Мужчына ў заклад паплыў праз Свіслач – і ледзь не патануў


Уначы 15 чэрвеня ў Менску мужчына нападпітку паспрачаўся з сябрамі, ці зможа пераплыць Свіслач. Ён паплыў, але раптам пайшоў на дно. Мужчыну паспелі выратаваць, пішуць «Минск-Новости».

Каля 1.30 да патрульных АМАП на вуліцы Зыбіцкай падбег усхваляваны чалавек і паведаміў, што ў Свіслачы тоне мужчына. Байцы адразу пабеглі да месца здарэння.

Там выратаваць мужчыну намагаўся іншы малады чалавек, але той ужо пайшоў пад ваду. АМАПаўцы пераскочылі праз парапет і сабраліся нырнуць у раку, але хлопец падаў знак, што знайшоў пацярпелага. Міліцыянты дапамаглі выцягнуць яго з вады.

Паводле звестак міліцыі, мужчына не дыхаў і ў яго было пульсу. Да прыбыцця хуткай дапамогі міліцыянты праводзілі рэанімацыю сваймі сіламі – рабілі штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца. Пазней медыкі ўвялі пацярпеламу адрэналін, і той задыхаў самастойна. Мужчыну шпіталізавалі.

Пазней высветлілася, мужчына адпачываў у адным з бараў на Зыбіцкай і паспрачаўся з сябрамі, што зможа пераплыць Свіслач, аднак не разлічыў сілаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў