На Мазырскім НПЗ сапсавалася абсталяванне праз кепскую нафту з Расеі


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод заяўляе, што расейская нафта кепскай якасці прывяла да выхаду са строю дарагога абсталявання. Раней кепская якасць нафты з РФ прымусіла беларускі бок часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў

На НПЗ паведамляюць, што апошнім часам НПЗ перапрацоўвала расейскую нафту Urals з высокім утрыманнем хлорарганікі, якая валодае падвышанай каразійнай актыўнасцю. «Кепская якасць сыравіны адбілася на працы абсталявання», – сцвярджаюць на заводзе.

Паводле генеральнага дырэктара ААТ «Мазырскі НПЗ» Віталя Паўлава, у гэтай сітуацыі «на заводзе быў арганізаваны ўзмоцнены кантроль за станам абсталявання і вядзеннем тэхналагічнага рэжыму з мэтай прыняцця аператыўных мер».

  • У пятніцу, 19 красавіка, дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці нафты, што паступае па нафтаправодзе з Расеі. Беларускі бок сцвярджае, што гэта можа прывесці да парушэння тэхналагічных рэжымаў працы НПЗ.
  • Дарадца прэзідэнта расейскай кампаніі «Транснафта» Ігар Дзёмін прызнаў пагаршэнне якасці экспартнай сумесі Urals, якая паступае транзітам на ўчастак магістральнага нафтаправоду «Гомельтранснафта Дружба». У кампаніі паабяцалі выправіць сітуацыю.
  • 21 красавіка канцэрн «Белнафтахім» прыняў рашэнне часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў з улікам пагаршэння якасці расейскай нафты, што пастаўляецца ў Беларусь.Намеснік старшыні «Белнафтахіму» Уладзімір Сізоў на пасяджэнні аператыўнага штаба па кантролю за сітуацыяй па пастаўках нафты заявіў: «З улікам правядзення пасяўной кампаніі, наяўных рызыкаў па перапрацоўцы сыравіны з пагаршэннем якасці намі прынятае рашэнне аб часовым абмежаванні паставак нафтапрадуктаў па экспартных напрамках».

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары