«Нашыя інтарэсы супадалі з інтарэсамі Нацбанку». У судзе над Уцюрыным распавялі пра сістэму адкатаў


У судзе па справе аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, кампютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння 12 сакавіка распачаўся допыт абвінавачаных. З 16 фігурантаў справы цалкам не прызнаюць сваю віну толькі двое.

У трэці дзень працэсу па справе былога начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Андрэя Уцюрына быў дапытаны старшыня праўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру Фелікс Каспяровіч.

«У інтарэсах Нацбанку»

Каспяровіч быў арыштаваны КДБ 29 снежня 2018 года падчас атрымання чарговага хабару. Ён адразу прызнаўся ў шматлікіх карупцыйных злачынствах, напісаў яўку з павіннай на імя старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, а потым заключыў дасудовае пагадненне. Дасудовае пагадненне заключыў і ягоны саўдзельнік, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогіяў Нацбанка Андрэй Падгорны.

Суд па справе Андрэя Уцюрына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Каспяровіч і Падгорны з 2000-х працавалі ў Нацбанку. Першы хабар, які фігуруе ў абвінавачванні, яны атрымалі яшчэ ў 2007 годзе. Пасля заключэння кантракту на пастаўкі абсталявання ад IBA топ-менеджар гэтай кампаніі сказаў Каспяровічу, каб той разам з Падгорным забраў сваю долю ў Ігара Кудасава – свайго тагачаснага начальніка па Нацбанку. Каспяровіч разам з Падгорным прыехалі дадому да Кудасава і той перадаў сваім падначаленым 20 тысяч долараў у скрыні з-пад гарбаты. Грошы яны атрымалі за тое, што займаліся падрыхтоўкай неабходнай дакументацыі і візіравалі кантракт з IBA. Праўда, сам Кудасаў, які паводле следства пакінуў сябе з гэтага адкату $ 10 тысяч, сваёй віны не прызнае.

«Я дапусціў слабасць, – сказаў на судзе Каспяровіч. – Я разумеў, што гэта незаконна. Але я меркаваў, што не наношу гэтым ніякай шкоды. Я разумеў, што нашыя інтарэсы супадаюць з інтарэсамі Нацбанку. Я ўспрымаў гэта як узнагароду за добрую працу, заахвочванне».

Каспяровіч і Падгорны працавалі ў адным аддзеле і разам візіравалі дакументы на пастаўкі банкаўскага праграмна-тэхнічнага абсталявання, таму і грошы з адкатаў пачалі дзяліць пароўну – 50 на 50. Як тлумачыў на судзе Каспяровіч, наступны адкат яны таксама атрымалі за кантракт, які быў «у інтарэсах Нацбанку». Таму $ 80 тысяч ад кіраўніка кампаніі «Салідэкс» Сяргея Пакрышкі ён успрыняў проста як «чалавечую ўдзячнасць за добрую працу» (Пакрышка, дарэчы, сваю віну не прызнае).

Пачынаючы з 2007 года Каспяровіч і Падгорны набралі адкатаў ад розных камерцыйных структураў на агульную суму ў больш чым $ 860 тысяч. Часам грошы перадаваліся за мяжой: у адным выпадку – у Вільні, у іншым – у Падмаскоўі (тады хабар у $ 200 тысяч працаўнікам Нацбанку проста загрузілі ў машыну пакуль яны пілі каву ў прыдарожным кафэ). Арыштаваны Каспяровіч быў ужо падчас атрымання хабару ў якасці старшыні праўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру.

Hавiны
Былы кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта прызнаў віну. Падрабязнасці справы Уцюрына
2020.03.11 12:43

Адкат за інсайд

12 сакавіка ў судзе былі дапытаныя былы топ-менеджар «БПС-Сбербанку» Юрый Панамароў і топ-менеджар ТАА «Мабільны сэрвіс» Аляксандр Броўка. Абодва сваю віну цалкам прызнаюць.

