Настаўнікі ў школах білі ўказкай, кідаліся крэйдай, але нікога з іх не звальнялі


Настаўніцу Гомельскай школы, якая трымала парту над галавой вучня і брудна лаялася, Лукашэнка ўзнавіў на працы. Belsat.eu апытаў людзей пра іхныя школьныя гады: як вучні даводзілі настаўнікаў і як настаўнікі помсцілі дзецям за кепскія паводзіны.

У Гомлі настаўніца пагражала забіць 4-класніка, бо той смяяўся (відэа)

Ірына Арахоўская, фатографка:

– Мая настаўніца па матэматыцы біла нас указкай, выганяла, крычала, выкідала нашыя рэчы праз вакно. Я яе баялася, часта плакала і, канешне, гэта адбілася на маіх адзнаках. Дайшло да тройкі за чвэрць, а я вучылася ў гімназіі, за гэта маглі адлічыць. Мая мама арганізавалася з іншымі бацькамі і настаўніцу нам памянялі.

Новая настаўніца была процілегласцю старой і я хутка палюбіла прадмет. Паралельна мама наняла мне рэпетытара і мая тройка ператварылася ў восем балаў. Праз год мяне адправілі на школьную алімпіяду, дзе ў камісіі сядзела мая старая матэматычка. Яна не паверыла ў мае поспехі і нават пайшла спраўджваць, ці не паблыталі спісы.

Малюнак: Дэ Лёс

Святлана Пажарава, Гомель:

– Мяне настаўніца ў 3 класе ўдарыла цяжкой хрэстаматыяй па галаве, бо я шапталася з сяброўкай. Яна замяняла маю першую настаўніцу, якая была вельмі цудоўная. Прыйшла мая бабуля ў школу і ўстроіла ёй «вырваныя гады». Перад бабуляй настаўніца выбачылася, але яе саму не звольнілі. А вось у 6-ым класе настаўніца па гісторыі моцна піла. Яна сядзела п’яная на ўроках і казала «паччтыйцці пргф 7».

Марыя Грыц, журналістка:

– Дзядзечку, што выкладаў фізіку, мы называлі Клоп. Ён быў вельмі нервовы, кідаўся ў нас крэйдай, лінейкамі, моцна крычаў нават за тое, што хтось рыпнуў крэслам. Мы не былі прыўкраснымі вучнямі, але дужа яго баяліся. Неяк ён запытаў, якія бываюць крыніцы току. Мая аднакласніца шчыра адказала: разетка. Клоп крычаў на нас цэлы ўрок, маляваў нейкую абракадабру на дошцы. Праз палымянасць гэтай прамовы мы нічога не разумелі. Потым настаўнік суцішыўся і зноў запытаў: якія бываюць крыніцы? Іншая паненка шчыра (не каб яго пазлаваць!) кажа: разетка. Тут у клас паляцела ўсё, што было на настаўніцкім стале. А як ён крычаў…

Малюнак: Дэ Лёс

Другая настаўніца была чароўнай. Прыйшла яна да нас, падаецца, пасля ўніверу. Калі гэтая пані звярталася да вучня на «Вы», мы пачыналі глядзець адзін на аднаго бо думалі, што яна мае на ўвазе ўсю групу. Яна выглядала прыўкрасна і строга, шмат жартавала з намі, але багата патрабавала, ніколі не пераходзіла да панібрацтва і не размаўляла, як з малымі. У маёй групе былі розныя вучні, і хуліганы ў тым ліку, але на ўроках ангельскай мы ажно пішчалі, каб добра сябе паводзіць і ўразіць настаўніцу ведамі. У яе быў непахісны аўтарытэт.

Ганна з Менску:

– У нас была жанчына ў медычным пункце, у якой быў адзіны лек на ўсе хваробы. Баліць ці кружыцца галава, баліць сэрца, тэмпература – парада была адная: «ідзі прасярыся», і вельмі ветліва выдавала нават паперку. Аднойчы яна звалілася ў школе з лесвіцы і паламала сабе косткі. Так і хацелася падысці да яе, даць паперку і сказаць «ідзі прасярыся».

Аляксей Кайрыс, журналіст:

– У мяне матэматычка на тых, хто не ведаў яе прадмет добра, абзывалася баранамі, асламі і казала: «ты не ведаеш матэматыку – будзеш бамжом». А хіміца кідалася крэйдай у тых, хто не ведаў хімію. А яшчэ, намесніца дырэктара па выхаваўчай працы зачыніла мяне ў сваім кабінеце і прымушала запоўніць паперчыну на ўступленне ў БРСМ, бо я адзіны са школы ў яго не ўступаў. Прыйшлося парваць бланк, каб яна канчаткова зразумела, што я туды не ўступлю.

Малюнак: Дэ Лёс

Таццяна Уласенка, журналістка:

– У нас настаўнік ангельскай мовы раструшчваў хрушчоў на галовах вучняў. А яшчэ мяне публічна перад усей школай на бацькоўскім сходзе пазбавілі звання акцябронка.

Дзіма з Горадні, 36 год:

– У нас было некалькі асобаў у класе, для якіх было хобі «даводзіць настаўнікаў». Прычым даводзіць да гістэрык, слёз, крыкаў. Фактычна, гэта быў булінг з боку вучняў і вучаніц. Найбольш даставалася самым мяккім. Гэта не былі банальныя кнопкі на крэсла. Гэта былі спрэчкі, смяшкі, абразлівыя каментары, перадражніванні. Усё, што настаўніцы маглі зрабіць – крыкнуць, хлопнуць журналам аб стол, выбегчы з класы. Ніхто і ніколі на вучняў руку не падымаў, што б не здарылася. Але была, напрыклад, і настаўніца, якая звярталася да класа «стадо баранов». Былі і настаўніцы з моцным характарам, на ўроках якіх усе, нават самыя аторвы, сядзелі ціхенька як зайчыкі.

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Ігар Кулей з Берасця:

– Берасце, школа №29. Мілая настаўніца ангельскай мовы Марына Генадзьеўна магла кінуць звязкай з 7-10 ключоў у вучня. На шчасце, прафесійна яна гэтым не займалася, а таму праляталі ключы каля вуха. Настаўнік прадмету «Чалавек і грамадства» па прозвішчы Сакалоў адразу паказваў месца 12-13 гадовым дзеткам у гэтым грамадстве: металічным ланцужком да сінякоў біў хлопцаў па руках, каб не гарталі сшыткі ці падручнікі. Адчыніў на патрэбнай старонцы і сядзі, глядзі туды, навошта наперад лезеш? На шчасце, дзяўчынак не чапаў. Мог па восені каштанамі кідацца, калі на апошняй парце нехта размаўляе. А потым прасіў прынесці каштан таго вучня-ахвяру, у якога кідаўся, пасля чаго мог паўтарыць працэс. Настаўнік спеваў мог вывесці вучня з класу і, пакуль ніхто не бачыць, урэзаць яму разок-другі. Але ніхто не скардзіўся, усе ўспрымалі гэта як норму жыцця.

Дзеля справядлівасці, клас быў не самы спакойны – 30 дзяцей у адным пакоі гэта заўсёды выклік. Але былі і тыя настаўнікі, мудрасць і вытрымку якіх разумееш толькі праз шмат гадоў. Якія трымалі сябе ў руках і дзейнічалі па-іншаму. Шукалі, як зацікавіць клас і валодаць увагай усе 45 хвілінаў. Ці падкупалі сваёй выключнай справядлівасцю (адсутнасцю любімчыкаў і медалістаў на сілу), выклікалі павагу ў падлеткаў, якія ў гэтым узросце адмаўляюць любым аўтарытэтам. І праз шмат гадоў ты ўзгадваеш такіх настаўнікаў і думаеш: во людзі былі – глыбы!

Малюнак: Дэ Лёс

Андрэй Фралоў з Горадні:

– У нашай школе былі малыя класы і вельмі тоўстая матэматычка. Мы ставілі ўсе парты да дошкі, каб ёй цяжка было перасоўвацца, і прыносілі зэдлік са сталоўкі, бо ён быў для яе замалы, а настаўніцкае крэсла адносілі ў канец класа. Смешна выглядала, як яна ёрзала на гэтым зэдліку, пакуль мы пісалі самастойную працу. Яшчэ на ейных уроках на задніх партах квартэтам спявалі «Чорны воран», пакуль яна пісала на дошцы, а як толькі паварочвалася – замаўкалі. І так цэлы ўрок.

Каментатары бароняць настаўніцу, якая пагражала ўдарыць школьніка партай – вось іх аргументы

Вольга Ярохіна, рэдактарка сайту Belsat.eu:

– З большага ў маёй любімай школе №65 у Менску былі выдатныя настаўнікі. І з намі было вельмі цяжка – у класе было 42 вучні! Не памятаю, каб настаўнікі на нас крычалі – хоць мы даводзілі іх моцна. Напрыклад, на занятках па спевам мы збягалі праз вакно (першы нізкі паверх), пакуль нам нешта гралі на фартэпіяна. Настаўнік па гісторыі мог цягам аднаго ўроку крыкнуць «Таааак, ціха!» – мы нават падлічвалі, што за 45 хвілінаў ён мог прамовіць гэта разоў 20-25. Уяўляеце, якая была атмасфера ў 6-ым «А»? Настаўнік па матэматыцы ў 6-ым класе ставіў нам на кантрольныя пласцінкі з класічнай музыкай – хтосьці яму сказаў, што пад добрую музыку лепей веды згадваюцца. Мы пісалі кантрольныя на выдатна – з-за таго, што пад музыку не было чуваць, як шпаргалкі дастаем.

З кепскага магу прыгадаць настаўніцу музыкі. За кожны «не той палец на клавішах фартапіяна» яна біла мяне ўказкай па пальцах. Год у яе адвучылася і потым тры гады адмаўлялася працягваць заняткі – такая была траўма псіхалагічная.

Алена з Пінску:

– У нас была настаўніца ангельскай – дарэчы, заслужаная настаўніца БССР, – якая гаўкала на нас як сабака. Пэўна, так яна нам паказвала, якія мы, вучні, – сабакі. А аднойчы нашая класная зрабіла эксперымент: сумесны з бацькамі сход, дзе кожны з вучняў меўся выходзіць перад усімі і расказваць, чаму ён так дрэнна сябе паводзіць ці вучыцца – сапраўдны допыт. Большасць вучняў раўлі і няўцямна апраўдвалася. Гэта быў першы і апошні такі эксперымент.

Віталь з Віцебску:

– Настаўнік па працоўнаму навучанню кідаўся ў дзяцей малатком, калі яны нешта не так рабілі. А яшчэ пужаў нас тым, што засоўваў нашыя пальцы ў станок. Праўда, мы тады асабліва гэтым не пераймаліся.

Глядзі таксама
Каментары