«Мы любім вас». Аб'яднаны штаб звярнуўся да беларусаў. ВІДЭА


Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала запісалі зварот да беларускага народу.

«Мы ўсе адна сямʼя»

Абʼяднаны штаб запісаў зварот да беларускага народу. Прадстаўніцы трох штабоў звярнуліся да простых беларусаў, а таксама прадстаўнікоў улады і сілавых структураў.

«Мы любім вас. Усіх, без выключэнняў. Мы не дзелім беларусаў на народ і чыноўнікаў, на людзей у цывільным і людзей у чорнай форме, на выбарцаў і чальцоў выбарчых камісіяў. Мы ўсе – беларусы, мы ўсе – адна сямʼя», – пачала зварот Святлана Ціханоўская.

Яна запэўніла, што ніколі не будзе запалохваць людзей, прысвойваць краіну сабе.

Ціханоўская на мітынгу ў Смаргоні.
Фота: «Белсат»

«Беларусы не належыць да палітыкаў, прэзідэнтаў, партыямі або групам. Беларусь належыць толькі сабе і свайму народу. Калі кажа, што не аддасць краіну да іншай улады, мы не разумеем гэтыя словаў. Каму не аддасі? Як не аддасі? Няўжо яе нехта прысвоіў? Няўжо мы чыясьці ўласнасць?»

Ціханоўская падкрэслівае што моцны лідар не мусіць трымаць у страху мільёны людзей, каб заставацца пры ўладзе. Яна згадвае затрыманых кандыдатаў у прэзідэнты, іх дзяцей і прыхільнікаў, а таксама схемы па фальсіфікацыі выбараў.

Прэзідэнт мусіць слухаць народ

«Беларусы – гэта гучыць ганарліва. Тое, што вы зрабілі з краінаю – гэта грандыёзна. Беларусь прачнулася і ўжо не засне. Засталося толькі мякка абудзіць тых, хто ў паўдрымоце», — звяртаецца да беларусаў Вераніка Цапкала.

Вераніка кажа, што гэтыя падзеі застануцца ў сусветнай гісторыі. Пра гэта лета будуць распавядаць дзецям і ўнукам.

Вераніка Цапкала ў Ваўкавыску.
Фота: «Белсат»

«Дзейная ўлада кажа, што яна – люстэрка народа. Аднак твары беларусаў не сапсаваныя злосцю, нянавісцю, калі гаворка ідзе аб апанентах».

Яна згадвае словы чыноўнікаў, што зараз у модзе моцныя дзяржавы. І кажа, што моцная дзяржава не грунтуецца на гвалце – не аддае злачынныя загады і не змушае іншых іх выконваць. Вераніка Цапкала называе ў звароце беларусаў разумнымі і таленавітымі людзьмі. Прыгадвае, што народ сам, не дзякуючы, а насуперак, ствараў геніяльныя рэчы, будаваў бізнес, адраджаў культуру, прыдумляў праекты, рабіў сусветна вядомую прадукцыю.

«А зараз адкажыце сабе – да якіх вяршынь мы маглі б дабрацца, каб нам не рабілі перашкодаў, не загадвалі і не абмяжоўвалі нас… Прэзідэнт мусіць слухаць народ, а не казаць, што яму рабіць».

Міліцыя з народам, народ з міліцыяй

Кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава кажа, што ў беларусаў лагічнае мысленне – таму нас не правядзеш расповедамі пра «Еўропу ў агні» і «свет у хаосе».

Марыя Калеснікава ў Лідзе.
Фота: «Белсат»

Яна звяртаецца ў сваёй прамове да сілавых структур – кажа, як важна іхная праца, і што міліцыянты і вайскоўцы не мусяць мець падачкі ў выглядзе кватэраў. Усё гэта мусіць быць па змаўчанні, а службаю ў войску трэба ганарыцца.

Марыя распавяла, як сустрэла маладога мужчыну на вуліцы, прапанавала яму сфатаграфавацца, аднак той адказаў: «Пакуль нельга».

«Я спадзяюся, што хутка мы будзем жыць у краіне, дзе фотаздымак не будзе злачынствам. Мы не баімся сілавых структураў і верым ім. Не толькі міліцыя з народам, але і народ з міліцыяй».

Калі любіш – адпусці

Ціханоўская яшчэ раз падкрэсліла, што штаб выступае супраць гвалту, ім важна захаваць свабоду і здароўе грамадзянаў.

«Мы дзейнічаем законнымі метадамі. І верым у дабрыню і справядлівасць», — кажа яна.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Belsat.eu

Вераніка Цапкала запыталася, што сніцца беларусам.

«Вас сніцца багатае жыццё ў бяспечнай і свабоднай краіне. Жыццё, якое вы заслугоўваеце».

Марыя Калеснікава ўпэўненая, што ў гісторыі заўсёды застанецца сёлетні подзвіг беларускага народу, які адмовіўся выконваць злачынныя загады.

«Мы верым у вас. Гэтаму подзвігу таксама жыць у стагоддзях. Беларусы – вы неверагодныя. Як раней ужо ніколі не будзе. Мы разам, а разам – пераможам. Улады кажуць: «Беларусь – любімая, а любімую не аддаюць». Мы кажам: «Гвалтоўна мілым не будзеш, а калі любіш – адпусці».

Сёлета выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 9 жніўня. У бюлетэні будзе 5 прозвішчаў: Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачэнь, Святлана Ціханоўская і Аляксандр Лукашэнка.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў