Ці ёсць у Беларускай праваслаўнай царкве хоць нешта беларускае?


Гісторыя праваслаўнай царквы мае больш за 1000 год, і столькі ж непарыўна звязана з лёсам беларускага народа. Ад самага пачатку праваслаўная царква на беларускіх землях мела сваю адметнасць і выразна адрознівалася: архітэктурай, выяўленчым мастацтвам ад суседскіх – кіеўскай, наўгародска-пскоўскай і, асабліва, маскоўскай.

Беларуская царква наўпрост пераймала візантыйскія ўзоры і паступова ішла ў кірунку еўрапейскасці. Фрэскі з Полацкіх храмаў, вонкавы выгляд цэркваў Гародні ды Наваградку, рукапісныя Евангеллі з Тураву, Лаўрышава, Слуцку, друкаваныя Францыскам Скарынам кнігі Бібліі належаць да агульнаеўрапейскіх прыкладаў культуры.

Пазіцыі праваслаўнай царквы ў Беларусі кардынальна змяняюцца ў канцы 16 стагоддзя. Берасцейская царкоўная ўнія 1596 года мацней звязвае праваслаўнае мяшчанства, сялянства і частку шляхты з каталіцкай культурай і традыцыямі. З гэтага часу прадстаўнікі спрадвеку праваслаўных родаў Астрожскіх, Агінскіх, Валовічаў, Сапегаў, Храптовічаў свядома пераходзяць у каталіцызм, бо гэта ў тагачаснай Рэчы Паспалітай давала ім большыя магчымасці для кар’еры і прэстыжу і адкрывала дзверы ў Еўропу.

Аслабленнем праваслаўнай царквы ў ВКЛ скарысталася Маскоўская дзяржава, якой законнымі і не толькі шляхамі ў 1589 годзе ўдалося атрымаць самастойную патрыярхію. Што дазволіла Расеі бесперапынна ўмешвацца ва ўнутранае жыццё Рэчы Паспалітай пад лозунгамі «абароны адзінаверных праваслаўных Беларусі і Украіны».

З гэтага часу пачалася рэлігійная і цывілізацыйная пераарыентацыя праваслаўных беларусаў на маскоўскі ўзор. Асабліва імкліва гэтыя працэсы пачынаюць ісці пасля далучэння нашых зямель да Расейскай імперыі ў канцы 18 стагоддзя. У выніку за апошнія 200 гадоў нацыянальная адметнасць Беларускай праваслаўнай царквы амаль канчаткова знікла.

Ці можам мы сёння назваць Праваслаўную царкву ў Беларусі беларускай, не па тэрытарыяльнай прыналежнасці і назве, а па змесце і сутнасці? Ці фармуе яна нацыянальную свядомасць і чым адрозніваецца ад РПЦ? Сёння ўся яе духоўная і культурная сіла цалкам скіраваная на Маскву. У выніку беларускі народ губляе свае карані, а царква, з якой выйшлі беларусы, праз 1000 год стала адным з інструментам падаўлення нацыянальнага на тэрыторыі Беларусі.

Пра гэта дыскутуем з гасцьмі ток-шоу «Intermarium» на «Белсаце»:

  • Андрэем Кураевым, дыяканам, прафесарам багаслоўя (Масква, Расея)
  • Ігарам Скачылясам, прафесарам Украінскага каталіцкага oніверсітэту (Львоў), доктарам гістарычных навук, каардынатарам публічнага праектe «Кіеўскае хрысціянства»
  • Наталляй Васілевіч, тэолагам (Менск)
  • Антонам Мірановічам, прафесарам універсітэту ў Беластоку (Польшча), загадчыкам кафедры гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, аўтарам кніг па гісторыі праваслаўя