Падсудныя Аляксандр Броўка (справа ў цёмных акулярах), Сяргей Шаркоў і Уладзімір Томчанка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Панамароў з 2012 па 2017 год быў дырэктарам дэпартаменту інфармацыйных тэхналогіяў «БПС-Сбербанку» і чальцом камітэту аб закупах. У 2014 годзе ён пазнаёміўся з Броўкай, як з патэнцыйным контрагентам. Праз некаторы час Броўка прапанаваў Панамарову злётаць у Лондан на канферэнцыю па камунікацыйных тэхналогіях. Прадстаўнік банку разам з сям’ёй паляцеў у Лондан за свой рахунак, але ў апошні момант Броўка прапанаваў яму аплаціць пражыванне ў гатэлі (£ 1 000) і Панамароў пагадзіўся.

У 2015 годзе Панамароў аддзякаваў Броўку. Кіраўнік дэпартаменту банку запрасіў да сябе Броўку і перадаў яму інсайдэрскую інфармацыю пра падрыхтоўку тэндару на закуп банкам тэлекамунікацыйнага абсталявання. Гэты інсайд дазволіў «Мабільнаму сэрвісу» найлепшым чынам падрыхтавацца да таргоў і перамагчы. За гэта Панамароў атрымаў ад Броўкі $ 8 тысяч у канверце. Праз год сітуацыя з тэндарам і адкатам паўтарылася – цяпер Панамароў атрымаў $ 5 тысяч.

Абодва абвінавачаных сцвярджаюць: ніякіх папярэдніх дамоўленасцяў пра адкаты яны не мелі, хабары даваліся «па факце», а сумы не ўзгадняліся загадзя. На пытанне суддзі, навошта ён браў хабары, Панамароў адказаў:

«Слабасць. Не змог адмовіцца».

Броўка сцвярджаў на судзе, што кіраўніцтва «Мабільнага сэрвісу» нібыта нічога пра адкаты Панамарову не ведала, а грошы на хабары ён браў з уласных сродкаў. Інтарэс, паводле яго, быў асабісты: Броўка атрымліваў прэміяльны працэнт з чыстага прыбытку ад кожнай здзелкі.

Цікавы факт: Панамароў адзіны з 16 фігурантаў працэсу, хто ніколі не знаходзіўся пад вартай. Справа ў тым, што ён адразу распавёў пра ўсё КДБ, калі чэкісты толькі зацікавіліся кантактамі «Мабільнага сэрвісу» і «БПС-Сбербанку». Броўка ж спачатку сваю віну адмаўляў, праз што працяглы час знаходзіўся ў СІЗА (пазней яго перавялі пад хатні арышт).

Hавiны
Першы дзень судовага працэсу па справе Уцюрына. Галоўнае
2020.03.10 18:51

Карупцыйны сэрвіс

Суд па справе Андрэя Уцюрына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На лаве падсудных апынуўся і фактычны кіраўнік кампаніі «Мабільны сэрвіс» Уладзімір Жылін. Яго вінавацяць у даванні хабараў на агульную суму ў больш чым $ 900 тысяч. Каля $ 500 тысяч ён перадаў Феліксу Каспяровічу і Андрэю Падгорнаму, каля $ 400 тысяч – гендырэктару «Белтэлекама» Сяргею Сівадзедаву.

Жылін і Броўка былі затрыманыя КДБ яшчэ ў снежні 2018 года. У снежні 2018-га, у момант перадачы хабару прадстаўніцай «Мабільнага сэрвісу» Турчыной, арыштавалі і Фелікса Каспяровіча. Хутчэй за ўсё, менавіта праз хабары ад кампаніі «Мабільны сэрвіс» цяперашняя «справа 16-ці» і пачала раскручвацца. Дарэчы, летась адбыўся судовы працэс над чыноўнікам Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Упраўлення справамі прэзідэнта Яўгенам Несцяровічам – там таксама фігуравалі адкаты ад прадстаўнікоў «Мабільнага сэрвісу».

Аднак гэтая фірма звязана не са ўсімі падсуднымі па «справе 16-ці». У абвінавачванні, напрыклад, Уцюрына «Мабільны сэрвіс» ніяк не фігуруе. У першы дзень суду Броўка і Панамароў наагул хадатайнічалі аб вылучэнні іх справы ў асобны судовы працэс. Яны падкрэслівалі, што з большасцю фігурантаў справы яны нават не былі знаёмыя і да іншых карупцыйных эпізодаў не маюць дачынення. Аднак суд гэтую просьбу не задаволіў.

Hавiны
Што трэба ведаць пра справу экс-начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Андрэя Уцюрына?
2020.03.09 18:26

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў