Карэспандэнт belsat.eu пабываў на распродажы вайсковай маёмасці на кірмашы пад Варшаваю.
«Праветрыванне армейскіх складоў» зарганізавала прыватная фірма, што спецыялізуецца на распродажы спісанай вайсковай маёмасці – і не толькі польскай. У вёсцы Капана пад Варшаваю прыватнікі трымаюць цэлы склад такіх тавараў, у тым ліку – спісаную бранятэхніку.
Савецкая ракета тыпу «зямля-паветра» W-750 Wołchow – гэта, безумоўна, адна з самых смачных «разынак» на кірмашы. У часы камуністычнай Польшчы мелася бараніць неба ад натаўскіх самалётаў. Цяпер, без «начыння» яна можа паслужыць толькі як дэкарацыя. Кошт – 7 тыс. злотых або Br 35 млн. У Савецкім войску такія ракеты мелі назву С-75 «Дзвіна».
А гэта ўжо лот з Бундэсверу, падобна, з «лётным» прызначэннем.
Гэтыя прадметы цікавілі польскую моладзь хутчэй у якасці экспанатаў. А вось сапраўдным попытам карысталіся зусім іншыя тавары.
На кірмашы можна было купіць абсалютна неношаную форму. Напрыклад, вось такую куртку ад італьянскіх мілітары-дызайнераў.
Або сапраўдную італьянскую торбачку. Кошт – усяго каля Br 250 тыс.
Такія прапановы не маглі не зацікавіць тых, хто раўнадушна праходзіць міма Zara.
У продажы акрамя вайсковай вопраткі ёсць і ўніформа паліцэйскіх (натуральна, без нашывак і пагонаў). «Паліцэйскія камплекты добра спраўджваюцца ў якасці рабочага адзення» – гавораць гандляры.
Ёсць нават італьянскія шкарпэткі. Праўда, у 1,5 разы даражэй, чымся звычайныя ў супермаркеце.
Акрамя такіх утылітарных рэчаў, як вопратка, на кірмашы выстаўленыя на продаж старыя, але не добрыя УАЗікі. З першага ж погляду бачна, што гэтыя іржавыя каробкі на колах могуць быць цікавыя толькі «для фанатаў», якія гатовыя фінансава ўкласціся ў «сапраўдны савецкі джып».
Чаму УАЗ – «для фанатаў»? Бо за такі кошт (каля Br 40 млн) у Польшчы можна купіць «бессмяротны» Jeep Grand Cherokee на хадзе. А гэтаму УАЗу нават рамантычныя белыя пялёсткі не дапамогуць.
Працягваючы тэму не надта прыдатных для штодзённага ўжывання рэчаў: спісаныя прыборы на любы густ!
Кантэйнеры, скрыні, падшыпнікі, абмоткі, рухавікі… Калі ведаеш, што канкрэтна табе патрэбна, то знайсці можна практычна ўсё.
Гэты вагончык прыехаў з Нямеччыны. Стан – амаль што ідэальны.
Немцы ўмеюць не толькі рабіць, але і захоўваць тэхніку.
Унутры ўсё гатовае для падключэння «начынкі». Трэба толькі яе мець.
А хто шукае, той знойдзе! На кірмашы цэлыя скрыні са старым пыльным савецкім «электрахламам». Аднак вялікай цікаўнасці ён не выклікаў.
Пакупнікі прыглядаюцца да электрарухавікоў.
Падстаўкі пад нямецкія вінтоўкі Heckler & Koch. Такой колькасці хапіла б хіба на батальён. Кошт за штуку – каля Br 15 тыс.
Адзін з хітоў продажу – скрыні ад вайсковых прыладаў. З абабітымі бляхаю вугламі, яшчэ не адзін год паслужаць гаспадару. А аўтэнтычныя «вайсковы» надпісы дадаюць вагу для тых, хто любіць стыль мілітары.
Гэтыя скрыні каштуюць па Br 100 тысяч. Цяжка ўтырмацца і не купіць сабе адну-дзве на інструменты.
Сур’ёзныя рэчы, у добрым стане, як гэты дальнамер, каштуюць нямала. 1 тысяча злотых – гэта каля Br 5 млн.
Корпус ракеты К-5. Рэч у ідэальным стане, але абсалютна непатрэбная, калі ў вас няма самалёту МиГ-21.
І апошні, галоўны экспанат – танк Leopard 1A5. Да 1980 году гэта быў асноўны баявы танк ФРГ. Такія баявыя машыны дагэтуль мадэрнізуюцца і выкарыстоўваюцца ў шэрагу краінаў. Гэты экзэмпляр – фактычна толькі корпус каштуе каля Br. 600 млн. Але ахвотныя купіць яго мусяць заранёў папярэдзіць прадаўца.
Мяркуючы па тым, колькі тэхнікі засталося за плотам каля кірмашу, танкі – не надта папулярны тавар.
Зміцер Ягораў, belsat.eu