Дыякан Кураеў: царква не павінна быць ні расейскай, ні беларускай


Вядомы сваймі выказваннямі, якія набылі вялікі розгалас, дыякан і прафесар багаслоўя Андрэй Кураеў распавёў на «Белсаце» пра несамастойнасць Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ).

Госці чарговага выдання гістарычнага ток-шоу «Intermarium» абмяркоўвалі, ці ёсць у БПЦ хоць нешта беларускае і ці гатовыя беларусы да аўтакефаліі. Вашай увазе – фрагмент дэбатаў.

Вядоўца Павал Мажэйка: Ці можам мы казаць, што беларуская праваслаўная царква – гэта нацыянальная царква?

Дыякан Андрэй Кураеў: Я прапаную ў вашым пытанні замяніць слова «беларускі» на слова «рок, рок-культура». «Панк-культура», якая заўгодна, любая. І паглядзіце, як тады будзе гучаць гэтая формула: ці служыць царква развіццю рок-культуры? Па-мойму, смешна. Гэтак жа царква не павінна служыць развіццю нацыянальнай культуры – расейскай, беларускай, украінскай…

П.М.: Але служыць!

А.К.: Гэта дрэнна, гэта – паганства, насамрэч. Царква павінна служыць Хрысту. А астатняе прыкладзецца. Скажам, я – святар. Ёсць чалавек, ён захапляецца рок-музыкай. Мне яна нецікавая. Але паколькі для гэтага маладога чалавека гэта дорага, для яго гэта аўтарытэты, я тэлефаную Юрыю Шаўчуку і кажу: «Юра, дапамажы. Ёсць чалавек, які цябе слухае. Скажы яму, што Хрыстос – гэта наша ». І Юра гэта скажа ў сваёй песні ці неяк інакш. Але гэта не значыць, што мая мэта – узбагаціць рок-культуру.

Гэтак жа ёсць святар, манах. У яго ёсць талент: гаварыць на нацыянальнай мове ці пісаць на ёй. Калі ласка! Да яго прыходзяць людзі, для якіх гэтая мова больш зразумелая, родная. Май зносіны, маліся з ім на гэтай мове. Але ставіць сабе мэтай развіццё нацыянальнай культуры царква, я думаю, не можа, не павінна.

П.М.: Гэта ідэал, а ёсць рэаліі. Царква ёсць палітычным інструментам.

А.К.: Адносна рэаліяў. Вядома, беларуская царква не ёсць самастойны суб’ект ні культурнай, ні якой-небудзь іншай палітыкі. Кіруецца яна з дапамогай дэсанту з Масквы. Нават у асобе таго ж Філарэта (Вахрамеева). Але ён – разумны чалавек, таму ён стараўся ўбудавацца, але востра адчуваючы, які мэйнстрым, якая палітыка. Сам ён таксама беларускую мова не асвоіў за 30 гадоў свайго кіравання.

Цяпер – былы Разанскі епіскап Павел, які там зусім не прыжыўся. Усе прызначэнні біскупаў – яны ўзгадняюць з Масквой. У Кіеве ўсё ж такі сінод мае права без ведама Масквы даваць узнагароды епіскапам, караць іх, ссоўваць, прызначаць. У Менскага сіноду такіх паўнамоцтваў няма. Усе яго рашэнні ўступаюць у сілу толькі пасля зацвярджэння Маскоўскім сінодам і патрыярхам Кірылам. Гэтай аўтаноміі няма. Добра гэта ці дрэнна? Самі беларусы няхай вырашаюць. У якой ступені наспявае ў грамадстве сама гэтая патрэба [самастойнасці – рэд.].

Калі бярэ пачатак беларуская праваслаўная традыцыя і як спрабаваў атрымаць аўтакефалію вялікі князь Вітаўт? Глядзіце ток-шоу «Intermarium» цалкам (відэа вышэй).