзеных «Коммерсанта», магла стаць фігура кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі Віктара Шэймана, якія застаецца пад санкцыямі Захаду праз падазрэнне ў датычнасці да выкрадання палітыкаў у 1999 годзе. І хаця ў дакументах «Паритетбанка» Шэйман нідзе не фігуруе, 99, 83% акцыяў банку належаць Упраўленню справамі прэзідэнта. Гэтым ведамствам Віктар Шэйман кіруе з 2013 года.

На сённяшні дзень Упраўленню справамі прэзідэнта падкантрольныя дзясяткі арганізацыяў: нацыянальныя паркі, заказнікі, гатэлі і курортныя комплексы (у тым ліку, у Крыме, краінах Балтыі і на Каўказе), культурна-забаўляльныя аб’екты, аўтатранспартная ўстанова, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Усяго Ўпраўленне справамі прэзідэнта валодае больш чым 400 абʼектамі нерухомасці і больш чым 100 арганізацыямі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў