МЗС Беларусі пакрыўдзіўся на заяву ўкраінскага міністра


Заявы міністра замежных справаў Украіны Паўла Клімкіна пра небяспеку наведвання ўкраінцамі Беларусі, афіцыйны Менск назваў неадпаведнымі рэчаіснасці.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз заявіў, што ў беларускага боку склалася ўражанне, нібыта ўкраінскія калегі перабудавалі мысленне на выключна ваенныя катэгорыі, у тым ліку ў дачыненні да самага блізкага свайго суседа – Беларусі.

«Літаральна ўчора ў Вене яны намалявалі жахі пра нейкія танкавыя армады, што нападаюць на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Хоць прэзідэнт нашай краіны неаднаразова казаў пра тое, што адсюль акупаваць Украіну могуць толькі армады беларускіх трактароў або камбайнаў», – адзначыў Анатоль Глаз.

«З’явіўся жах пра нейкую небяспеку для ўкраінскіх грамадзянаў у Беларусі.Няма сэнсу каментаваць гэтую, мякка кажучы, байку», – адзначыў прэс-сакратар МЗС.

У сваю чаргу амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізіма ахарактарызаваў выказванне Клімкіна як «мяккі дыпламатычны выраз» і заклікаў «не выдзіраць» гэтыя словы з агульнага кантэксту добрых украінска-беларускіх адносінаў, паведамляе выданне «Новое время».

«Верагодна, Клімкін меў на ўвазе выпадкі з затрыманнямі Шаройка і Грыба на тэрыторыі Беларусі і ў гэтай сувязі патэнцыйную небяспеку«, – выказаў меркаванне Ігар Кізім.

І сапраўды, міністр замежных справаў Украіны Павел Клімкін у інтэрвʼю польскай газеце «Рэчпаспаліта» адзначаў, што арышт журналіста Паўла Шаройка і яго абвінавачанне ў шпіянажы, затрыманне і перадача Расеі блогера Паўла Грыба сведчаць пра тое, што знаходжанне ўкраінскіх грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі патэнцыйна небяспечна.

«І пра гэта мы будзем гаварыць з Менскам, – адзначыў кіраўнік украінскай дыпламатыі. – Мы разумеем, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць расейскія ўладныя структуры. Расея прысутнічае там у сферы бяспекі», – распавёў Павел Клімкін.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў