На заводзе «Нафтан» змянілі генеральнага дырэктара


Кіраўніком прамысловага беларускага гіганту стаў Андрэй Сайко, які раней працаваў кіраўніком «Белнафтахіму», паведамляе БелТА.

ААТ «Нафтан».
Фота: novopolotsk.by

Сёння Аляксандр Лукашэнка замяніў генеральнага дырэктара «Натфану». Новым кіраўніком заводу стаў Андрэй Сайко. Галоўнай сваёй задачаю ён бачыць рэалізацыю інвестыцыйнага праекту на заводзе.

Гаворка ідзе аб завяршэнні інвестпраекту па будаўніцтве комплексу запаволенага каксавання на «Нафтане». Яго ажыццяўленне дазволіць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90% з павелічэннем выхаду светлых нафтапрадуктаў да 65%, павялічыць вытворчасць бензіну і дызельнага паліва, а таксама знізіць вытворчасць мазуту.

Пасля ўводу комплексу «Нафтан» здолее цалкам забяспечыць патрэбу краіны ў дызельным паліве (да 3,4 млн тон) і бензіне (да 1 млн т).

«Трэба будзе ў максімальна кароткія тэрміны завяршыць будаўніцтва комплексу запаволенага каксавання. Тэрміны вызначаныя – гэта сярэдзіна наступнага году», – падкрэсліў Андрэй Сайко.

Дарэчы, падчас прызначэння Сайко на пасаду Лукашэнка зазначыў, што шукаў на пасаду ня толькі кампетэнтнага, але і «вернага дзяржаве» чалавека. І таксама адзначыў, што гэта «няпростае прадпрыемства».

«Прадпрыемства няпростае. Вы лепш за мяне гэта ведаеце. І прадпрыемства такое, дзе карупцыянеры заўсёды так прыглядаюцца і рознага роду злодзеі, якія жадаюць прыватызаваць прадпрыемства, і пажадана задарма. Іх вакол топчацца процьма. Вы павінны ведаць маю прынцыповую пазіцыю: мы сёння нават не разглядаем пытанне прыватызацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. Як бы ні было цяпер складана на рынку», – заявіў ён.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў