Прэзідэнцкая паліклініка ў Ждановічах. Фота Анатоля Лябедзькі
Кошт прэзідэнцкай паліклінікі перакрочвае 100 млн еўраў.
Прыкладна ў такую суму ў верасні 2013 году ацэньвалі бюджэт праекту. Цяпер жа Менскі гарадскі Савет дэпутатаў прагаласаваў за вылучэнне дадатковых Br 9,6 млн (больш за 4 млн еўраў). Пра гэта днямі напісала дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.
Чатыры гады таму Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў Ждановічах з’явіцца «кампактны цэнтр», а медычны цэнтр Упраўлення справамі прэзідэнта пяройдзе ва ўласнасць Менску.
«Гэта было б нашмат танней для краіны: мы аддаем Ладуцьку (тагачасны мэр Менску – заўв.) гэтую лякарню, а замест яе, каб горад не выдаткоўваў там $ 500 млн на будаўніцтва новай больніцы, маглі б у пяць разоў танней пабудаваць невялікі, кампактны цэнтр», – казаў тады кіраўнік Беларусі.
Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька задаецца пытаннем, чаму ніводзін з «народных абраннікаў» не задаў пытання старшыні Менгарвыканкаму Андрэю Шорацу, чаму падаткаплацельшчыкі Менску мусяць аплочваць будоўлю, якая знаходзіцца па-за межамі сталіцы. Палітык абяцае выканаць працу дэпутатаў і накіраваць адпаведныя запыты з пытаннямі ў Мінфін і сталічны гарвыканкам.
Агульная плошча комплексу будынкаў складзе 16-18 тыс. кв.м. (з якіх 8-10 тыс. кв.м. – карысная плошча).
Ілюстрацыі з дэманстрацыйнага альбому, 2013 год
Рэспубліканскі клінічны медычны цэнтр будзе знаходзіцца на беразе вадаёму. У ім будуць абслугоўваць да 1900 асобаў, уключаных у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы (з мужам альбо жонкай), 332 дэпутатаў і сенатараў (з мужам альбо жонкай), і яшчэ да 3500 асобаў на дамоўнай аснове.
Тэхнічныя характарыстыкі медычнага абсталявання новага цэнтру павінныя адпавядаць стандартам медычнай тэхнікі «высокага і эксперт-класу еўрапейскіх і амерыканскіх вытворцаў».
У новым медычным цэнтры будзе VIP-блок з асобнымі ўваходамі, ліфтам, які будзе мець уласныя кухню, пакоі адпачынку, пакоі для аховы і медперсаналу.
Мяркуецца, што пабудаваны медычны цэнтр здадуць да 31 снежня 2017 году.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu