Мінздароўя: У Дзмітрыя Калдуна пакуль не пацвердзіўся каронавірус


Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла паведамленне пра стан здароўя спевака Дзмітрыя Калдуна. Паводле ведамства, тэсты на каронавірус паказалі адмоўны рэзультат.

Мінздароўя паведамляе, што сапраўды Дзмітрыя Калдуна шпіталізавалі ў 6-ю больніцу Менску. Напярэдадні выканаўца пачуў сябе блага, у яго паднялася тэмпература. Артыст вырашыў здаць тэст на каронавірус.

«У прыёмным пакоі яму зрабілі экспрэс-тэст, які паказаў сумнеўны вынік на наяўнасць імунаглабулінаў М, у сувязі з чым было вырашана правесці далейшую ПЦР-дыягностыку. На сённяшні дзень – дыягназ пнеўманія выключаны, таксама атрыманыя адмоўныя вынікі ПЦР-дыягностыкі COVID-19 і адмоўны вынік колькаснага тэсту на наяўнасць антыцелаў. Стан Дзмітрыя стабільны», – гаворыцца ў паведамленні Мінздароўя.

Мінздароўя паведамляе, што канчатковы дыягназ будзе выстаўлены па выніках лабараторных даследаванняў на наяўнасць узбуджальнікаў рэспіратарных захворванняў.

Напярэдадні выканаўца ў сваім Instagram напісаў, што ў яго і ягонай жонкі выявілі каронавірус.

«У Менску няма каранціну, таму я мог дзе заўгодна падчапіць гэты вірус. Пры гэтым я намагаюся пазбягаць месцаў з вялікаю колькасцю людзей і прытрымліваюся захадаў бяспекі. Учора адчуў лёгкі кашаль і невялікую тэмпературу, вырашыў, што само пройдзе, выпіў простыя гарачкапаніжальныя і таблеткі ад кашлю. Аднак не дапамагло. Тады я вырашыў зранку паехаць з жонкаю і здаць тэст. І тут у нас абодвух дыягнаставалі COVID-19», – распавёў спявак.

Hавiны
Спявак Дзмітрый Калдун захварэў на каронавірус
2020.07.07 21:40

Раней кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка агучыў, што Беларусь перамагла каронавірус.

«Мы гэта з вамі пераадолелі. І дай бог, каб далей паціху. Нам трэба паволі адысці ад гэтай бяды і не дапусціць паўторнай эпідэміі. Гэта для нас вельмі важна», – рэзюмаваў ён.

Hавiны
Лукашэнка пра каронавірус: «Мы з гэтай бядой справіліся»
2020.07.07 14:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў