«Агідныя метады». МЗС адрэагаваў на замах на Мадура


Беларускае Міністэрства замежных справаў акрэсліла замах на кіраўніка Венесуэлы як бесчалавечны акт тэрарызму.

«Выкарыстанне гэткіх агідных метадаў у палітычнай барацьбе не будзе ніколі прынятае Беларуссю. Мы будзем заўсёды непрымірымыя ў дачыненні любых праяваў тэрору і гвалту», – гаворыцца ў заяве МЗС.

Нікаляса Мадура спрабавалі забіць з дапамогаю дронаў, начыненых выбухоўкаю. У выніку пацярпелі сямёра жаўнераў Нацыянальнай гвардыі. Самому ж Мадура, які ў момант выбуху акурат казаў пра эканоміку, нічога не сталася. У рыхтаванні замаху ён абвінаваціў апазіцыю ды кіраўніцтва суседняй Калумбіі.

Сітуацыя ў Венесуэле застаецца напружаная. Апазіцыя вінаваціць Мадура ва ўзурпацыі ўлады і давядзенні эканомікі да калапсу.

Узровень гіперынфляцыі правакуе літаральна штогадзінны рост цэнаў, а вось мінімальныя заробкі гэтак і застаюцца на ўзроўні некалькіх долараў. Да вялікіх чэргаў, голаду і нястачы медыкаментаў дадаліся яшчэ перабоі з пастаўкамі энергіі ды аўтамабільнага паліва.

За апошнія два гады ў Венесуэле адбыліся тысячы мітынгаў і акцыяў пратэсту. Нягледзячы на гэта, Мадура не адхіляецца ад свайго курсу: як і раней Чавэс, ён спрабуе пабудаваць у краіне сацыялізм на ўзор Кубы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў