«Міліцыя стане на бок народу, калі будзе 100 тысяч і больш». Ціханоўскі заклікаў да пратэсту


Сяргей Ціханоўскі, якога 20 траўня выпусцілі пасля двух тыдняў у ізалятары, правёў стрым на сваім канале ў YouTube. Мы сабралі найважнейшыя цытаты з выступу блогера.

За адну гадзіну стрыму гледачы пералічылі яму данатаў на $ 2 000. Адначасова яго глядзелі 35 тысяч чалавек.

На пачатку ён падзякаваў усім, хто яго падтрымлівае і паабяцаў дапамогу тым, каго арыштавалі або аштрафавалі за акцыі салідарнасці.

На пытанне гледачоў, ці спрабавалі яго завербаваць, Ціханоўскі адказаў:

«Не, ніхто ніколі са мной не гутарыў, ні МУС, ні КДБ ніякіх прафілактычных размоваў не праводзілі»

Ціханоўскі заявіў пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты на сваім YouTube-канале «Страна для жизни»

«У палкоўніка дрыжалі калені»

«Я глядзеў у вочы магілёўскаму АМАПу, гомельскаму АМАПу і з міліцыянтамі, з палкоўнікам Пугачовым у Магілёве, які мяне ў ІЧУ афармляў. З палкоўнікамі і падпалкоўнікамі ў Гомлі. І ў іх ва ўсіх дрыжаў голас, у Пугачова нават калені дрыжалі. Яны рэальна адчуваюць разгубленасць, разумеюць, што робяць нешта кепскае, але з іншага боку, выконваць загад – іхная праца.

Я зразумеў (і са словаў некаторых супрацоўнікаў), што, сябры, калі пратэст будзе масавым, міліцыя, і калі дыктатар выведзе войска – і войска стане на бок народу. Сто адсоткаў стане! Але гэта не дзве тысячы павінна быць, не дваццаць, сорак, сто і вышэй – у Менску і па абласных гарадах».

«Калі хтосьці мае яшчэ нейкія ілюзіі – усё, рабяты, адкіньце. Тое, што я бачу – гэта пратэст, усебеларуская забастоўка. 9 жніўня яна пачнецца, 10-га яна працягнецца, і калі ён прыменіць сілу… Нічога не бойцеся. Міліцыянты не будуць перавышаць свае службовыя абавязкі – нават мяне не білі. У іх голас дрыжаў. У маёра, які на мяне пратакол складаў, асадка ў руках трэслася»

Міліцыя спрабавала сарваць сустрэчу блогера Сяргея Ціханоўскага з падпісчыкамі. Фота – belsat.eu

«Мне выклікалі хуткую ў ізалятар»

Паводле блогера, адвакатаў адмыслова не пускалі ў ізалятар, каб ён мог падпісаць дакументы, неабходныя для рэгістрацыі ініцытыўнай групы.

«6 траўня я выехаў у бок Менску, мы планавалі там рэпетыцыю антыпараду і запіс некалькіх інтэрв’ю і ўсё-ткі мяне затрымалі.

Я думаў, гэта [было зроблена], каб нейкія мерапрыемствы нашыя перадухіліць, а насамрэч аказалася, што ўлада насамрэч такая агідная, подлая і дробязная. Затрымалі, каб я не мог падаць дакументы ў ЦВК»

З Магілёва ў гомельскі ІЧУ Ціханоўскага везлі ў мікрааўтобусе ў кайданках, а потым не дазволілі хуткай дапамозе забраць яго ў шпіталь, кажа ён.

«Падчас затрымання я аступіўся з іх дапамогай (я лічу, там ДАІшнік вінаваты) і ў мяне надзьмулася нага. Наіўныя міліцыянты выклікалі хуткую ў ІЧУ, за што, напэўна, атрымалі дысцыплінарнае пакаранне.

Прыехала хуткая дапамога, паглядзела нагу маю распухлую, зрабілі абязбольваючы ўкол і сказалі: «Мы яго забіраем у траўматалогію, трэба рабіць здымак, там пералом або расколіна». Праз пяць хвілін гэтую хуткую міліцыянты адправілі назад. Мне ніякай медычнай дапамогі не аказалі, хуткай мяне не аддалі»

Аб’ектыў
Актывістам ламаюць пальцы, хаваюць ад сваякоў, паўторна затрымліваюць у судзе
2020.05.12 23:29

«Мяне проста выкінулі ў горад»

Пра сваё вызваленне 20 траўня Ціханоўскі даведаўся раптоўна:

«Я запытаў, чаму выкідаеце на вуліцу. Міліцыянт кажа, ну, у вас скончыўся час перабывання ў нас і мы вас больш трымаць не можам. Улада незаконна зачыняе, незаконна хапае, незаконна асуджае, незаконна выпускае. Чыняць што хочуць!» – абурыўся блогер.

На пытанне гледачоў стрыму, ці далучыцца ён да закліку Міколы Статкевіча выйсці на легальны мітынг аднаго з «кандыдатаў пратэсту» 24 траўня ў Менску, ён адказаў:

«Калі Статкевіч кліча 24-га на пратэст, трэба ісці. Магчыма, і я буду»

Аб’ектыў
Канвеер (ня)волі
2020.05.19 23:00

***

  • Нагадаем, Сяргея Ціханоўскага затрымалі 6 траўня і накіравалі адбываць 15 содняў адміністратыўнага арышту за акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй 20 снежня (снежаньскія пратэсты ён асвятляў для свайго блогу).
  • Падчас адбыцця адміністратыўнага пакарання над блогерам адбыліся яшчэ два суды, на кожным з якіх ён атрымаў яшчэ па 15 содняў арышту. Агулам ён мусіў правесці за кратамі 45 дзён. Ён казаў, што мае яшчэ 7 пратаколаў.
  • 7 траўня ён абвясціў, што ідзе на прэзідэнцкія выбары, аднак ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы.
  • Жонку блогера Святлану Ціханоўскую з яе ініцыятыўнай групай 20 траўня ЦВК зарэгістраваў.
Hавiны
Замест блогера Сяргея Ціханоўскага балатавацца ў прэзідэнты будзе ягоная жонка
2020.05.15 18:24
Стужка навінаў