Былы кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта прызнаў віну. Падрабязнасці справы Уцюрына


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Былы намеснік дзяржаўнага сакратара Андрэй Уцюрын цалкам прызнаў сваю віну ў атрыманні хабараў на агульную суму $ 192 тысячы.

11 сакавіка на судовым паседжанні пракуроры зачыталі абвінавачванні супраць Андрэя Уцюрына. Паводле следства, у 2018 годзе Уцюрын «з выкарыстаннем урадавай сувязі» даў загад гендырэктару «Белтэлекам» Сяргею Сівадзедаву і міністру сувязі Сяргею Папкову заключыць кантракт на пастаўку апаратнага комплексу «Смартзала» расейскай кампаніі «Смартлабс». Уцюрын патлумачыў свой загад «дзяржаўнымі інтарэсамі». Аднак насамрэч ён дамовіўся з грамадзянінам РФ Уладзімірам Казанцавым, што за гэта атрымае адкат у памеры 1/3 прыбытку ад кантракту. Кантракт быў заключаны на агульную суму $ 6 млн 859 тыс. Адкат Уцюрына склаў $ 183 тысячы. Частку хабару ($ 34 400) Казанцаў і яшчэ адзін грамадзянін РФ Віталь Гарбачоў перадалі сілавіку ў лютым 2019 года ў менскім Union Coffee. Падчас перадачы асноўнай часткі адкату ($148 600) Уцюрына затрымаў КДБ.

Ігар Шуневіч і Андрэй Уцюрын праводзяць нараду па барацьбе з наркотыкамі, 2018 год. Фота – mvd.gov.by

Амаль за 4,5 гады да гэтых падзеяў Уцюрын падаў на імя Аляксандра Лукашэнкі дакладную запіску, дзе абгрунтоўвалася неабходнасць мадэрнізацыі тэхнічных сродкаў аховы і нагляду Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. У 2015 годзе Уцюрын даў загад кіраўніку ДВП Сяргею Дарошка, якія фірмы трэба запрасіць для ўдзелу ў закрытым конкурсе на пастаўкі абсталявання аховы і нагляду. У таргах, што праходзілі па спрошчанай сістэме, перамагла фірма «Сувязькам».

Дырэктар «Сувязькам» Уладзімір Томчанка за гэта перадаў Уцюрыну праз Казанцава $ 9000. Папярэдняя дамоўленасць пра адкат у намесніка дзяржсакратара Савету Бяспекі была дасягнутая з яшчэ адным грамадзянінам РФ – Маліным.

Грошы Уцюрыну перадалі на вуліцы Карла Маркса 38 – побач з будынкам Савету Бяспекі.

Таксама Уцюрын, паводле следства, падбухторваў Казанцава даць хабар кіраўніку «Белтэлекама» Сівадзедаву за заключэнне кантракта на пастаўкі абсталявання расейскай кампаніяй «УГМК-Тэлекам». («УГМК-Тэлекам» – гэта вядомы ў РФ аператар сувязі, падкантрольны алігарху Іскандару Махмудаву). Хабар Сівадзедаву перадалі ў пачатку 2019 года. Што з гэтага мусіў атрымаць Уцюрын у абвінавачванні не тлумачылася.

«Сваю віну прызнаю ў поўным аб’ёме, але маю сумневы наконт кваліфікацыі некаторых дзеянняў», – заявіў Уцюрын на судзе.

Казанцаў, Гарбачоў і Томчанка перадачу хабараў Уцюрыну таксама прызналі.

Hавiны
Што трэба ведаць пра справу экс-начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Андрэя Уцюрына?
2020.03.09 18:26

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў