Былую чыгуначную больніцу на вуліцы Будзёнага, у якой апошнім часам месціўся Гарадзенскі абласны клінічны скурвендыспансер, зачынілі, уваход абмежаваны. Паводле неафіцыйных звестак, туды завозяць хворых на COVID-19. Адміністрацыя каментаваць адмаўляецца.
Паводле інфармацыі ад нашых чытачоў, яшчэ 27 сакавіка ў лякарню завезлі хворага з падазрэннем на каронавірус. Папярэдне ва ўстанове адмыслова мінімізавалі колькасць пацыентаў са звычайнымі хваробамі, каб «вызваліць месцы». Пасля прывозу хворых з падазрэннем на вірус астатнім запрапанавалі пакінуць дыспансер.
На ўваходзе – абвестка: «Уведзены абмежаваны рэжым (для наведанняў) у стацыянарным аддзяленні ў сувязі з пачаткам эпідэмічнага сезону захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Адміністрацыя».
Намесніца галоўнага доктара ў размове з карэспандэнтам «Белсату» заявіла, што каментаваць нічога не можа і не мае права.
АК, фота Васіля Малчанава belsat.eu