Настаўніцу сельскай школы звольнілі, бо ў жніўні хадзіла на мітынгі. Яна збіраецца ў суд


20 лістапада настаўніцу вёскі Заеліца (Глускі раён Магілёўская вобласць) звольнілі як неадпаведную пасадзе. У Анастасіі Шышковай няма педагагічнай адукацыі – паводле дыплому яна журналістка. Праўда, больш за год гэты факт не замінаў Анастасіі працаваць у сельскай школе настаўніцай працоўнага навучання і мастацтва.

Пра звальненне Анастасію не папярэджвалі, як таго патрабуе Працоўны кодэкс. Са звальненнем Шышкова не згодная і лічыць яго пераследам за погляды. Адстойваць праўду сельская настаўніца збіраецца ў судзе.

Настаўніцу Анастасію Шышкову звольнілі 20 лістапада паводле артыкулу. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Анастасія Шышкова разам з сям’ёй пераехала з Магілёва ў Заеліцу Глускага раёну тры гады таму. Сужэнству не падабалася экалагічная сітуацыя ў Магілёве, а ў вёсцы былі ўсе ўмовы для жыцця: добрая школа-сад, фельчарскі пункт. У Анастасіі двое дзяцей. Адразу пасля адпачынку для догляду за дзецьмі яна пачала шукаць працу дзе жыве, у Заеліцы.

Самая маладая настаўніца ў школе

«Ісці працаваць журналісткай у глускай раённай газеце я не магла – там усе месцы былі занятыя, прычым людзьмі без профільнай адукацыі. На пасадах журналістаў там працуюць філолагі. У жніўні 2019 года ў мясцовай школе вызвалілася пасада настаўніка працоўнага навучання, і я ўладкавалася на гэтае месца», – кажа Анастасія.

Анастасія не хавае, што ейная маці – Святлана Лабадаева – тады працавала дырэктаркаю Заеліцкага настаўніцка-педагагічнага комплексу (так афіцыйна завецца мясцовая дзіцячая школа-садок) і стала яе непасрэднаю начальніцаю. Са словаў жанчыны, знайсці кагосьці на месца настаўніка працы было складана: усяго 7 гадзінаў на тыдзень. Анастасія пагадзілася, бо іншага месца не знайшла, а да таго ж выдатна шые і вяжа.

Былая дырэктарка школы Святлана Лабадаева.
Фота: газета «Радзіма»

«Калектыў у заеліцкай школе – пенсійнага ўзросту. Я была там самай маладой настаўніцай. Я люблю працаваць з дзецьмі, я была для іх як сяброўка, знаходзіла з імі супольную мову. Пазней мне далі яшчэ 4 вучэбныя гадзіны – урокаў мастацкай культуры», – распавядае 32-гадовая Анастасія.

Шышкова вяла ўрокі ў вучняў з 5 да 9 класу. Анастасія ўпэўненая, што на ейнае месца нікога не знойдуць, і прыйдзецца размяркоўваць гадзіны паміж настаўнікамі.

«У аграгарадку кадравы калапс. Калі і шукаць новага настаўніка, то толькі ў Глуску. Ад Глуску да Заеліцы – 25 кіламетраў. Хто пагодзіцца ездзіць, каб весці 7 гадзін на тыдзень? Давядзецца рабіць, як і з расейскай мовай: 6 гадзінаў прадмету ў школе аддалі 70-гадовай настаўніцы англійскай мовы», – тлумачыць Анастасія.

Пераслед за грамадзянскую актыўнасць

Са словаў Анастасіі, усё пачалося, калі яна пайшла незалежнаю назіральніцаю ад ініцыятывы «Сумленныя людзі». У жніўні яны з мужам назіралі за выбарамі ў Магілёве, а пасля бралі ўдзел у мітынгах у Глуску.

У жніўні 2020 года ў Глуску людзі таксама выходзілі на цэнтральную плошчу з кветкамі ў руках і патрабавалі сумленных выбараў. Паводле назіранняў Анастасіі, максімальная колькасць удзельнікаў мітынгу была каля 250 асобаў. Салідарнасць выказвалі і кіроўцы аўтамабіляў, якія праязджалі міма. А супрацоўнікі ДАІ запэўнівалі бяспеку і парадак падчас акцыяў.

Анастасія Шышкова падчас жнівеньскіх акцый у Глуску. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Рэпрэсіі за ўдзел у мітынгах адчулі ўсяго некалькі чалавек, у тым ліку Шышкова і ейная сяброўка. Апошнюю пакаралі штрафам, а пасля забралі ў яе машыну – нібыта дзеля праверкі VIN. Шышкову 23 жніўня выклікалі на размову ў Глускі РАУС. Там ёй вынеслі папярэджанне, і больш яна мітынгаў не наведвала.

«Мне ўсе казалі: навошта гэта табе, падумай пра дзяцей. А я менавіта пра дзяцей і думала. У якой краіне яны будуць жыць? Я змагарка за правы, я не магу глядзець, як людзі парушаюць закон, на бясчынства чыноўнікаў», – тлумачыць сваё рашэнне Анастасія.

Пад парушэннем закону былая настаўніца мае на ўвазе менавіта вынікі выбараў прэзідэнта ў Беларусі. На адным з магілёўскіх участкаў з 2017 выбарнікамі Святлане Ціханоўскай напісалі ўсяго 17 галасоў, што зняпраўджваецца назіраннямі сям’і Шышковых.

Першай звольнілі маці Анастасіі

«Ад маёй маці Святланы Лабадаевай начальніца аддзелу адукацыі Глускага райвыканкаму Святлана Лісіца патрабавала звольніць мяне за дзень. Маці зрабіць гэтага не магла, бо згодна з Працоўным заканадаўствам яна як кіраўніца мусіць папярэдзіць працаўніка за два месяцы», – кажа Анастасія.

Запіс у працоўнай кніжцы Шышковай. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У выніку 5 лістапада з пасады дырэктаркі навучальна-педагагічнага комлексу звольнілі саму Святлану Лабадаеву. Ёй знайшлі замену, але новая дырэктарка прабыла на пасадзе два дні ды сышла сама.

Чарговы дырэктар школы Канстанцін Сцепчанка звольніў Анастасію ў першы свой працоўны дзень, 20 лістапада. Запіс у працоўнай кніжцы Шышковай сведчыць, што яе звольнілі паводле п. 3 арт. 44 Працоўнага кодэксу – за парушэнне ўстаноўленых правілаў прыёму на працу. Як патлумачылі жанчыне, менавіта за адсутнасць дыплому настаўніка.

«Аддзел адукацыі Глускага райвыканкаму наняў на месца дырэктара Заеліцкага настаўніцка-педагагічнага комплексу чалавека, які мае адукацыю настаўніка фізічнай культуры. Раней ён працаваў у басейне ў Глуску. Мне здаецца, што ягонай асноўнай задачай было менавіта пазбавіцца ад мяне. Пабачым, як ён справіцца з кіраваннем школай», – кажа Анастасія.

Сваё звальненне Анастасія звязвае з палітычнымі поглядамі. І кажа, што збольшага была гатовая да такога павароту падзеяў.

Калі рухне школа, рухне і Заеліца

«Тут усё было завязанае на школе. Я сама сюды пераехала з дзецьмі, бо ведала, што яны змогуць атрымаць добрую адукацыю. Яны звольнілі маю маці, якая шмат сілаў уклала ў гэтую школу. Ну год яшчэ школа пратрымаецца на тым, што было зроблена раней, а далей што? – задае рытарычнае пытанне Анастасія. – Як толькі рухне гэтая школа, рухне ўвесь аграгарадок. Я не хачу зʼязджаць, але ўмовы для жыцця тут значна пагоршыліся. Калі мы сюды прыехалі, у Заеліцы быў свой тэрапеўт. Цяпер тэрапеўт прыязджае два разы на месяц. Паўстала пытанне і з адукацыяй для дзяцей. 23 лістапада мяне не пусцілі ў школу, дзе я працавала і куды ў першы клас ходзіць маё дзіця. Прычым зрабіў гэта новы дырэктар Канстанцін Сцепчанка», – кажа Анастасія Шышкова.

У лістападзе Анастасія ездзіла на прыём да старшыні Глускага райвыканкаму, каб патлумачыць яму сітуацыю. Але ён не паспрыяў развязанню канфлікту.

«Вельмі хочацца справядлівасці, але ў маленькіх паселішчах яе дабіцца цяжэй. Мясцовыя чыноўнікі адчуваюць сябе тут царамі і лічаць, што могуць рабіць што заўгодна», – выказвае сваю думку Анастасія.

Анастасію падтрымліваюць калегі ды сябры, але перад мясцовымі чыноўнікамі яна ўсё роўна адчувае бяссілле. Жанчына кажа, што абавязкова пойдзе абараняць свае правы ў суд. Паводле адваката, працоўнае заканадаўства – на баку звольненай настаўніцы.

На просьбу «Белсату» пракаментаваць звальненне настаўніцы Анастасіі Шышковай, новы дырэктар школы Канстанцін Сцепчанка адказаў наступнае: «Выбачайце, я гэтая пытанне каментаваць не буду, да пабачэння».

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў