Мінфін Беларусі папярэдзіў заходніх інвестараў пра карупцыю, расейскія рызыкі і слабы беларускі рубель


«Беларусь, якая спрабуе скараціць залежнасць ад расейскіх крэдытаў, вяртаецца на заходні пазыковы рынак», піша расейскае выданне rbc.ru. У праспекце еўрааблігацыяў (ёсць у РБК) нашая краіна папярэджвае інвестараў пра рызыкі сваёй залежнасці ад Расеі.

У праспекце Мінфін Беларусі пералічвае 15 фактараў рызыкі, якія чакаюць патэнцыйных інвестараў: карупцыя, вонкавыя шокі, няўстойлівасць беларускай валюты, складаныя адносіны з ЕЗ і ЗША, уплыў канфлікту ва Украіне на эканоміку.

На наступным тыдні Беларусь правядзе сустрэчы з інвестарамі ў Еўропе і ЗША, каб упершыню за шэсць з паловаю гадоў размясціць еўрааблігацыі, паведаміла агенцтву belta.by прэс-сакратар Мінфіна Ірына Камар.

Абʼём размяшчэння пакуль не вядомы. У канцы 2016 года прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў анансаваў выпуск еўрааблігацыяў на $ 800 млн.

Некалькі фактараў рызыкі, пра якія беларускі Мінфін вырашыў папярэдзіць інвестараў, наўпрост ці ўскосна звязаныя з Расеяй – найбуйнейшым гандлёвым партнёрам і найбуйнейшым крэдыторам Беларусі, адзначае rbc.ru.

Паводле айчыннага Мінфіну «пагаршэнне адносінаў з Расеяй можа негатыўна паўплываць на пастаўкі паліва і энергарэсурсаў у Беларусь і расейскія інвестыцыі» у Беларусь, Мінфін звяртае увагу на «ненаўпроставы адмоўны эфект» для беларускай эканомікі ад заходніх санкцыяў супраць расейскіх кампаніяў. «Санкцыі, уведзеныя супраць пэўных расейскіх асобаў і кампаніяў Злучанымі Штатамі ды ЕЗ і іншымі краінамі, могуць не дазволіць Беларусі гандляваць з некаторымі расейскімі контрагентамі, што можа аказаць істотны негатыўны ўплыў на гандаль і эканоміку Беларусі», – гаворыцца ў праспекце.

З дакументу таксама вынікае, што Менск хоча падтрымліваць добрыя адносіны адначасова і з Расеяй, і Захадам, і з Кітаем. У Беларусі «істотныя эканамічныя і палітычныя адносіны з Расеяй», але ў ацэнцы расейска-украінскага канфлікту яна (Беларусь – Заўв. Belsat.eu) заняла «нейтральную пазіцыю», цытуе расейскае выданне самыя цікавыя моманты з праспекту. У прэзентацыі для інвестараў падкрэсліваецца, што Беларусь «мэтанакіравана працуе над збліжэннем з заходнімі краінамі», «адносіны з ЕЗ паляпшаюцца», «краіна паскорыла перамовы з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй з мэтаю далучыцца да яе».

Сярод фактараў рызыкі звязаных з Расеяй у праспекце называецца «магчымасць перагляду» нафтавых і газавых пагадненняў, якія дазволілі развязаць сёлетні беларуска-расейскі энергетычны канфлікт.

Прадстаўнікі беларускага ўраду не выключаюць зрыў або затрымкі з будаўніцтвам Астаравецкай АЭС, якое фінансуе РФ, у тым ліку і ў звязку з адмоваю Літвы ды Польшчы набываць электраэнергію з БелАЭС, што прывядзе да значных выдаткаў з беларускага бюджэту.

Яшчэ адным фактарам рызыкі ў праспекце называецца моцная крэдытная залежнасць Беларусі ад Расеі. На канец 2016 года крэдыты ад Расеі і расейскіх банкаў склалі $ 6,61 млрд або 48 % дзяржаўнага доўгу Беларусі, паведамляецца ў праспекце.

ЮВ, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў