Першы дзень судовага працэсу па справе Уцюрына. Галоўнае


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вярхоўны суд 10 сакавіка распачаў разгляд справы аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння. Шэсць з 16 падсудных ужо ў першы дзень судовага працэсу цалкам прызналі сваю віну.

На лаве падсудных апынуліся 16 чалавек – чыноўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных банкаў і камерцыйных структураў. Частку з іх вінавацяць у атрыманні, а частку – у даванні хабараў. Самы вядомы фігурант справы – былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі Андрэй Уцюрын. 4 з 16 чалавек знаходзяцца не пад вартаю: гэта прадстаўнікі бізнесу Уладзімір Томчанка, Аляксандр Броўка, Сяргей Шаркоў і Юрый Панамароў. Мера стрымання Броўкі – хатні арышт, Шаркова – залог, Панамарова і Томчанкі – падпіска аб нявыездзе.

Фігуранты справы Аляксандр Броўка, Сяргей Шаркоў і Уладзімір Томчанка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Цягам першага дня пракуроры паспелі зачытаць абвінавачванні супраць 6 чалавек: генеральнага дырэктара «Белтэлекаму» Сяргея Сівадзедава, старшыні праўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру Фелікса Каспяровіча, намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогіяў Нацбанку Андрэя Падгорнага, прадстаўніка ТАА «Мабільны сэрвіс» Аляксандра Броўкі, былога топ-менеджара «БПС Сбербанку» Юрыя Панамарова, прадстаўніка «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» Міхаіла Прыгара. Усе яны цалкам прызналі сваю віну ў атрыманні або даванні хабараў.

Паводле следства, Каспяровіч і Падгорны цягам 11 гадоў (2007-2018 гг.) бралі адкаты за ўзгадненне паставак банкаўскага праграмнага-тэхнічнага забеспячэння. Хабары ад бізнесоўцаў дасягалі сумаў у 200 тысяч долараў за раз, грошы Каспяровіч і Падгорны часцей за ўсё дзялілі ў фармаце 50 на 50. Агулам сума хабараў за 11 гадоў перавысіла $ 860 тысяч. Толькі кіраўнік ТАА «Мабільны сэрвіс» Уладзімір Жылін перадаў двум банкаўскім чыноўнікам $ 500 тыс. Самы першы хабар, што фігуруе ў абвінавачванні, Каспяровічу і Падгорнаму ў 2007 годзе на ўласнай кухні перадаў яшчэ адзін топ-чыноўнік Нацбанку – Ігар Кудасаў (10 тысяч долараў – гэта была іх доля з хабару аднаго з бізнесоўцаў).

Андрэй Уцюрын справа.
Фота: belsat.eu

Кіраўніка «Белтэлекаму» Сяргея Сівадзедава вінавацяць атрыманні хабараў на агульную суму ў 470 тысяч долараў і 15 тысяч еўра ў перыяд з 2013 па 2019 гг. 70 тысяч долараў ён атрымаў ад кіраўніка кампаніі «Салідэкс» Сяргея Пакрышкі, $ 400 тысяч – ад Жыліна. Паводле следства, адкаты Сівадзедаў браў за падпісанне дамоваў на пастаўку структурам «Белтэлекаму» праграмна-тэхнічнага забеспячэння. Яшчэ 15 тысяч еўра ў 2019 годзе яму перадалі грамадзяне РФ, прадстаўнікі «УГМК-Тэлекам» Віталь Гарбачоў і Уладзімір Казанцаў. «УГМК-Тэлекам» – гэта вядомы ў РФ аператар сувязі, падкантрольны алігарху Іскандару Махмудаву. Як раней пісаў belsat.eu, самога Махмудава праваахоўныя органы ў Іспаніі і Нямеччыне падазраюць у датычнасці да адмывання грошаў расейскай мафіі.

Андрэй Уцюрын у першы дзень суду хадатайнічаў аб тым, каб разгляд ягонай справы адбываўся ў закрытым рэжыме, бо там будуць закранацца дзяржаўныя сакрэты. У прыватнасці, гаворка ідзе пра працу Савету Бяспекі, абавязкі і інструкцыі дзяржсакратарыяту, а таксама тэхнічнае забеспячэнне дзяржаўных органаў. Аднак просьбу Уцюрына суддзя не задаволіў, бо на дадзеным этапе працэсу для гэтага няма падставаў. Між тым нельга выключаць, што некаторыя паседжанні будуць сапраўды праходзіць за закрытымі дзвярыма.

Судовы працэс працягнецца 11 сакавіка ў 11:00.

Hавiны
Што трэба ведаць пра справу экс-начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Андрэя Уцюрына?
2020.03.09 18:26

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў