«Я б ніжэй за сваю годнасць палічыў». Лукашэнка заявіў, што не прасіў прабачэння ў Пуціна


Аляксандр Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў у Менску заявіў, што СМІ няправільна інтэрпрэтавалі ягоную спрэчку з Уладзімірам Пуціным на саміце ЕАЭС 6 снежня.

«Што яны робяць: даюць сварку з Пуціным у адкрытым эфіры, а далей, што Лукашэнку прыйшлося прасіць прабачэння перад Пуціным за тое, што ён з ім уступіў у гутарку. Да бог з вамі! Я б ніжэй за сваю годнасць палічыў за гэта прасіць прабачэння. Мы прасілі прабачэння там… Я перад Ніколам (Нікол Пашыньян. – заўв. belsat.eu) прасіў прабачэння, што на яго нападаў там па розных прычынах. Пуцін прасіў прабачэння перад усімі. Там жа такая каша была… Назарбаеў пачаў прасіць прабачэння. І гэта сапраўды было – мы прасілі прабачэння адзін перад адным на гэтым пасяджэнні. Але яны ж (СМІ) тонка і спецыяльна падсунулі гэтую інфармацыю», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Нагадаем, 6 снежня падчас саміту ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка публічна паспрачаўся з Пуціным, паставіўшы пад пытанне мэтазгоднасць існавання ЕАЭС без роўных эканамічных умоваў для ўсіх чальцоў. «Калі такіх роўных умоваў няма, то няма і саюзу», – адзначыў ён.

Потым у размове з журналістамі на палях саміту Лукашэнка заявіў, што дыскусія з Пуціным была бурная. «Прыйшлося перапрасіць потым перад гаспадаром сённяшняй сустрэчы», – прызнаў ён.

Пра выбачэнні потым сказала і прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант. «Наколькі я ведаю, сварка была вельмі сур’ёзная. За што потым прасіць прабачэння прыйшлося ўсім перад усімі», – распавяла яна.

Аб’ектыў
Лукашэнка публічна паспрачаўся з Пуціным за кошты на газ
2018.12.06 22:28

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў