МУС пахвалілася знішчэннем ТГ-канала «Армія з народам». Праводзіцца перадследчая праверка


МУС праводзіць перадследчую праверку адносна дзейнасці адміністратараў ТГ-канала «Армія з народам». Пра гэта заявіў першы намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч падчас онлайн-канферэнцыі на YouTube.

Казакевіч заявіў, што ТГ-канал «Армія з народам» з’явіўся ў чэрвені і з таго часу перыядычна выдаляўся і зноў ствараўся. Агульная колькасць падпісчыкаў дасягала тысячы чалавек.

«У чаце ажыццяўляліся актыўныя заклікі да аказання сілавога ўздзеяння на супрацоўнікаў АУС і Унутраных войскаў у дзень магчымых масавых пратэстаў», – падкрэсліў намеснік міністра.

Паводле яго, там абмяркоўваліся канкрэтныя спосабы процідзеяння і «магчымыя правакацыі» у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі.

У МУС прызналі, што некаторыя адміністратары ТГ-канала сапраўды раней працавалі ў сілавых структурах. Напрыклад, Сяргей К. служыў у органах унутраных справах, а цяпер працуе ахоўнікам у гандлёвым цэнтры.

Скрыншот з відэа МУС

Іншы адміністратар, Сяргей Я., служыў у Мінабароны майстарам па рамонце бронетэхнікі, а цяпер з’яўляецца таксістам.

Скрыншот з відэа МУС

МУС таксама прадэманстравала паказанні адміністратараў каналу. Сяргей К. кажа, што ў ягоныя функцыі ўваходзіла каардынацыя людзей для ўдзелу ў акцыях пратэсту і супраціву праваахоўнікаў.

«Мэтай груп быў вывад людзей на плошчу па прыкладзе 2010 года, але ў больш маштабных абʼёмах. Сваю віну прызнаю і абяцаю, што больш такое не паўторыцца», – кажа адміністратар ТГ-канала.

Сяргей Я. і яшчэ адзін адміністратар Яўген у сваю чаргу кажуць на камеру, што заклікі да гвалту ў ТГ-канале яны выдалялі і выступалі толькі за мірныя спосабы рашэння палітычных праблемаў.

«У цяперашні час па гэтых фактах праводзіцца даследчая праверка. Прававая ацэнка будзе дадзеная», – заявіў Казакевіч.

Казакевіч падкрэсліў, што сама падпіска на канал не з’яўляецца парушэннем закона, але абразлівыя выказванні і заклікі да парушэння грамадскага парадку незаконныя.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў