Актывістам ламаюць пальцы, хаваюць ад сваякоў, паўторна затрымліваюць у судзе


У Берасці знікаюць людзі. Маргарыта Вялічкіна з нядзелі не ведала, дзе ейны муж, Уладзімір Вялічкін: не магла перадаць яму цёплую вопратку і таблеткі. Праваабаронца знік, калі ішоў дадому пасля назірання за акцыяй пратэсту супраць акумулятарнага заводу.

«Стала званіць у Ленінскі РУУС, Маскоўскі, у ізалятар часовага ўтрымання, у следчы ізалятар – у нас няма, да нас не паступаў», – распавядае Маргарыта Вялічкіна.

Жанчына напісала заяву ў пракуратуру Берасцейскай вобласці. А мужа пабачыла толькі ў судзе, дзе праваабаронца атрымаў штраф 1350 рублёў і быў зноўку затрыманы да суда за прысутнасць на іншай акцыі пратэсту.

Заяву ў пракуратуру пра знікненне пісала і маці праваабаронцы Рамана Кісляка, які таксама знайшоўся ў судзе, дзе атрымаў і штраф, і паўторнае затрыманне.

Паўторна затрымалі і актывіста Віталя Казака, які быў у ізалятары з пятніцы. Хоць напярэдадні суддзя адпусціў яго прынесці відэаматэрыялы па адміністратыўнай справе.

«Кажу: выклічце хуткую. Страціў прытомнасць, стала кепска, упаў. Дык яны замест гэтага завалаклі мяне ў аўтазак – вось сінякі на нагах», – паказвае Віталь Казак.

Большасць праціўнікаў акумулятарнага заводу жорстка былі затрыманыя па месцы жыхарства. Юрыю Калько зламалі палец, бо ён хацеў пераапрануцца перад ізалятарам.

«Я чуў, як жонка закрычала. Потым яны мяне адпусцілі. Паварочваюся, а ў мяне палец вось так [перпендыкулярна руцэ. – Belsat.eu] тырчыць. Старшы лейтэнант міліцыі Аляксей Федарэнка падскочыў да гэтага пальца і ўправіў назад, як запраўскі лекар».

Агулам у Берасці за два дні асудзілі і паўторна затрымалі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту не менш за 11 чалавек.

У Бабруйску сёння арыштавалі 6 чалавек, затрыманых 9 траўня падчас мірнай акцыі «Антыпарад», у тым ліку тых, хто не прымаў удзелу. Дзмітрыя Вальфсона ўзялі, калі ён спрабаваў выехаць з двара на працу.

«На відэа дакладна было бачна, што ў мяне няма ніякіх парушэнняў. Суддзя, начхаўшы на гэта, дала 10 дзён арышту», – абураецца Дзмітрый Вальфсон.

Затрыманым не далі скарыстацца правам на адваката, хоць і завезлі пад канвоем у юрыдычную кансультацыю.

«Пры гэтым у людзей няма грошай, бо іх забралі, ні дакументаў, каб падпісаць гэтую дамову», – распавядае Галіна Смірнова, каардынатарка незалежнага прафсаюзу РЭП у Бабруйску.

У Магілёве аператар «Белсату» Міхась Аршынскі атрымаў да 10 дзён арышту яшчэ 11. Ён звязвае гэта выключна з якасным асвятленнем разгону акцыяў блогера Сяргея Ціханоўскага 5 і 6 траўня.

«Гэта помста ад МУС. Ім занадта балюча было, як яны аблажаліся», – кажа Аршынскі.

Няштатны карэспандэнт агенцтва БелаПАН Алесь Асіпцоў абвесціў галадоўку. Ён атрымаў 10 дзён арышту – таксама нібы за ўдзел у недазволенай акцыі, хоць і меў рэдакцыйнае заданне. Асіпцоў звязвае хвалю рэпрэсіяў з пачаткам выбарчай кампаніі:

«Вастрыня рэпрэсіяў будзе скіраваная на журналістаў і на блогераў, якія на гэты момант уяўляюць сабой актыўную групу грамадства».

Праваабаронца і журналіст «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў атрымаў 10 дзён арышту, каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў – 7.

«Мяне затрымалі за тое, што я, праходзіўшы побач з натоўпам людзей, пайшоў паздымаць яго. І мяне абвінавачваюць ва ўдзеле ў мітынгу», – кажа Бодзілеў.

Суды працягнуліся і ў Воршы, і ў Ашмянах Віцебскай вобласці.

І ёсць адносна добрыя навіны пра нашага калегу Змітра Лупача з гораду Глыбокае. Учора пасля суда ў яго здарыўся гіпертанічны крыз, але цяпер лекары кажуць, што стан Змітра стабільны.

Змітра Лупача тры дні трымалі ў камеры ізалятару без вокнаў. Калі журналіста везлі ў рэанімацыю, хуткую дапамогу на аўтамабілі канваявалі міліцыянты.

Яраслаў Сцешык Belsat.eu