Студэнты на будоўлі АЭС
У Астраўцы адбылося закрыццё «трэцяга працоўнага семестру» студэнтаў, якія дапамагалі будаваць атамную станцыю. Акрамя беларусаў, на будоўлі працавалі студэнты з Расеі і Казахстану.
Студэнты ўдзельнічалі ў працах на будаўнічай пляцоўцы, у мантажна-арматурным цэху, пры пабудове лабараторнага комплексу, працавалі пры заліўцы бетоннай сцяжкі падлогі, выконвалі дарожныя і геадэзічныя працы, займаліся мантажам металаканструкцыяo і цеплаэнергетычнага абсталявання.
У межах міжнароднага студэнцкага атраду абʼядналі 18 студатарадаў з Беларусі, 5 з Расеі і адзін з Казахстану.
Пры пабудове беларускай АЭС каля Астраўца здараліся інцыдэнты, якія выклікаюць сумневы што да захавання высокіх стандартаў на будоўлі.
Гэтак у траўні дзякуючы ананімнай крыніцы «Белсату» стала вядома пра аварыю падчас заліўкі фундаменту. Некаторы час улады адмаўлялі інцыдэнт, аднак пазней прызналі, што здарэнне мела месца.
У ліпені апазіцыйны актывіст Мікалай Уласевіч распаўсюдзіў інфармацыю пра новае надзвычайнае здарэнне на АЭС. Падчас мантажу з вышыні 2 – 4 метраў на зямлю абрынуўся корпус будучага рэактара.
Інцыдэнты, а перадусім тое, што беларускія ўлады ўсяляк спрабуюць іх схаваць, абураюць не толькі беларусаў, але і ўлады Літвы. «Мы не хочам наступным разам здагадвацца, што здарылася на АЭС», – заявіў міністр навакольнага асяроддзя Літвы Кястуціс Трачокас у інтэрвʼю «Белсату».
МЛ, belsat.eu
Фота sb.by