Мітрапаліт Павел так і не пачаў вывучаць беларускую мову


Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел. Фота – Сяржук Серабро

Праваслаўны мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, які ў снежні 2013 года быў пераведзены з расейскай Разані ў Беларусь, дагэтуль так і не пачаў вучыць беларускую мову. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю, апублікаваным на сайце Маскоўскай патрыярхіі.

Іерарх адзначыў, што не бачыць «вострай неабходнасці» вывучаць беларускую мову, бо ў Беларусі ёсць дзве дзяржаўныя мовы і ўсе «адно аднаго разумеюць».

«Тут усё-такі сітуацыя адрозніваецца ад ЗША, дзе я служыў раней. У Злучаных Штатах я часам трапляў у такія прыходы, дзе ніхто не размаўляе па-расейску. Таму я быў вымушаны размаўляць на ангельскай мове. І служыць прыходзілася на ангельскай, і прапаведаваць на ангельскай», – сказаў ён.

У Беларусі ж мітрапаліт Павел, паводле ягоных жа словаў, амаль усё разумее, і таму ўвесь час адкладвае вывучэнне мовы на потым, калі будзе на гэта час, «а часу ўсё няма і няма».

Іерарх таксама асудзіў «безапеляцыйныя заклікі» перавесці набажэнствы на мясцовую мову. Паводле яго, у Беларусі стагоддзямі маліліся і моляцца на царкоўнаславянскай мове, і «усё ўсіх цалкам задавальняе». Распаўсюдзіць беларускую мову ў царкве, на яго думку, спрабуюць «тыя, хто сам не жыве царкоўным і рэлігійным жыццём, але спрабуе на гэтай ніве зарабіць палітычныя пункты».

«Сёння няма вострай неабходнасці змяняць богаслужбовы мову. Але калі людзі пажадаюць маліцца і служыць на сваёй роднай мове, Царква ніколі гэтаму не перашкаджала», – сказаў мітрапаліт.

На сённяшні дзень беларускамоўныя літургіі ў праваслаўных святынях Беларусі служаць перыядычна прыкладна ў тузіне цэркваў у Менску, Горадні ды некаторых парафіях Менскай вобласці.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў