«Наша фіранка ў акне ім не спадабалася». Маму Сяргея Міронава («хлопотное дельце») арыштавалі за сцяг у акне


60-гадовая Святлана Чапурка атрымала 12 содняў арышту. 14 снежня такі прысуд вынес суддзя Сяргей Кацар з Маскоўскага раёну Менску.

Мама Сяргея Міронава, якога цяпер усе ведаюць, як аўтара мему «хлопотное дельце», выйшла гуляць з сабакам, пасля чаго яе затрымалі, распавёў хлопец «Нашай Ніве».

«Сцяг вісеў у вакне аднаго з пакояў. 12 снежня мама выйшла гуляць з сабакам. Я так разумею, міліцыя стаяла за дзвярыма, бо яе адразу затрымалі. Мама вярнулася, каб сабаку пакінуць дома, і сказала: «Наша фіранка ў акне ім не спадабалася».

Сяргей спачатку шукаў маці ў міліцэйскіх упраўленнях, аднак усюды адказвалі, што яе «сярод затрыманых няма». Пазней знайшоў яе ў турме на Акрэсціна.

Гэта ўжо другі тэрмін для Святланы. Тыдзень таму жанчына выйшла на волю пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Мама заўсёды была актыўная. На акцыі ходзіць, перад выбарамі ўлёткі расклейвала. Быў пратакол і за «Жаночы марш«, але не паспелі асудзіць, бо прайшло два месяцы. А пасля схапілі 22 лістапада, калі ішла дадому. Судзілі, далі 15 сутак».

Пасля першых содняў Святлана Чапурка выйшла на волю хворая на каранавірус. У камеры сядзела з хворай жанчынай, пасля выхаду знік нюх. Медыкі на тэст не адпраўлялі, сказалі, каранцін не патрэбны, як сімптомы знікнуць, можна выходзіць.

Цяпер Сяргей высвятляе, дзе яго мама адбывае содні, каб перадаць лекі. Хлопец звольніўся з «Інтэгралу». Кажа, што збіраўся заняцца пошукам працы, але наваліліся сямейныя праблемы.

Стужка навінаў