Што трэба ведаць пра справу экс-начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Андрэя Уцюрына?


Заўтра, 10 сакавіка, Вярхоўны Суд распачне разгляд гучнай карупцыйнай справы. На лаве падсудных – 16 чалавек. Галоўны абвінавачаны – экс-начальнік Службы бяспекі прэзідэнта, былы намеснік дзяржсакратара Савету бяспекі Андрэй Уцюрын. Belsat.eu распавядае, што вядома пра Уцюрына і ў чым сутнасць гэтай крымінальнай справы.

10 сакавіка Вярхоўны Суд распачне разгляд справы аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння. Працэс пройдзе ў будынку Маскоўскага раённага суда сталіцы.

На лаве падсудных – 16 чалавек: частку вінавацяць у атрыманні, а частку – у даванні хабараў. Агульная сума хабараў перавышае $ 1,5 млн. Найбольш вядомы фігурант справы – былы намеснік дзяржсакратара Савету бяспекі, экс-начальнік Службы бяспекі прэзідэнта Андрэй Уцюрын.

Хто такі Уцюрын

Бацька Уцюрына Аляксандр – кадравы сілавік. Нарадзіўся ў 1938 годзе, скончыў Саратаўскае вайсковае вучылішча МУС СССР, а потым Вайсковую акадэмію імя Фрунзе. Служыў на закрытых атамных вайсковых аб’ектах – Чэлябінск-40, Томск-7, Пенза-19. З 1977 па 1986 год быў камандзірам вайсковай часткі 3214 на тэрыторыі БССР.

Менавіта ў часы службы ў Пензе-19, у 1971 годзе, у Аляксандра Уцюрына нарадзіўся сын Андрэй. Андрэй Уцюрын пайшоў па слядах бацькі: таксама скончыў Саратаўскае вайсковае вучылішча, служыў у в\ч 3214. Напачатку 90-х Уцюрын быў адным з першых, хто ў 3214 атрымаў крапавы берэт, – нароўні з цяперашнім кіраўніком МУС Юрыем Караевым.

Андрэй Уцюрын. Фота – mvd.gov.by

У 1995 годзе Андрэй Уцюрын трапіў у Службу бяспекі прэзідэнта (СБП). Ён працяглы час узначальваў упраўленне асабістай аховы Лукашэнкі. А з 2007 па 2014 год быў кіраўніком СБП. Пасля Плошчы-2010 Андрэй Уцюрын трапіў пад санкцыі ЕЗ.

«Ён з самага пачатку прэзідэнцтва прэзідэнта Лукашэнка быў у яго асабістай ахове. Быў асабістым целаахоўнікам. Дарос да начальніка службы бяспекі, курыраваў бяспека ягонага сына Колі, які практычна вырас у яго на руках. Гэта значыць блізкі-блізкі чалавек», – казаў пра Уцюрына галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў.

У 2014 годзе Лукашэнка прызначыў Уцюрына намеснікам дзяржсакратар Савету Бяспекі. Гэтае прызначэнне ўспрымалася неадназначна: адныя казалі, што Уцюрын пайшоў на павышэнне, іншыя сцвярджалі, што ён наадварот трапіў у апалу. Паводле чутак, прычынай апалы быў скандал са званком «сына Януковіча»: у 2014-м расейскі пранкер змог наўпрост датэлефанавацца Лукашэнку пад выглядам сына беглага ўкраінскага экс-прэзідэнта Віктара Януковіча і пацікавіўся, ці зможа той разлічваць на прытулак у Беларусі. Нібыта Лукашэнка ўспрыняў гэта званок як пракол сваёй Службы бяспекі.

Аднак калі сыходзіць з больш позніх выказванняў Лукашэнкі, атрымліваецца, што ў Савет Бяспекі Уцюрына перавялі як раз таму, што праваахоўныя органы пачалі яго падазраваць у карупцыі.

«Калі б ён у мяне быў па-за падазрэннямі, ён бы да гэтага часу працаваў начальнікам Службы бяспекі, – казаў Лукашэнка ўжо пасля арышту Уцюрына. – Ужо тады да яго былі пытанні. Хлопец малады, і добры бок у яго быў як у чалавека, не ўсё было дрэнна. У мяне былі пэўныя падазрэнні. Яму быў прадстаўлены шанец – ідзі і працуй. Што, намеснік дзяржсакратара – кепская пасада для вайсковага чалавека?»

Ігар Шуневіч і Андрэй Уцюрын на пленуме цэнтральнай рады БФСТ «Дынама», 2015 год. Фота – mvd.gov.by

У Савеце Бяспекі Уцюрын, у прыватнасці, курыраваў МУС. Прымаў удзел у калегіях МУС і міжведамственых нарадах – у тым ліку па пытаннях барацьбы з наркотыкамі.

У чым вінавацяць Уцюрына

Андрэя Уцюрына затрымалі ў красавіку 2019 года, яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 430 (даванне хабару) Крымінальнага кодэксу. КДБ сцвярджаў, што намесніка дзяржсакратара Савету Бяспекі арыштавалі падчас атрымання хабару ў памеры $ 148 600 ад прадстаўніка расейскай фірмы.

Будынак КДБ у Менску.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

У снежні 2019 года КДБ завершыў расследаванне справы Уцюрына і абвесціў, што яго вінавацяць у атрыманні хабараў на агульную суму не менш за $ 190 000, а таксама ў падбухторванні да давання хабараў. Гаворка ідзе пра карупцыю ў ходзе паставак у Беларусь телекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння.

Паводле Лукашэнкі, спецслужбы распрацоўвалі Уцюрына 1,5-2 гады і мелі шмат фактаў супрацьпраўнай дзейнасці сілавіка, але пры першым падазрэнні затрымліваць не сталі.

«Было маё жалезабетоннае патрабаванне: чалавек, які мае «індульгенцыю» ад прэзідэнта, павінен быць затрыманы толькі пры наяўнасці жалезабетонных доказаў», – падкрэсліў Лукашэнка.

Такім чынам, калі верыць гэтым словам Лукашэнкі, Уцюрына спецслужбы распрацоўвалі прыкладна з 2017 года. Але ж сам Лукашэнка адначасова казаў, што Уцюрына ён пачаў падазраваць у карупцыі яшчэ падчас працы ў Службе бяспекі прэзідэнта – то бок не пазней за 2014 год. Але доўгі час дзейнічала так званая «індульгенцыя» ад кіраўніка дзяржавы: толькі 24 красавіка 2019 года Лукашэнка падпісаў указ аб звальненні Уцюрына з дзяржаўнай службы «за здзяйсненне правінаў, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага».

«Сёння ён сваю віну не адмаўляе, таму што на стол пакладзеныя факты, дзе ён гэтыя грошы бярэ і куды выкарыстоўвае», – адзначыў Лукашэнка ў жніўні 2019 года.

Уцюрыну пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Каго будуць судзіць разам з Уцюрыным

Разам з Уцюрыным па справе аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь телекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння праходзяць яшчэ 15 чалавек. Гэта чыноўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных банкаў і камерцыйных прыватных структураў.

Старшыню праўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру Фелікса Каспяровіча разам з намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогіяў Нацыянальнага банку Андрэем Падгорным вінавацяць у атрыманні хабараў у памеры $ 868 750.

Фелікс Каспяровіч. Фота – facebook.com/Bankit.by

Начальніка Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогіяў Нацбанку Ігара Кудасава вінавацяць у атрыманні хабараў на суму $ 30 000.

Дырэктара Інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юрыя Зданевіча – $ 82 500.

Начальніка ўпраўлення інфармацыйнай бяспекі Дэпартаменту бяспекі Беларусбанку Аляксея Мілаванава – $ 27 000.

Генеральнага дырэктара Белтэлекаму Сяргея Сівадзедава – $ 470 000 і € 15 000.

Сяргей Сівадзедаў. Фота з сайту beltelecom.by

Выканаўчага дырэктара «Банку БелВЭБ» Юрыя Панамарова – у атрыманні хабараў на суму $ 13 000 і маёмаснай выгады на £ 1 000.

У дачы хабараў абвінавачваюць:

  • фактычнага кіраўніка ТАА «Мабільны сэрвіс» Уладзіміра Жыліна (не менш як $ 900 250);
  • саўладальніка і аднаго з фактычных кіраўнікоў ТАА «Салідэкс ПІ» і ТАА «Салідэкс» Сяргея Пакрышку ($ 195 000);
  • прадстаўніка «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» Міхаіла Прыгару ($ 285 000);
  • прадстаўніка «Мабільнага сэрвісу» Аляксандра Броўку ($ 13 000 плюс маёмасная выгада на £ 1 000);
  • дырэктара «ТТ-Сувязькам» Уладзіміра Томчанку ($ 9000);
  • саўладальніка СТАА «ДПА», грамадзяніна Латвіі Сяргея Шаркова ($ 53 000);
  • прадстаўнікоў кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Тэлекам», грамадзянаў РФ Віталя Гарбачова і Уладзіміра Казанцава (не менш $ 190 000).

Паводле КДБ, агулам у хабарнікаў было канфіскавана больш за $ 1,65 млн (у тым ліку ў аблігацыях), 62 тысячаў еўра, больш за 1 кг золата.

З часткай абвінавачаных (Каспяровіч, Падгорны, Сівадзедаў, Прыгар і Казанцаў) былі заключаныя дасудовыя пагадненні. То бок яны цалкам прызналі сваю віну і актыўна супрацоўнічаюць са следствам.

Hавiны
Справа Андрэя Уцюрына: частка абвінавачаных пайшла на здзелку са следствам
2020.02.12 09:46

Расейскі след

Летась у траўні КДБ паведамляў, што Уцюрын быў арыштаваны падчас атрымання хабару ад прадстаўніка расейскай камерцыйнай структуры «за садзейнічанне ў прасоўванні яе інтарэсаў» у Беларусі. Расеец таксама быў затрыманы. Ягонае імя не называлася, у прэс-рэлізе КДБ ён быў пазначаны як грамадзянін «Г». Аднак у выніковым абвінавачванні сума хабару Уцюрына ($ 190 тыс.) супадае з сумай хабараў, якія давалі прадстаўнікі кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Тэлекам», грамадзяне РФ Казанцаў і Гарбачоў. Таму, хутчэй за ўсё, расеец «Г» з прэс-рэлізу КДБ – гэта і ёсць Віталь Гарбачоў.

Расейскі грамадзянін даваў хабар гендырэктару «Белтэлекам» Сяргею Сівадзедаву. У прэс-рэлізе КДБ, расеец быў пазначаны як «К» – імаверна, гаворка ідзе пра Уладзіміра Казанцава.

Маскоўская фірма «Смартлабс» займаецца гандлем тэлекамуніцыйным абсталяваннем. Заснавальнікам фірмы з’яўляецца ТАА «Інлайн Тэлекам Салюшнс» (99,9%) і бізнесовец Яўген Пятроў. «Інлайн Тэлекам Салюшнс» у сваю чаргу зарэгістравана на кіпрскую кампанію «Сілканет Энтэрпрайзіс Лімітэд».

«УГМК-Тэлекам» зарэгістравана ў Свярдлоўскай вобласці, гэта вядомы ў РФ аператар сувязі. 90% кампаніі валодае ААТ «Уральская горна-металургічная кампанія» (найбуйнейшы ў РФ вытворца медзі), а 10 % – гендырэктар Уладзімір Ланскіх. «Уральская горна-металургічная кампанія» зарэгістраваная на шэраг афшорных фірмаў, а галоўнымі бенефіцыярамі лічацца бізнесоўцы Іскандар Махмудаў і Андрэй Казіцын. Паводле «Forbes», Махмудаў уваходзіць у топ-20 найбагацейшых людзей Расеі.

