Музыка для цяжарных. У Віцебскай філармоніі ладзяць канцэрты для будучых маці


Восьмы год запар Віцебская абласная філармонія праводзіць цыкл праграм для будучых маці “Выткаць душу з нот”. Гэтую паэтычную назву ўзялі з усходняга павер’я, якое кажа, што кожная дзяўчына павінна выткаць сабе для пасагу дыван, а кожная жанчына – выткаць душу свайго дзіцяці з музычных нітак свайго голаса.

Лістападаўская праграма будзе называцца “Музычныя вітаміны”.

«Мы пайшлі далей, чым музычныя ніці толькі голасу будучай матулі: і душы нашых дзяцей, характары, інтэлект спрабуем выткаць з дапамогай гукаў, якія ёсць у сусветнай класічнай музыцы,» – патлумачыла Таццяна Савіцкая, лектар-музыказнаўца Віцебскай абласной філармоніі.

Тацяна Савіцкая, фота – Крысціна Авакумава

У рамках праекту цяжарныя жанчыны слухаюць музыку ў жывым выкананні: класічную, сучасную, але акадэмічнага накірунку, а таксама спевы і гучанне разнастайных музычных інструментаў.

У кастрычніку ў праграме пад назвай “Шчаслівыя бацькі” выступіў актэт балалаек “Віцебскія віртуозы”, якім кіруе заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Шафранава.

Цяжарным нельга слухаць рок?

Таццяна Савіцкая распавяла, што музычныя творы для канцэртаў падбіраюць загадзя і вельмі старанна.

“Ёсць дакладныя ўказанні даследчыкаў у гэтай галіне, што ні ў якім разе слухаць нельга. Напрыклад, музыку з рэзкімі дысанансамі, рванымі рытмамі, без пэўнай формы, рок-музыку, хай прабачаць нас рок-музыкі, але менавіта рок-творы нельга слухаць цяжарным жанчынам,”—падкрэсліла музыказнаўца.

На гэтыя канцэрты будучыя мамы прыводзяць сваіх мужоў, бабуляў, дзетак. Для іх гэта добрая нагода адпачыць усёй сям’ёй.

Будучыя маці прыходзяць паслухаць музыку разам з сем’ямі, фота – Крысціна Авакумава

Дзіця, якое яшчэ не нарадзілася, добра адчувае музыку

Слухачы адзначаюць, што дзеткі ў жываце рэагуюць на музыку і нават на той ці іншы музычны інструмент па-рознаму.

“Цікава, што потым гэтыя дзеткі прыходзяць на нашы канцэрты разам з бацькамі, бо цыкл цягнецца ўжо восьмы год. Яны спакойна слухаюць дарослыя канцэрты, якія цягнуцца паўтары гадзіны і больш. Гэта для іх не цяжка, ім цікава, таму што яны ўжо прызвычаіліся ад першых дзён зачацця слухаць якасную класічную музыку”– падзялілася вынікам працы Таццяна Савіцкая.

Праект для будучых маці прапануе не толькі канцэрты. Кожны раз з жанчынамі сваім досведам дзеляцца спецыялісты самых розных профіляў, сярод якіх лагапеды, гінеколагі, педыятры, псіхолагі і шматдзетныя маці Віцебску.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў