На Століншчыне ўлады робяць захады, каб папярэдзіць распаўсюд сібірскай язвы


Галоўны доктар Столінскага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Антон Маджара ў інтэрв’ю belsat.eu заявіў, што выпадкаў заражэння жыхароў раёну сібірскай язваю не выяўлена.

Нагадаем, 10 жніўня ў Столінскім раёне Берасцейскай вобласці ветэрынары выявілі захворванне каня на сібірскую язву. Жывёла належала жыхару вёскі Хотамель. Труп загінулага каня спалілі.

«У людзей нічога не выяўлена. На дадзены момант у двух вёсках нашая служба і ўстановы аховы здароўя праводзяць усе неабходныя захады для таго, каб папярэдзіць распаўсюджванне дадзенага захворвання», – паведаміў ён.

Паводле Маджара, у падобны комплекс мераў уваходзіць адбор пробаў глебы і травы, першасны агляд чалавека, прызначэнне антыбіётыкаў у якасці прафілактыкі ды інш.

Сібірская язва – асабліва небяспечная бактэрыяльная інфекцыйная хвароба. Пераважна паражае скуру. У асноўным на яе хварэюць траваедныя жывёлы – буйная і дробная рагатая жывёла, коні, вярблюды, свінні. Але таксама ёсць выпадкі захворвання людзей.

У апошнія гады сібірская язва ў Беларусі рэгіструецца ў выглядзе адзінкавых выпадкаў.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары