«Мы такая нацыя, што нам пофіг радыяцыя!» Як жыве беларуская «сталіца энергетыкаў»

Рэпартаж

Астравецкая АЭС

За 150 км ад Менску, 240 ад Горадні і 50 ад Вільні ідзе «вялікая рэспубліканская будоўля», якая неўзабаве мае завершыцца. У 2019-м тут плануецца запусціць у рух першы блок беларускай АЭС. «Белсат» выправіўся паглядзець, як жывуць і што мяркуюць пра гэта самыя жыхары Астраўца.

«Маленькі астравок маёй зямлі – зялёны Астравец над срэбнай Лошай, такі прытульны і такі харошы, як сонца, бор і родныя палі», – пісаў Уладзімір Караткевіч. Яшчэ з 10 гадоў таму Астравец быў ціхай, непрыкметнай вёскай. Хто працаваў у калгасе, хто паціху співаўся, а хто, калі быў спрытнейшы, ганяў з папяросамі ў суседнюю Літву. Моладзь дружна мігравала ў Менск, а старэйшыя перабіваліся неяк ад пенсіі да пенсіі. І тут раптам, «панаехалі».

«Суперпраект» задумаў сам галоўны бос краіны, а паслухмяныя чыноўнікі, пачэсваючы патыліцы і закасаўшы рукавы, узяліся за працу. Неўзабаве пачалася самая вялікая будоўля ў гісторыі краіны – Астравецкай атамнай электрастанцыі.

Меркавання жыхароў Астравеччыны ніхто так і не спытаў, а іх спакойнае правінцыйнае жыццё, дзе кожны адзін аднаго ведаў, раптам стала аб’ектам увагі міжнароднага маштабу. І пачалося.

Новыя мікрараёны ў Астраўцы

Першы святлафор, новыя дарогі, новыя мікрараёны для будаўнікоў АЭС, дзіцячыя садкі, школы, кафетэрыі, паліклінікі, гатэлі, і, абавязкова, новы будынак для Следчага камітэту. 27 сакавіка 2012 г. вёска афіцыйна пераўтварылася ў горад.

Цягам некалькіх гадоў паўсталі дзве градзірні, якія можна назіраць здалёк,– самыя вялікія тэхнічныя збудаванні ў Беларусі, якія пераконваюць, што шляху назад няма. Стаўленне да журналістаў таксама змянілася. Калі ў першыя гады жыхары Астравеччыны спакойна выказвалі сваё меркаванне, то сёння злавіць людзей у аб’ектыў вельмі складана.

Каму што баліць, той пра тое і…

Новыя лініі электраперадач

«Што змянілася за 10 гадоў? Нічога харошага! – эмацыйна кажа жанчына-дворніца, – Заробак 300 рублёў, як жыць за іх? Мы выжываем! Наадварот, яшчэ горш становіцца. Людзей душаць кантрактамі. Людзі жабракамі становяцца. Працу нідзе не знайсці, усюды пенсіянеры працуюць. А на АЭС ніхто цябе не возьме, таму што там трэба мець адукацыю. А мне ўжо 51 год. Каму я патрэбная?»

– Не баіцеся жыць побач з электрастанцыяй?
– Баюся і за сваіх дзяцей перажываю. Чарнобыль жа выбухнуў. Там будавалі расейцы і цяпер расейцы будуюць. Якія гарантыі?

Чытайце таксама:

 

Заўважна, што людзей больш хвалююць надзённыя праблемы, а не факт пабудовы атамнай электрастанцыі пад бокам.

«Наконт АЭС я нічога не ведаю. Мяне гэта не хвалюе. А Чарнобыль? Ну дык гэта адзіная атамная станцыя ў нашай акрузе, якая ўзарвалася. Астатнія – усе ж нармальна працуюць. Я і дзед мой не задумваемся. Я, як пайшла ўжо на пенсію, то і не заўважаю. Тупаемся з дзедам, ды ўсё. Ці лепей, ці горш жыць? Можа, трохі горш, бо, як рабіла яшчэ на пенсіі, то мне было болей даходаў. І заробак, і пенсія. А цяпер ужо цяжэй, пенсіі малыя зусім. Я яшчэ як спецыяліст лічылася, то троху больш было. А, калі хто з прыбіральшчыц, то я ўвогуле не разумею, як людзі жывуць з такой пенсіі. А так… Ну пахарашэў горад. Што болей можна сказаць?» – кажа старэйшая жанчына, якую ўдалося разгаварыць на вуліцы.

Астравецкая АЭС

«Добра, што будуецца. І яшчэ лепш было б, калі б нам, гораду, зрабілі зніжкі на электраэнергію. Нібыта і лепш стала, але ўсё роўна ёсць праблемы з працай і з заробкам. Лукашэнка тлумачыць, што мы павінны атрымліваць недзе ў раёне 500 долараў, але такога няма. Бо трэба не толькі станцыю будаваць, але і якія-небудзь камбінаты хаця б, аўтабазы. Бо на электрастанцыі перспектывы ў моладзі, а хто старэйшы, то не. Я некалькі разоў хацеў уладкавацца на АЭС кіроўцам, абяцалі, што патэлефануюць, але так і маўчаць. Асабіста мне, ніякага страху няма, бо гэта станцыя будуецца паводле ўдасканаленых тэхналогіяў. І я спадзяюся, што там уся абарона ёсць супраць радыяцыі», – пасля гэтых слоў мы выключылі камеру, а наш суразмоўца дадаў:
-Ну, вы ж разумееце, што гэта было сказана для… тупых, хто не ведае, што такое атамка…

Іншая рэальнасць Астравецкай АЭС

– Нельга паверыць у немагчымае! – сказала Аліса.
– Проста ў цябе мала досведу, – заўважыла Каралева. – У тваім узросце я прысвячала дзеля гэтага паў гадзіны штодня! У іншыя дні я паспявала паверыць у дзясятак немагчымасцяў яшчэ перад сняданкам! – разважаюць героі кнігі Льюіса Кэрала «Аліса ў Залюстроўі».

Чытаючы публікацыі беларускіх афіцыйных выданняў, момантамі здаецца, што трапляеш у Залюстроўе, у нейкую іншую рэальнасць, якая праракуе светлую будучыню дзякуючы «мірнаму атаму». Горад прыгажэе, паўстаюць новыя каляровыя мікрараёны, ранкам калоны машын і аўтобусаў выпраўляюцца на атамку, будатрады БРСМ ездзяць на неблагія заробкі, першы этап перад запускам АЭС ужо амаль завершаны. У горад прыходзіць атамная эра…

Вялікая будоўля ў Астраўцы

«Беларуская АЭС стане прыкладам экалагічна бяспечнага аб’екта, створанага на аснове самых сучасных тэхналагічных рашэнняў», – заява старшыні Савета Беларускага грамадскага аб’яднання «Экалагічная ініцыятыва» Юрыя Салаўёва на онлайн-канферэнцыі, якая адбылася на сайце БелТА, абляцела хіба ўсе беларускія выданні. Экалагічна бяспечная атамная электрастанцыя? Сур’ёзна? У іншых яшчэ лепей – «мірны атам»… Інфармаванне пра сучаснасць і бяспечнасць АЭС дае свае вынікі.

«Я працаваць і жыць там не баюся. Гэта атамная электрастанцыя. Іх столькі па свеце набудавана, што абалдзець можна. Яны ўсё будуюцца і будуюцца. У адной Францыі іх каля дзесяці. У нас нармальная платформа. Няма нейкіх жахлівых прыродных катаклізмаў. Тым больш, што яе робяць спецыялісты, а не дурні, якія разумеюць, што ім па гэтым бетоне хадзіць», – кажа ў прыватнай размове адзін са звычайных будаўнікоў.

Заглушаныя галасы праціўнікаў АЭС

Мікалай Уласевіч, ініцыятар кампаніі “Беларуская АЭС – гэта злачынства”

Ужо амаль дзесяць гадоў супраць АЭС змагаюцца мясцовыя актывісты і эксперты, галасы якіх з цягам часу перастаюць быць чутнымі. Як прызнае ініцыятар кампаніі «Астравецкая атамная – гэта злачынства», спецыяліст у сферы эканамічнай геаграфіі, Мікалай Уласевіч, першынства ў барацьбе з АЭС узяла Літва, а актывістаў чуваць зараз мала.

«Людзі як жылі, так і жывуць. Мы бачым, што будоўля ідзе, і спыніць яе нам наўрад ці ўдасца. Прапаганда зрабіла сваю справу. Калі людзям кажуць, што гэта нейкая суперсучасная і супербяспечная атамная станцыя, то значная частка людзей у гэта верыць. А хто ўдумваецца і аналізуе тое, што адбываецца ў самых розных краінах з атамнымі электрастанцыямі, як апошняя катастрофа, якая адбылася на Фукусіме, яны разумеюць, што нельга адназначна гарантаваць, што там усё будзе бяспечна і ўсё кончыцца добра. Кожны мяркуе зыходзячы са сваіх інтарэсаў», – кажа Мікалай Уласевіч.

Грамадскі актывіст Іван Крук

Астравецкі грамадскі актывіст і праваабаронца Іван Крук у сваю чаргу зазначае, што будаўніцтва беларускай АЭС супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

«Вось, чытайце! – указвае пальцам спадар Іван на артыкул №18 у Канстытуцыі і працягвае, – Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядравай зонай, а дзяржаву нейтральнай».

Першы энергаблок Астравецкай АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю напрыканцы 2019 года, другі ў ліпені 2020 г. Яшчэ ў 90-х і пачатку 2000-х у народзе хадзіў такі жарт: «Мы такая нацыя – што нам пофіг радыяцыя». А вось сапраўды пранясе?

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Глядзі таксама
Каментары