«Мяне беларускія ўлады не выдадуць». Чаму неанацыст, якога вінавацяць у ваенных злачынствах, бесперашкодна наведвае Беларусь?


Аляксей Мільчакоў. Фота з сацыяльных сетак

Belsat.eu высвятляў абставіны наведвання Беларусі расейскім неанацыстам, удзельнікам вайны на Данбасе Аляксеем Мільчаковым і разбіраўся, хто вінаваты ў тым, што яго ў Беларусі не затрымалі.

Сёлета ў верасні расейскі баявік Аляксей Мільчакоў выклаў на сваёй старонцы «Вконтакте» фотаздымак з беларускай вёскі, дзе ён нібыта знаходзіўся ў адпачынку.

«Адпачынак на дачы ў Беларусі. Стары домік у вёсцы, свежыя шашлыкі і прырода», – пазначана пад здымкам.

Дзе канкрэтна зроблена фота – не ўдакладняецца. Раней Мільчакоў распавядаў журналістам, што некалькі разоў наведваў Беларусь і нібыта набыў хату на Віцебшчыне. Імаверна, у Гарадокскім раёне – прынамсі адтуль Мільчакоў выкладаў фота ў інтэрнет у траўні 2016 года. У адным з інтэрв’ю экстрэміст нават заявіў, што хацеў бы пераехаць у Беларусь на «часовае месца жыхарства».

Мільчакоў: Я абсалютна спакойны, мяне ўлады Беларусі не выдадуць

Аляксей Мільчакоў, фота – сацсеткі

Карэспандэнт belsat.eu звязаўся з Аляксеем Мільчаковым праз суполку неанацысцкай групоўкі «Русіч», лідарам якой ён з’яўляецца. Баявік пацвердзіў, што перыядычна наведвае Беларусь, у асноўным, для адпачынку.

«Сёлета ў верасні гэта быў адпачынак, а спадарожныя справы вас не мусяць турбаваць», – адзначыў ён.

Мільчакоў кажа, што ніколі не меў праблемаў з беларускімі праваахоўнымі органамі і не баіцца прыязджаць на тэрыторыю Беларусі.

«Я абсалютна спакойны і ведаю, што мяне, грамадзяніна РФ, улады Беларусі не выдадуць ва Украіну. Да таго ж, у міжнародны вышук мяне не абвяшчалі – я быў яшчэ ў адной краіне сёлета і не меў праблемаў», – дадаў ён.

Мільчакоў таксама пацвердзіў, што мае нерухомасць на тэрыторыі Беларусі.

«Так, ёсць лецішча. Я не збіраюся казаць, дзе менавіта. Даведацца дзе, у вас таксама не атрымаецца. Аформленае яно на майго сваяка», – дадаў ён.

Трэба адзначыць, што Аляксей Мільчакоў дакладна мае сваякоў у Беларусі. Брат ягонага дзеда пераехаў у Беларусь з Ленінграда пасля Другой сусветнай вайны. Гэтак, вядомы беларускі хакеіст, брамнік менскага «Дынама» і зборнай Беларусі Дзмітрый Мільчакоў – стрыечны брат баевіка. Праўда, Аляксей і Дзмітрый ніколі не сустракаліся і стасункаў не падтрымліваюць.

У чым вінавацяць Мільчакова

Аляксей Мільчакоў. Фота з сацыяльных сетак

За ўраджэнцам Пецярбургу Аляксеем Мільчаковым (пазыўны «Сэрб», мянушка «Фрыц») цвёрда замацавалася рэпутацыя неанацыста і садыста. Ён яшчэ ў 2012 годзе стаў вядомы на ўсю Расею пасля таго, як выклаў у інтэрнэт фота, дзе адразае галаву шчанюку і робіць з яго шашлык, а таксама пазіруе са сцягам гітлераўскай Нямеччыны. Потым Мільчакоў стаў лідарам групоўкі «Русіч» – баявога атраду расейскіх нацыяналістаў, які прымаў удзел у вайне на Данбасе ў складзе незаконных узброеных фармаванняў «Бэтмэн» (падраздзяленне, вядомае выкраданнямі, катаваннямі і рабункамі цывільнага насельніцтва) і «Вікінг».

Паводле ўкраінскай пракуратуры, Аляксей Мільчакоў з чэрвеня 2014 года па жнівень 2015 года ў складзе створанай ім дыверсійна-штурмавой разведвальнай групы «Русіч» ваяваў супраць Украіны на Данбасе. У выніку арганізаванай ім засады 5 верасня 2014 года недалёка ад пасёлка Прыветнае Славянасербскага раёну Луганскай вобласці загінулі каля 40 вайскоўцаў батальёна «Айдар» і 80-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. Потым у забітых у гэтым баю жаўнераў Мільчакоў адразаў вушы, выразаў на іх тварах знак «калаўрат» (8-прамянёвая свастыка), а таксама рабіў фотаздымкі на фоне згарэлых трупаў украінцаў. Фота сваіх «подзвігаў» Мільчакоў выкладваў у сацыяльныя сеткі.

Мільчакоў пазіруе на фоне згарэлых трупаў

У лістападзе 2016 года ўкраінскія праваахоўнікі абвесцілі расейскага баевіка ў вышук. Летась Галоўная вайсковай пракуратура Украіны накіравала ў суд абвінаваўчы акт супраць Мільчакова, яго вінавацілі ў злачынствах, прадугледжаных ч. 1 арт. 258-3 (тэракт), ч. 3 арт. 110 (замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны) і ч. 2 арт. 28 ч. 2 арт. 437 (вядзенне агрэсіўнай вайны) Крымінальнага кодэкса Украіны. Яго мусяць завочна судзіць.

Спецслужбы Украіны і Беларусі адмоўчваюцца

Як у такіх умовах Аляксей Мільчакоў можа бесперашкодна наведваць суседнюю з Украінай дзяржаву? Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, belsat.eu накіраваў адпаведныя запыты ў Службу бяспекі Украіны, Генеральную пракуратуру Украіны (ГПУ), а таксама МУС і Генпракуратуру Беларусі.

Фактычна ва ўсіх выпадках праваахоўныя органы Украіны і Беларусі ўхіліліся ад адказаў. СБУ паведаміла, што крымінальнай справай Мільчакова займаецца Генеральная пракуратуру. У ГПУ, у сваю чаргу, заявілі, што паводле арт. 222 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу краіны «звесткі дасудовага расследавання, у тым ліку ў частцы міжнароднай супрацы, могуць разгалошвацца толькі з пісьмовага дазволу следчага або пракурору».

Такім чынам невядома, ці звязваліся ўкраінскія праваахоўнікі з беларускімі калегамі наконт візіту ў Беларусь Мільчакова. Не зразумела таксама, ці сапраўды, як сцвярджае баявік, ён знаходзіцца толькі ў нацыянальным вышуку, а не міжнародным. Выключаць гэтага нельга, улічваючы, што следства па справе Мільчакова ідзе даволі марудна: нагадаем, яго абвесцілі ў вышук толькі праз 2 гады пасля бою ў пасёлку Прыветнае, дзе былі забітыя каля 40 украінскіх вайскоўцаў.

Скрыншот з сайту МУС Украіны

 

У вышуковай базе МУС Украіны дадзеныя Мільчакова сапраўды прысутнічаюць, аднак там не пазначана, ці абвешчаны ён у міжнародны вышук. У базе Інтэрполу дадзеныя Мільчакова не фігуруюць.

У Генеральнай пракуратуры Беларусі адмовіліся каментаваць сітуацыю з візітам Мільчакова, адзначыўшы, што адпаведную інфармацыю запрасіць могуць толькі «кампетэнтныя органы». У беларускім МУС карэспандэнту belsat.eu заявілі: звесткі, якія вас цікавяць, маюць «канфідэнцыйны характар».

Адказ МУС Беларусі за подпісам кіраўніка ГУБАЗіК М.М. Карпянкова

 

Адзначым, што ў поле зроку беларускіх праваахоўнікаў Мільчакоў мусіў знаходзіцца не менш як 2 гады. У траўні 2016 году вялікі розгалас набыла гісторыя пра тое, як беларускіх дзяцей з Віцебску, Друцку і Талачына вазілі ў Расею на вайсковыя зборы, дзе за інструктараў былі баевікі групы «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў. Тады прадстаўнікі праваахоўных органаў Беларусі абяцалі вывучыць інфармацыю на гэты конт і разабрацца ў сітуацыі.

Што могуць зрабіць беларускія спецслужбы

Юрысты адзначаюць, што нават калі фармальных юрыдычных падставаў для арышту і экстрадыцыі Аляксея Мільчакова ва Украіну няма, беларускія сілавікі прынамсі маюць права забараніць баевіку ўезд у Беларусь у адміністратыўным парадку. У апошнія гады былі неаднаразовыя выпадкі, калі праваахоўнікі затрымлівалі і дэпартавалі з краіны ўкраінскіх грамадскіх дзеячаў і журналістаў. Часцей за ўсё гэта было звязана з тым, што яны знаходзяцца ў расейскім «чорным спісе». Аднак беларускія ўлады забаранялі ўезд у краіну і грамадзянам Расейскай Федэрацыі. Напрыклад, у 2011 годзе праваахоўнікі ўнеслі ў спіс непажаданых у Беларусі асобаў праваабаронца Андрэя Юрава, які займаўся маніторынгам палітычных рэпрэсіяў у краіне пасля разгону Плошчы-2010. Летась у Беларусі быў затрыманы і дэпартаваны ў Расею філосаф і гісторык Пётр Рабаў, які прыехаў чытаць лекцыі аб анархізме.

Павел Сапелка. Фота – spring96.org

 

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка ў каментары belsat.eu адзначыў, што забарона на ўезд у Беларусь у адміністратыўным парадку – даволі распаўсюджаная практыка.

«Заканадаўствам прадугледжана магчымасць забароны на ўезд у Беларусь. Гэта адміністратыўнае рашэнне, яно мусіць абгрунтоўвацца інтарэсамі аховы грамадскага парадку і нацыянальнай бяспекі. Наколькі я ведаю, такіх рашэнняў прымалася вельмі шмат. Напрыклад, на Барыса Нямцова ў свой час накладалі забарону на ўезд у Беларусь. Ведаю праваабаронцаў, якім забаранялі ўезд. Калі іх так бы мовіць разварочваюць на мяжы (вядома, калі гэта рэальная мяжа), людзям называюць самыя агульныя абгрунтаванні, а спробы атрымаць нейкае дакументальнае пацверджанне гэтага рашэння звязаныя з вялікімі складанасцямі», – тлумачыць юрыст.

Трэба дадаць, што цяперашняе местазнаходжання Мільчакова дакладна невядома. Паводле расейскіх СМІ, у 2017 годзе Мільчакоў далучыўся да так званай «ПВК Вагнэра» і трапіў у Сірыю. На пытанне belsat.eu наконт службы ў Вагнэра Мільчакоў адказаў: «А гэта ўжо вас не датычацца».

Раней з журналісцкага расследавання «Белсату» стала вядома, што беларускія грамадзяне з так званай «Прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра» свабодна прыязджаюць у Беларусь, не хаваюцца ад праваахоўных органаў і нават атрымліваюць на радзіме новыя пашпарты.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары