Міліцыя зноўку затрымала праціўніка акумулятарнага заводу ў Берасці


Аб сваім затрыманні Канстанцін Астапук паведаміў Белсату з Ленінскага РАУСу Берасця. Мужчына правядзе выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання.

На мінулым тыдні Канстанціна Астапука разам з блогерам Сяргеем Пятрухіным ужо затрымлівалі – пасля акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў цэнтры Берасця. Астапук сцвярджае, што падчас затрымання міліцыя яго збіла.

У РАУСе Астапука аштрафавалі на Br 73,5 3 за парушэнне ПДД: падчас затрымання праціўнік будаўніцтва заводу выйшаў на праезджую частку.

У пастарунку мужчыне стала кепска, для яго выклікалі хуткую дапамогу.

Ноч з 30-га верасня на 1-га кастрычніка ён правёў у ізалятары.

Пасля выхаду Астапук звярнуўся ў Следчы камітэт з нагоды збіцця, яго скіравалі для правядзення судовай медычнай экспертызы.

4 кастрычніка суддзя суда Ленінскага раёну Берасця Святаслаў Каліна аштрафаваў Астапука на 14 базавых за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, усе абвінавачанні былі пабудаваныя на сведчаннях міліцыянта Аляксандра Букаты.

Учора Канстанцін заявіў «Белсату», што ў нядзелю плануе прыйсці на плошчу Леніна карміць галубоў, да распавёў аб пагрозах з боку міліцэйскага кіраўніцтва за актыўнасць у падобных сходах.

Адразу пасля суду Канстанціну Астапуку ўручылі новую позву ў міліцыю на 5 кастрычніка – «за супраціў супрацоўнікам міліцыі».

Калі мужчына з’явіўся ў пятніцу ў Ленінскім РАУСе, яго затрымалі і адвезлі ў ізалятар. Імаверна суд адбудзецца ў панядзелак.

  • Са студзеня 2018 года ў Берасці праходзяць акцыі пратэсту супраць акумулятарнага заводу «iPower», які будуюць у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Мясцовыя жыхары лічаць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне. Пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі супраць будаўніцтва заводу падпісаліся амаль 40 тысячаў чалавек.

СА

Глядзі таксама
Каментары