Іскандар Махмудаў. Фота – forbes.ru

У 2000-х алігарх стаў фігурантам гучнага скандалу: іспанская пракуратура прыйшла да высновы, што праз звязаную з Махмудавым кампанію Vera Metallurgica адмываліся грошы расейскай мафіі (Ізмайлаўскай арганізаванай злачыннай групоўкі) у Іспаніі. Аналагічная справа пра адмыванне грошаў мафіі праз структуры Махмудава вядуць нямецкія праваахоўнікі. Між тым, паводле выданне The Insider, у апошнія гады Махмудаў стаў набліжаным да Крамля алігархам і адным з галоўных атрымальнікаў дзяржаўных заказаў.

Цікава, што ў адкрытых крыніцах няма інфармацыі пра сувязь кампаніяў «УГМК-Тэлекам» і «Смартлабс» паміж сабою, а таксама пра сувязь з гэтымі фірмамі Казанцава і Гарбачова. Больш за тое, у «Смартлабс» заяўлялі журналістам, што Казанцаў ніколі ў іх не працаваў.

Наагул пра Казанцава і Гарбачова вядома вельмі мала. Уладзімір Казанцаў быў заснавальнікам пензенскай кампаніі «Тэхна-Універсал» і дырэктарам Пензенскага дрэваапрацоўчага камбінату, але абодва гэтых прадпрыемства ўжо ліквідаваныя. Гарбачоў быў заснавальнікам 16 малавядомых камерцыйных структураў – яны пераважна былі зарэгістраваныя ў Маскве.

Канспіралагічная версія

Ігар Шуневіч і Андрэй Уцюрын праводзяць нараду па барацьбе з наркотыкамі, 2018 год. Фота – mvd.gov.by

Вясной 2019 года хадзілі чуткі, што Уцюрына насамрэч арыштавалі за тое, што ён нібыта рэгулярна «зліваў» інфармацыю ФСБ і ФСА Расеі. У прыватнасці, пра гэта пісала расейскае выданне «Росбалт» са спасылкай на ананімную крыніцу ў спецслужбах.

«Андрэя Уцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія злівы інфармацыі расейскім ФСБ і ФСА. Ён не шпіён у звычайным сэнсе, яго сувязі дасталіся яму «ў спадчыну» з мінулага. Ён сам расеец, вучыўся, працаваў і сябраваў з калегамі з расейскіх спецслужбаў. У сітуацыі, калі ў наяўнасці вялікі канфлікт паміж Масквой і Менскам, падобныя паводзіны для чалавека з бліжэйшага атачэння Лукашэнкі – недапушчальныя. Вось яго і прыбралі».

Аб’ектыў
Эксперт: Былы ахоўнік Лукашэнкі стаў для яго небяспечным
2019.05.02 22:05

Таксама расейскае выданне агучвала версію, што спецслужбы Беларусі быццам бы маглі выкрыць цэлую «антылукашэнкаўскую змову» сілавікоў, да якой меў дачыненне Уцюрын. Паводле «Росбалту», змова нібыта была інспіравана ці то самім Лукашэнкам у якасці правакацыі, ці то Віктарам Лукашэнкам, які потым «зліў» бунтаўшчыкоў бацьку.

Аляксей Венедыктаў выказваў меркаванне, што Уцюрын шчыльна кантактаваў з тагачасным амбасадарам РФ у Беларусі Міхаілам Бабічам (арышт Уцюрына і адстаўка Бабіча адбыліся амаль адначасова – у красавіку 2019 года).

«Цалкам відавочна мне, чаму Пуцін прыняў рашэнне адхіліць амбасадара Бабіча. Андрэй Уцюрын быў візаві амбасадара Бабіча. Цалкам законна, будучы намеснікам дзяржсакратара Савета Бяспекі ён меў сувязі з расейскім амбасадарам і, мабыць, чагосьці такое казалі, што было пакладзена на стол прэзідэнту Беларусі, якое ён і прадʼявіў Пуціну», – казаў Венедыктаў.

Аднак Лукашэнка зняпраўдзіў гэтыя чуткі:

«Гэта (арышт Уцюрыназаўв. belsat.eu) не мае ніякага дачынення да таго, што ён нібыта быў ледзь не агентам амбасадара Расеі. Калі б ён быў агентам замежнага амбасадара, праз суткі б ужо ведалі пра гэта».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў