Канвеер (ня)волі


Геаграфія пераследу прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага ўражвае маштабамі не менш за геаграфію яго паездак ды сустрэчаў з жыхарамі рэгіёнаў краіны. Больш за паўсотні чалавек атрымалі ўжо больш за паўтысячы содняў арышту, яшчэ больш за 30 чалавек былі аштрафаваныя на агульную суму ў больш як 13 тысяч долараў. Між тым суды працягваюцца.

Нарэшце, на волі! Мама, сябры ды паплечнікі сустракалі сёння пад сценамі магілёўскага ізалятару мясцовага журналіста і праваабаронцу Алеся Буракова. Не зважаючы на адседжаныя 10 содняў арышту, Буракоў, асуджаны за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, бадзёрасці духу не страціў.

«Я ведаеце, што хачу перадаць? Вялікае прывітанне Дар’і Рублеўскай! Таму што з усіх паштовак там была гэткая самаробная, і яна напісала, што патрымала над ёю галінку бэзу, каб быў водар – і водар дайшоў!» – усміхаецца Буракоў.

Што ж да прозы жыцця, то яна, паводле Буракова, менш бадзёрая. У ізалятары, сведчыць ён, большасць сядзельцаў – каля 20 чалавек – «палітычныя». Пры гэтым усе яны пазбаўленыя магчымасці кантактаваць міжсобку.

«Рэпрэсіі пайшлі вельмі персанальныя. Таму што гэтым разам я сядзеў у «адзіночцы» шырынёю метр восемдзесят. Я сядзеў у «адзіночцы» увесь тэрмін. І я бачыў, што калегі таксама сядзяць у «адзіночках»», – заўважае Буракоў.

Не зламаўся і яшчэ адзін магілёўскі журналіст – Алесь Асіпцоў, які таксама выйшаў з ізалятару пасля 10 содняў арышту па аналагічным абвінавачанні. Увесь час у няволі наш калега трымаў галадоўку.

«Сваёй галадоўкай я рабіў гэткае пасланне ініцыятарам затрымання, тым, хто нацкоўваў іх на журналістаў, што з журналістамі абыходзіцца гэтак, як абышліся са мною, нельга!» – тлумачыць пад сценамі ізалятару толькі што вызвалены Асіпцоў.

Між тым пераслед удзельнікаў сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім ды акцыяў кармлення галубоў працягваецца. Гэтак, у Пінску штрафам 540 рублёў пакаралі Анатоля Чэшуіна. Па 810 рублёў штрафу атрымалі берасцеец Павел Кінчак і віцяблянін Алег Баразна.

«Такая вось у нас улада. І законы такія, пад якія трапляюць абсалютна ўсе. То бок быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца! 1937 год ува ўсім сваім харастве!» – паціскае плячыма Алег Баразна.

Узмацняецца ціск і на самога Ціханоўскага. Як паведаміла ягоная каманда, аўтар блогу «Страна для жизни», сёння ў судзе яму дадалі чарговыя 15 содняў арышту. За сустрэчы з сваімі падпісчыкамі агулам Ціханоўскі ўжо атрымаў 45 содняў. А маці блогера спрабавала сёння дапытацца ў працаўнікоў гомельскага ізалятару, дзе ўтрымліваюць арыштанта, чаму яе не пускаюць пабачыцца з сынам.

«Хачу пабачыць сына, хачу паразмаўляць з ім. Чаму не пускаюць? Ён ужо столькі знаходзіцца тут – і нічога нельга! Можна толькі перадачы перадаць. Хаця ж у нас няма каронавіруса! Чаму не пускаюць?» – абураецца Сафія Ціханоўская.

За кратамі Сяргей Ціханоўскі застаецца з 6 траўня.

Валера Руселік, «Белсат»