На рэгістрацыю ў ЦВК кандыдатка пратэсту мусіла бегчы з дому праз вакно


Алена Давыдава ўцякла ад «белых халатаў», якія дыжурылі пад ейным домам. Фота з выбарчых матэрыялаў спн. Алены

Каб паспець зарэгістравацца ў якасці ўдзельніцы сёлетняй выбарчай кампаніі, экаактывістка, лекар хуткай дапамогі Алена Давыдава мелася ўцякаць з дому, пад якім яе чакалі медыкі і людзі ў штацкім.

Гамяльчанка Алена Давыдава некалькі дзён таму заявіла пра свой намер балатавацца на прэзідэнта ў якасці кандыдаткі пратэсту ад каманды Міколы Статкевіча. Напярэдадні ад’езду ў Менск кіраўніцтва папрасіла Алену, якая працуе лекарам на хуткай дапамозе, выйсці на працу не ў сваю змену. Тая адмовілася. Пасля абеду да прыватнай хаты, дзе спн. Алена жыве з сям’ёю, пад’ехала брыгада медыкаў хуткай дапамогі ў ахоўных касцюмах. Лекары сказалі Аленінай маці, што ейную дачку трэба ізаляваць, бо яна была на выкліку ў ковід-пазітыўнага хворага і з’яўляецца кантактам першага ўзроўню. Маці сказала, што Алены няма дома, але медыкі засталіся дзяжурыць ля хаты. Разам з імі стаяў аўтамабіль з людзьмі ў штацкім.

На выбары праз вакно давялося уцякаць кандыдатцы з Гомля Алене Давыдзьцы. Ілюстратыўнае фота Pixaby

Калі дадому вяртаўся муж Алены Давыдавай, яму медыкі паведамілі, што калі Алена добраахвотна не выйдзе да іх, яны выклічуць міліцыю і будуць ламаць дзверы, бо перакананыя, што жанчына знаходзіцца дома.

Перакананая ў тым, што ізаляваць яе хочуць паводле палітычных матываў, Алена Давыдава вылезла з хаты праз вакно, пералезла праз плот і пусцілася на ўцёкі. Уначы сябры давезлі яе да Жлобіну на машыне, дзе яна села на цягнік да Воршы, а потым да Менску.

Раніцаю ў сталіцы Алену сустрэлі сябры ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча. Сувязі з Аленаю Давыдавай няма, бо ў мэтах канспірацыі яна пакінула дома свой мабільны тэлефон.

 

Hавiны
30 кандыдатаў на прэзідэнцтва і масавыя пратэсты: Статкевіч агучыў план на выбарчую кампанію
2020.02.16 16:51

Сёння а 18:00 яна мае намер рэгістравацца ў ЦВК, як кандыдатка на прэзідэнта на жнівеньскіх выбарах.

Алена Давыдава балатавалася на дэпутатку Палаты Прадстаўнікоў у 2019 годзе. Фота з выбарчай кампаніі.

38–гадовая Алена Давыдава – лідарка экалагічнага пратэсту супраць шкодных выкідаў з прадпрыемства «Гомельшпалеры». Летась яна была кандыдаткаю на парламенцкіх выбарах.

Ганна Кавальчук Belsat.eu

Стужка навінаў