На пляцоўцы фэсту «Браслаўскія зарніцы» сабраліся 700 прыхільнікаў Ціханоўскай


Мітынг на падтрыманне Святланы Ціханоўскай у Браславе.
Фота: «Белсат»

На мітынг у Браславе сабраліся больш за семсот чалавек. Улады вылучылі пляцоўку, дзе звычайна праходзяць фэсты «Браслаўскія зарніцы». Праўда, не паднялі даху над сцэнаю, таму выступоўцы гавораць побач з ёй.

На пачатку вядоўца павіншаваў дэсантнікаў са святам. Мітынг распачала давераная асоба Святланы Ціханоўскай Алена Радзькова. Яна пытаецца ў каго зарплата 500 долараў. Рук амаль няма, чуваць толькі абуральныя воклічы. Далей сустрэча працягваецца ў фармаце вольнага мікрафона. Перыядычна гучыць песня ў выкананні Ціханоўскага «Стены рухнут».

Алена Радзькова.
Фота: «Белсат»

Шмат хто прыйшоў з бел-чырвона-белымі сцягамі. Адзін з выступоўцаў, пенсіянер, кажа, што ў Браславе няма працы, таму тут так шмат міліцыі. Маўляў, маладым хлопцам няма куды пайсці. Мітынг сустракае гэта дружным смехам.

Віктар Цярэшчанка.
Фота: «Белсат»

На мітынгу выступілі таксама кандыдат у прэзідэнты 2010 года Віктар Цярэшчанка і аналітык Дзмітрый Івановіч. Ён звярнуў увагу на тое, што за 25 гадоў Браслаўскі раён зменшыўся на траціну, а Мёрскі раён – на 40 адсоткаў.

Мітынг на падтрыманне Святланы Ціханоўскай у Браславе. Фота: «Белсат»
Мітынг на падтрыманне Святланы Ціханоўскай у Браславе. Фота: «Белсат»

Вядоўцы заклікалі не ісці на датэрміновае галасаванне, рэгістравацца назіральнікамі і рэгістравацца ў сістэме «Голас». Вельмі шмат людзей захацела выказацца, усе атрымалі слова. Мітынг распачаўся ў 15 гадзін і скончыўся ў 17.00. Мітынг завяршыўся скандаваннем «Жыве Беларусь!» Усё прайшло ў спакойнай атмасферы.

ЗЛ belsat.eu

Стужка навінаў