Літоўскі міністр: «Мы не хочам наступным разам здагадвацца, што здарылася на АЭС»


Міністр навакольнага асяроддзя Літвы Кястуціс Трачокас у інтэрвʼю «Белсату» пракаментаваў апошняе здарэнне на будоўлі беларускай АЭС. Найбольш літоўскі бок непакоіць тое, што Менск спрабуе схаваць ад грамадскасці любы інцыдэнт на БелАЭС.

– Спадар міністр, як вы ацэньваеце апошні інцыдэнт на будоўлі беларускай АЭС?

– Я ацэньваю гэта негатыўна, бо падзенне часткі корпуса рэактара ці проста важнай тэхналагічнай часткі, нават з вышыні ўсяго 10 см – гэта надзвычайнае здарэнне. Але ў гэтай ацэнцы важна тое, што інцыдэнт адбыўся 10 ліпеня, а мы даведаліся пра гэта ад незалежнай прэсы і інтэрнэт-парталаў.

Беларускі бок прызнаў што адбыўся нейкі інцыдэнт. Але наколькі ўсё сурʼёзна, афіцыйна ніхто не паведамляе.Мы даведаліся пра здарэнне толькі праз 2 тыдні, грамадства і суседзі не былі інфармаваныя, гэта самае дрэннае.

Гэта відавочнае парушэнні Орхускай канвенцыі, якую падпісала ў тым ліку і Беларусь. Паводле яе бакі абавязваюцца інфармаваць пра падобныя здарэнні. Калі падобнае адбылося пры працуючым рэактары то гэта была б вялікая бяда. Цяпер вядома, што ні навакольнаму асяроддзю, ні здароўю людзей небяспека не ўзнікла. Але мы не ведаем, якія там былі або будуць яшчэ парушэнні калі гэты агрэгат будзе ўсталёўваць. Я не думаю што мы можам быць спакойныя.

– Як вы ставіцеся да таго, што рознага кшталту парушэнні і здарэнні на будове БелАЭС кожны раз спрабуюць схаваць? Ці прымальна гэта ў сусветнай практыцы?

Я не зʼяўляюся экспертам у гэтай сферы, але магу меркаваць зыходзячы з таго, што я чую і бачу і пра што мы дыскутуем на ўзроўні Еўразвязу. Атамная энергетыка развіваецца ў Вугоршчыне, Бельгіі і Фінляндыі. Але там гэта адбываецца пад наглядам міжнародных экспертаў. Кожны інцыдэнт ацэньваецца экспертамі і становіцца зразумела на колькі гэта небяспечна, якія магчымыя рызыкі, як іх ліквідаваць ці пазбегнуць.

Калі ж усё адбываецца за зачыненымі дзвярыма, за высокімі платамі высокімі, тады зʼяўляецца атмасфера штучнасці і гэтага варта пазбягаць. Я спадзяюся, што і нашыя афіцыйныя ноты, і павышэнне ўвагі міжнароднай грамадскасці да БелАЭС прывядуць да таго, што нам больш не прыйдзецца праз два тыдні пасля здарэння спрабаваць здагадацца, наколькі яно небяспечнае. Проста нам патрэбная інфармацыя – дакладная і своечасовая.


Глядзі таксама: Дык упусцілі ці падрапалі: што здарылася на АЭС?

Дыпламатычны скандал разгараецца вакол беларускай атамнай электрастанцыі. Урад Літвы ўручыў беларускаму дыпламату ноту ў сувязі з меркаваным інцыдэнтам на будаўнічай пляцоўцы АЭС і звярнуўся да Еўразвязу з просьбай аб падтрыманні. Адказныя за будаўніцтва ў Астраўцы спрабуе збіць напал жарсцяў і запэўніваюць: на рэактары проста сцерлася фарба.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў