Міліцыя затрымала Яўгена Афнагеля, нібыта за крадзеж будматэрыялаў


Каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» разам з жонкай спынілі ў Калодзішчах працаўнікі ДАІ, калі ён вёз дадому набытыя будаўнічыя матэрыялы. Афнагель лІчыць затрыманне правакацыяй з мэтай сфабрыкаваць крымінальную справу.

Яўген Афнагель (справа) на Першатравеньскай акцыі пратэсту.

Як паведамляе Радыё «Свабода», у сераду 5-га снежня Яўген Афнагель разам з жонкай Кацярынай Людвіг ездзілі на склад будаўнічай вытворчасці ў Калодзішчах, каб набыць металічныя лісты для варотаў дому, які яны будуюць.

«Мы з мужам прыехалі на склад і набылі лісты. Я была за стырном, а Яўген разлічваўся, таму дакладна ня ведаю, колькі гэта каштавала. Чэка ці нейкага дакументу на куплю ў яго, відаць, няма, але мы дакладна набылі тыя лісты за грошы. А як выязджалі, раптам з’явіліся супрацоўнікі з відэакамерамі, назваліся крымінальным вышукам і сказалі, што мы затрыманыя, бо нібыта скралі тыя лісты», – паведаміла Кацярына Людвіг.

Міліцыянты селі ў машыну да сямейнай пары і загадалі ехаць у РАУС. Цяпер Яўген Афнагель у Бараўлянскім аддзеле міліцыі. Яму ў віну ставяць крадзеж тавараў з будаўнічага рынку ў Калодзішчах. Кацярына Людвіг паведаміла, што міліцыянты прывезлі ў РАУС прадпрымальніка, у якога яны набылі тавар, каб той даў паказанні супраць Афнагеля. Грамадскі дзеяч лічыць гэта правакацыяй.

Яўген Афнагель – каардынатар «Еўрапейскай Беларусі», адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Міліцыя неаднаразова затрымлівала яго перад значнымі акцыямі пратэсту і іншымі палітычнымі мерапрыемствамі.

ЯС, belsat.eu

Стужка навінаў