На Каляды Лукашэнка паляціць у Маскву да Пуціна


25 снежня кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведае з візітам Маскву, дзе адбудуцца перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. На сустрэчы кіраўнікоў краінаў будуць таксама і сябры ўрадаў дзвюх дзяржаваў.

Пра гэта распавяла ТАСС прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант.

«На 25 снежня запланаваны візіт кіраўніка Беларусі ў Маскву, дзе адбудзецца сустрэча з прэзідэнтам Расеі. Фармат перамоў прадугледжвае і ўдзел у іх сябраў урадаў. У цэнтры ўвагі падчас перамоў будуць усе найбольш актуальныя пытанні нашага ўзаемадзеяння», – адзначыла прэс-сакратар кіраўніка беларускай дзяржавы.

Раней кіраўнік Беларусі заявіў, што галоўным пытаннем на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным будзе падатковы манеўр у нафтавай сферы Расеі. Менск жадае атрымаць ад Масквы кампенсацыі стратаў у сувязі з правядзеннем у РФ падатковага манеўру, які прывядзе да падаражэння нафты для беларускіх НПЗ. Беларусь ацэньвае свае страты ў 2019 годзе на ўзроўні 383 мільёнаў долараў пры кошце барэля нафты 70 долараў.

Як раней паведаміў журналістам прэс-сакратар кіраўніка расейскай дзяржавы Дзмітрый Пяскоў, лідары дзвюх краінаў плануюць абмеркаваць на будучай сустрэчы шэраг «пытанняў у двухбаковых адносінах, якія адносяцца да катэгорыі спрэчных і ў вырашэнні якіх удалося сур’ёзна прасунуцца на нядаўняй сустрэчы ў Сочы».

Hавiны
«Я б ніжэй за сваю годнасць палічыў». Лукашэнка заявіў, што не прасіў прабачэння ў Пуціна
2018.12.14 12:39

СК, belsat.eu

Стужка навінаў