На Камароўцы не працуе большасць мясных кропак. Самаізаляваліся ці сышлі на выходныя?


Камароўскі рынак у Менску працуе ў звыклым рэжыме, аднак у сацсетках з’яўляецца інфармацыя, што шэрагі гандлёвых кропак з мясной прадукцыяй стаяць закрытыя.

У чацвер на Камароўцы было сапраўды нешматлюдна, і гэта кідаецца ў вочы. Гандлёвыя рады з бакалеяй і малочнымі прадуктамі выглядаюць па-ранейшаму: працуе большасць прылаўкаў. А вось мясныя шэрагі апусцелі на траціну, калі не больш – прылаўкі стаяць пустыя, прадаўцоў няма.

Фота: Belsat.eu

Пакупнік Мікалай закупляецца на Камароўцы раз на тыдзень і пацвярджае, што ў апошні час частка мясных прылаўкаў зачыненыя, але, кажа, што мяса ўсё роўна можна набыць.

– Не магу сказаць, што ёсць нейкая праблема. Так, зачыненыя некалькі месцаў, але ж будні дзень сёння. Напэўна, цяпер і праўда менш прадаўцоў, але ў тых, якія працуюць, выбар ёсць, – дзеліцца назіраннямі мужчына.

Яшчэ адзін пакупнік набыў некалькі пакетаў мяса, але ж ад каментара адмаўляецца.

– Вы, што, не разумееце, што адбываецца? Што тут каментаваць?

Фота: Belsat.eu

Прадаўцы ў большасці сваёй працуюць без масак, мяснікі – таксама.

– Ці не баіцеся каронавіруса, на самаізаляцыю не збіраецеся? – пытаюся ў прадаўцоў.

– Вось калі будзе ўведзены каранцін, тады і пойдзем на самаізаляцыю. А цяпер прашу ўнесці маю прапанову: на абавязковы каранцін трэба пасадзіць пенсіянераў, яны прыязджаюць на базар і ходзяць тут без масак і пальчатак. Гэта ж небяспечна! Тых, хто каранцін парушае, пазбаўляць пенсіі. Я так думаю, – робіць высновы прадавец хатняй птушкі.

Фота: Belsat.eu

Прадавец Тэрэза запэўнівае, што ў будні дзень такая колькасць закрытых прылаўкаў – звычайная сітуацыя.

– Проста людзі адпачываюць, некаторыя ў адпачынку, некаторыя ўнукаў няньчаць. Будуць выходныя – выйдуць на працу, – кажа жанчына.

Пра тое, што на выходных адкрыецца больш прылаўкаў, кажа і прадавец Таццяна:

– Цяпер і пакупнікоў зусім мала, таму многія застаюцца ўдома ў будні.

Фота: Belsat.eu

Іншыя прадаўцы на мясных радах нешматслоўныя, на пытанні, чаму зачынена столькі прылаўкаў або не адказваюць, або прапануюць спытаць у кіраўніцтва рынку.

Людміла Тамашэвіч, намесніца генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях «Менскі Камароўскі рынак», сурʼёзнай праблемы не бачыць.

– Зразумела, што колькасць пакупнікоў трошкі зменшылася, але так ва ўсіх гандлёвых сетках, у выходныя ўсе ж людзей шмат. І асартымент у нас застаўся шырокім, усё ёсць. А прадаўцоў стала менш, таму што з 1 красавіка мы змянілі сістэму аплаты і цяпер арэнду месца можна аплачваць штодня. Таму ў людзей проста зʼявілася магчымасць, не губляючы ў грошах, застацца ўдома з сям’ёй. Інфармацыі, што нехта з прадаўцоў самаізаляваўся, у мяне няма, – кажа Людміла Міхайлаўна.

Фота: Belsat.eu

Адкрытая частка рынку не змянілася. Ужо на ўсю моц заквітнеў гандаль штучнымі кветкамі, на шэрагах з садавіной і гароднінай працуюць усе кропкі. Прадавачкі боксаў з кавай і гарбатай сцвярджаюць, што асартымент у іх не змяніўся, але ці атрымаецца і надалей захоўваць яго шырокім і своечасова папаўняць, адказаць не могуць.

Алена Дубовік Belsat.eu

Стужка навінаў